Выбрать главу

Шмат было маленькіх крамак з рознастайным асартыментам тавараў: цукар, газа, цвікі, табака.

У завулках жылі пекары. Бабка мяне часта пасылала па абаранкі ці куханы “з пылу з жару”. У печы з аднаго боку гарыць агонь, з другога - чыгун з варам. Гатовыя абаранкі на доўгай вузкай дошцы - бух у чыгун з вадою. Нейкія яшчэ магічныя рухі, і ў мяне ў руках гатовая прадукцыя. А ў хаце - верхал, падлога брудная, пасцель раскідана, смаркатыя дзеці чапляюцца за матчын прыпол. Якая там санітарыя! Абаранкі звычайныя і на “яйках”, куханы - круглыя, пляскатыя, пасыпаны цыбуляй і макам. Можна было іх набыць у разносчыцы Хасі, якая з вялікім кашом абыходзіла сваю “парафію”. Выгляд яе неахайны: брудная паркалёвая ў шырокіх фалдах спадніца з абрынданым прыполам і фартухам, невыразнага колеру хустка пакрывала нячэсаныя валасы. Маткі саромелі сваіх дзяўчат: “Прыбярэцеся, ходзіце як Хася”.

Паразоўцы... Гэта не проста мяшчане або сяляне. Яны лічылі сябе блізка што за паноў, бо ўсіх вясковых называлі мужыкамі, хамуламі. Насельніцтва не было пад прыгонам. Вось і заганарыліся нашчадкі, нават, матка казала, хадакі ездзілі ў Пецярбург здабываць нейкія свае правы, але варочаліся з парожнімі кішэнямі.

Апроч гонару, нічым не адрозніваліся ад іншых. Мелі вузкія палоскі малаўрадлівай зямлі, падраблялі ганчарствам. Маладыя ехалі ў свет шукаць работы. Колькі ў Амерыку паехала! Бедавалі там, рэдка каму ўдалося стаць на ногі. Аднаго такога я памятаю. Антось Паплаўскі. Ён ажаніўся з “амерыканкаю”, набыў дом, прыязджалі яны з жонкай ў мястэчка і нават матку заахвочвалі ехаць у Амерыку. Яна так добра шыла і вышывала, а ў індустрыяльнай краіне такія работы дорага каштуюць, але матка, хаця і не мела ніякіх перспектыў на бацькаўшчыне, не паквапілася на амерыканскія даброты.

Каб паглядзець, як працуюць ганчары, не трэба было далёка хадзіць, толькі перайсці дарогу. Дзядзька ў зрэбных нагавіцах і кашулі, завязанай жычкай каля каўняра, падкасаўшы рукавы, мясіў гліну як цеста. Вельмі ўважліва прыглядаўся і выбіраў самыя дробныя каменьчыкі. Кавал гліны для гаршка ці збанка клаў на дзеравянны кружок, які жалезным прутком злучаўся з другім, большым, і пачынаў гэты апошні круціць нагамі, а рукамі, намачыўшы, прыдаваў гліне патрэбную форму.

Дзе-небудзь на агародзе, далёка ад будынкаў, у выкапанай глыбокай і шырокай яме рабілася печ для апальвання гаршкоў. Калі яны вымаліся з печы, надаваўся ім глянец краменнымі круглячкамі. Добрыя гаршкі, збаны, гладышы і глечыкі выраблялі паразоўцы. Яны вазілі іх на продаж у Ваўкавыск і іншыя мястэчкі.

Няньчыла мяне бабуля. Але з ёю не так было цікава, як з суседкаю Альжбэтаю. Я называла яе Зена. Прыйдзе, бывала, пагоцае мяне, сілком напоіць малаком, - яго я не любіла, а прасіла бульбы і селядца. Калі вынікала патрэба, пашэпча ад злога вока, або ад перапалаху, прычым не абходзілася бяз нейкіх магічных знакаў (усё гэта ўпотай ад маткі). Раскажа і пра сароку-варону, што кашку варыла і дзяцей карміла, а дармаеду не дала, пра ката-варката, пра гусей, што ляцелі з далёкага краю і селі на варотах у чырвоных ботах, пра буслоў, якія глытаюць гадаў на балотах, а часам наведваюць капусьнікі і знаходзяць там малых. Вунь і Агаце падкінулі яны малога. Чаго яна толькі не ведае! Усе местачковыя навіны. Перакінуцца часам з бабаю словам і пра бацькоў: тое ў іх не так, гэта трэба рабіць інакш. (Жылі яны ў той час не разам, а ў другім канцы мястэчка). А бацькі вырашылі, што ўжо ім пара ўзяцца за выхаванне дачкі. Відаць пытанне было далікатнае, бо ў якасці паўнамоцнага пасла накіравалі вельмі паважанага чалавека, акцызнага супрацоўніка, добрага знаёмага. (Бацька ў той час працаваў у манапольцы “сядзельцам”). Я апынулася на руках у дзядзькі і што моцы загаласіла. Ён нёс мяне праз мястэчка. Я выкручвалася і крычала: “Да бабы! Да бабы!” Так было цёпленька і ўтульна ў бабіным запечку, на мяккай пярынцы! Не скора мяне адпусцілі да бабы. Неўзабаве мы пераехалі ў сяло. Прывозіць да бабулі мяне пачалі, калі я падрасла. Гэта бывала ўлетку. У бабы быў сад, у суседзяў - шмат дзяцей.

Калі я перайшла ў 3 клас гімназіі, бацька пераехаў зноў у мястэчка на пасаду валаснога пісара.

Бабка мая мела цвёрды, уладны характар. Лічылі яе разумнай кабетай, і за парадамі да яе прыходзілі местачкоўцы, асабліва калі справы былі грамадскія. Яна любіла пагаварыць і пачаставаць. “Мае вы міленькія”, - звычайна пачынала яна гаворку. Матка скардзілася на яе характар, і адносіны іх не заўсёды былі добрыя. Затое мой бацька ўмеў да яе падыйсці часам з жартам, часам з чаркай, а яна любіла яго, як роднага сына.