Выбрать главу

Яна родам была не з мястэчка, а дзед быў местачковы. Сваякі жылі побач, і старэнькага дзядулю ў белай зрэбнай вопратцы і яго бабулю з тоўстай шыяй (у яе была базедава хвароба) мне наказвалі называць дзедам і бабай і ў руку цалаваць. Яны мелі шнур неўрадлівай зямлі, падраблялі продажам мелу ў кірмашовыя дні (у ваколіцах мястэчка яго многа, як і гліны, харошага гатунку). Як сталася, што дзед мой атрымаў асвету ў Свіслацкай гімназіі, як казала матка, не ведаю. Працаваў ён у пушчы ў канцылярыі лясніцтва і кожную суботу прыходзіў дадому, а ў панядзелак ішоў на работу. Бабуля мне паказвала яго фатаграфію ў групе леснікоў і працаўнікоў лясніцтва.

Дзед пабудаваў дом па свайму плану, ён адрозніваўся ад суседніх хат. Ад вуліцы было два невялікіх пакойчыкі - адзін большы, другі меньшы, за імі маленькая кухня з пліткаю. У гэтых пакоях жыў некалі доктар, калі мястэчка разжылося на яго. З сяней налева кухня з бакоўкаю, дзе стаяў бабін ложак і камода. Шмат месца займала печ, дзе сушылася жыта і можна было добра пагрэцца. Акенца ў садок. З кухні дзверы ў два пакойчыкі з асобным выхадам на двор. Некалі жылі тут бацькі, і тут я нарадзілася. За маёй памяццю дзверы з кухні застаўляліся, а ў пакоях жыла яўрэйская сям’я.

Дзед пасадзіў сад, які быў невялічкі, але каштоўны. Рэдкія прышчэпы дзед даставаў, дзе толькі яму ўдавалася: у аматараў, у маёнтках, выпісваў аднекуль. Шмат папрацавалі дзеці, пакуль ён падгадаваўся, трэба было паліваць, угнойваць. Надта харошыя былі грушы: жоўценькія аўсянкі, сакавітыя зялёныя тапалёўкі, ружовабокія банкрэты, смалянкі з пахам хвоі, вялікія, але нязграбныя бабы і яшчэ нейкія зімовыя - малыя, пакрытыя рудаватай лускою. Іх здымалі з дрэва, калі пачыналіся халады. Ляжалі яны доўга дзе-небудзь у склепе і рабіліся як масла, таялі ў роце.

Былі і яблыні: нейкія ружовыя, дробныя кітайкі і празрысты наліў. Раслі вішні, слівы рэнклод.

Калі сад у квецені, здаецца, не выйшаў бы адтуль. Вось зацвітае сліва, затым вішня, у розны час грушы, яблыні. Які пах! А музыка! Прыслухайся! Працавіта гудуць пчолы, бзыкае асва, цяжкі камячок - чмель - у чорна-жоўтым кажушку басавіта падае голас. Вось у такой млечнай белі стаяў сад, калі памёр мой бацька. Я зайшла ў квітнеючы сад і, прытуліўшыся да яблыні, вылівала сваё гора. Адламала пахучую галінку і палажыла ў труну, як апошняе прывітанне вясны. Ён так любіў кветкі!

1910 год. Хавалі бацьку ў “правадную” нядзелю (праз тыдзень пасля вялікадня). Людзей было шмат за гробам. Шкадавалі мяне - сіраціну.

Перад бабінай хатаю ад вуліцы рос каштан, магутны, разгалісты. Ён схіляў сваё вецце над дахам, а верхавіна яго купалася ў блакіце неба.

Хто яго пасадіў? Дзед? А можа дзедаў дзед? Зялёныя круглячкі з іголачкамі (ну, нібы ў вожыка, толькі мяккія) падалі на зямлю, раскрываліся і адтуль выглядалі, як памазаныя лакам, карычневыя з белай лысінай каштаны. Так добра было з імі гуляць! Дзятва падбірала іх на вуліцы. Але часам здараліся налёты ўрвісаў- разбуральнікаў. Яны з нейкай дзікай асалодай шпурлялі ў дрэва каменні, калы. Лісты і галіны ўкрывалі зямлю. Я не магла сцярпець такой знявагі. Падхапіўшы які-небудзь дубец, бегла бараніць дрэва. І пачыналася слоўная перапалка.

- Абармоты, гіцлі, нашто псуеце дрэва? Вось скажу бабулі...

Бабулі вельмі баяліся, яна ім можа даць дыхту.

Хлопцы адбягалі, дражніліся, высалаплівалі языкі. Хто-небудзь з дарослых адганяў іх. А яны крычалі:

- Юлька-кулька! Юлька-кулька!

Праз 55 гадоў (у 1968 г.) зноў я сустрэлася з роднай мясцінай. Не на “балаголе” ехала з Ваўкавыска, а на аўтобусе. Еду па Гарнастаевіцкай вуліцы і шукаю “Горкі” і любага каштана, пра якога не раз сніла. Зеляніны ўсюды шмат. Прысады і сады, але каштана няма, і “горка” паменшала. У вайну гэта частка мястэчка выгарэла, і бабінага дома няма. Пабудова на месцы яго новая, казалі, што Севашэвіча нашчадкі. З ім мелі справу бацькі, ён у бабы жыў. На “горцы” пажарнікі ўсталяваліся.

Уваход у хату быў збоку, не з вуліцы. Насупраць стаяў свіранак, дзе хаваліся розныя прыпасы. Там стаялі маглі, на якіх качалі памытую бялізну. Я больш нідзе не бачыла такога “збудавання”, і хочацца яго апісаць. Гэта доўгі, гладкі стол;

на двух канцах яго ляжалі на шырыню стала валкі (качалкі), на якія закручвалі бялізну, а зверху скрыня з цяжкімі каменнямі. Станавіліся двое на абодвых канцах стала і соўвалі гэту скрынку ўзад і ўперад. Бялізна, асабліва кужэльная, рабілася вельмі гладкай, лепш, ніж прасаваная.