Выбрать главу
Крумкач

Жыў-быў адзін крумкач, які дзёўб мае ногі. Боты і панчохі ён мне ўжо прадзёр, а цяпер дзёўб самыя ногі. Ён наносіў удары дзюбаю, потым неспакойна кружляў вакол мяне, потым працягваў сваю працу. Побач праходзіў нейкі спадар і спытаўся, чаму я не праганю крумкача.

– Я ж без зброі, – быў мой адказ. – Ён прыляцеў і пачаў дзяўбці; я, вядома ж, хацеў яго адагнаць, спрабаваў яго нават задушыць, ды гэтая жывёліна вельмі дужая, кінулася мне проста ў твар, і я палічыў за лепшае ахвяравацца нагамі. А цяпер яны ўжо амаль што разадраныя.

– Навошта сябе гэтак мучыць? – прамовіў спадар. – Адзін стрэл – і з крумкачом скончана.

– Няўжо? – спытаў я. – І вы б маглі зрабіць гэта?

– З ахвотай, – адказаў ён, – мне толькі трэба пайсці дадому і ўзяць стрэльбу. Ці не маглі б вы пачакаць яшчэ паўгадзіны?

– Гэтага я не ведаю, – сказаў я і на хвілю здранцвеў ад болю, а потым дадаў:

– Калі ласка, паспрабуйце, на ўсялякі выпадак.

– Добра, – адказаў той спадар, – я паспяшаюся.

Калі мы размаўлялі, крумкач спакойна прыслухоўваўся, пераводзячы свой позірк то на мяне, то на таго спадара. Цяпер я зразумеў, што ён пра ўсё здагадаўся: узляцеў высока ў паветра, выгнуўся назад, каб узяць добры разгон, і, нібы кідальнік кап’я, уткнуў дзюбу глыбока ў мяне, праз мой рот. Падаючы, я з палёгкай адчуў, як ён захлынуўся ў маёй крыві, што запоўніла ўсе глыбіні і пералівалася цераз усе берагі.

Ваўчок

Адзін філосаф заўсёды швэндаўся там, дзе бавіліся дзеці. І калі аднаго разу ён убачыў хлопчыка з ваўчком, дык адразу ж затаіўся. Як толькі ваўчок пачынаў круціцца, філосаф кідаўся за ім, спрабуючы злавіць. Тое, што дзеці галёкалі, імкнучыся адвярнуць ягоную ўвагу, яго не турбавала; а калі ўдавалася схапіць ваўчок, што круціўся, філосаф рабіўся шчаслівы, але толькі на нейкую хвілю; потым ён шпурляў ваўчок на зямлю і сыходзіў. Бо ён верыў, што, спазнаючы кожную драбніцу – прыкладам, ваўчок, які круціцца, – ён у дастатковай меры спазнае агульныя законы. Таму ён не займаўся вялікімі праблемамі: гэта ён лічыў лішнім. Калі па-сапраўднаму спазнавалася найдрабнейшая драбніца, значыць, паводле яго, спазнавалася ўсё – таму ён займаўся толькі ваўчком, які круціцца. І заўсёды, калі збіраліся запусціць ваўчок, філосаф меў надзею, што цяпер ён дасягне свайго; а калі ваўчок круціўся, а ён, задыхаўшыся, лётаў за ім, гэтая надзея рабілася ўпэўненасцю; але калі ён пасля трымаў у руках гэты кавалак дрэва, яму рабілася нядобра, і дзіцячы крык, якога ён перад тым не чуў і які цяпер нечакана гучаў ў яго вушах, праганяў яго прэч; ён ківаўся туды-сюды, нібы ваўчок, які гоняць нязграбнымі ўдарамі бізуна.

Размова з багамольцам

Быў час, калі я штодня хадзіў у царкву, бо дзяўчына, у якую я закахаўся, кожны вечар па паўгадзіны малілася там, і я тады спакойна мог разглядаць яе.

Калі аднаго разу дзяўчына не прыйшла і я без усялякае ахвоты пазіраў на тых, што маліліся, на вочы мне раптам трапіўся малады чалавек, які сваім хударлявым целам усё прыціскаўся да падлогі. Раз-пораз ён намаганнямі ўсяго цела ўскідваў галаву і, глыбока ўздыхаючы, утыкаўся ёю ў далоні, пакладзеныя на голыя камяні.

У царкве сям-там яшчэ стаялі старыя жанчыны; яны почасту паварочвалі свае захутаныя ў хусткі галовы, каб паглядзець на чалавека, які маліўся. Здавалася, багамолец быў рады з гэтае ўвагі, бо, перш чым дэманстраваць ужо каторы раз сваю набожнасць, ён увесь час падымаў вочы, каб спраўдзіць, ці яшчэ на яго глядзяць. Я падумаў, што гэтак рабіць непрыстойна, і вырашыў па імшы спыніць хлопца каля выхаду і спытацца, навошта ён так робіць. Вядома, я быў не ў гуморы, бо мая дзяўчына не прыйшла.