Выбрать главу

Яна мне расказвала, што ў сям’і местачковага аптэкара яна была як свая ў юнацкія гады, яе навучылі разбірацца ў лацінскіх назвах розных лекаў. Яна вельмі хацела вучыцца, але ў тыя часы гэта было немагчыма.

Свежасць успрымання і мастацкі густ яна захавала да глыбокай старасці. Калі яна пахваліць якую-небудзь кнігу, можаш не сумнявацца, што кніжка вартая ўвагі.

Была яна майстрам на ўсе рукі: і шыць, і вышываць, і зварыць, нават і нарысаваць. Ніколі не сядзела без работы, усё нешта перашывае, перакройвае. І ўжо калі зробіць, то ёсць на што паглядзець: і акуратна, і прыгожа, а па швах не распорацца, пакуль не парвецца. Бывалі ў нас вельмі цяжкія хвіліны, але яна ніколі не траціла галавы. Вялікая сіла духу была ў маёй матулі. Я ўдзячна ёй за тое, што з ранніх гадоў навучыла мяне не баяцца ніякай работы. Яе прымаўка “Дай, божа, усё ўмець і не ўсё рабіць” запала мне ў душу.

Матка вяла барацьбу з маім, як яна называла, “д’ябальскім упорам”. Сапраўды, я была вельмі ўпартай, але часам гэта была не бяздумная дзіцячая ўпартасць, а настойлівасць. Адносіны палепшыліся, калі матка пачала адрозніваць неразумную ўпартасць ад настойлівасці. Усім маткам хочацца, каб дзеці былі падобны да створаных іх выабражэннем ідэалаў. Са мною было цяжкавата, у мяне былі свае меркаванні.

У характары маім была яшчэ рыса, якая таксама выклікала канфлікты (гутарка будзе не аб раннім дзіцячым узросце). Калі я лічыла, што рабіць што-небудзь нерацыянальна ці негігіенічна або, паводле маіх меркаванняў, непрыгожа, то ніякія спасылкі на моду, на тое, што ўсе так робяць, мяне не стрымлівалі. Хацелася рабіць наадварот. У старэйшых класах на ўроках ручных работ нас навучалі зашываць пласцінкі для гарсэтаў. Тады была мода на тонкія таліі, усе настаўніцы хадзілі з перацянутымі таліямі, вучаніцы таксама пачалі браць з іх прыклад. Я абвясціла барацьбу гарсэтам і не насіла. Казала, што ў Эладзе не знявечвалі сваё цела, а якія там былі прыгажуні. Французскае “pour etre belle, il faut souffrir” - не для мяне.

Я лічыла, што нагу не трэба сціскаць і насіла абутак большы, чым трэба. На жаль, гэта справіла мне немалы клопат: нага слізгалася, і ў мяне ўтварыліся мазалі.

Бацьку я дужа любіла, і смерць яго я вельмі балюча і многа гадоў перажывала. Сярэдняга росту, цёмныя валасы вожыкам, заўсёды ён іх часаў шчоткаю. Блакітныя вочы, якія лагодна свяціліся з пад насупленых чорных броваў, папярэчная зморшчка сцягвала іх. Гарманічныя рысы твару, мяккія вусы. Бацька быў прыгожы, і дзяўчаты заглядаліся на яго. Адкуль такое спалучэнне цёмных валасоў і светлых вачэй? Мне цікава даведацца, але дзеда толькі раз бачыла і не памятаю яго выгляду. Ён быў прыгонным у нейкага пана, меў многа сыноў, якія памерлі ад сухот (словы маткі), як і мой бацька. Быў ён добры, вясёлы, жаданы госць на сямейных сялянскіх урачыстасцях - вяселлі, хрысцінах. І патанцуе, і пажартуе, і насмяшыць, і вып’е. Паважалі яго сяляне. Калі яго хавалі, а гэта прыпала на нядзелю пасля Вялікадня, уся “воласць” яго праводзіла на могілкі і шкадавала.

Святы! Колькі іх было! І рэлігійных і “царскіх” дзён! “Царскія” - гэта дні нараджэння, імянін цароў і царат. Я падлічыла па старому календару, колькі было свят ў годзе. Апроч нядзель, - 36 рэлігійных і “табельных” царскіх, а ўсяго 36 + 52! Праўда “табельныя” - гэта толькі “неприсутственные”.

У памяці захаваліся Каляды і Вялікдзень. На Каляды, 24 снежня, зрання ў хаце поўна было чаду - гэта смажыліся на алеі для традыцыйнай вячэры “ушкі” з грыбамі, загорнутымі ў цеста. Гатавалася шмат усякіх посных страў: сечаны селядзец з бульбаю і цыбуляю, рыба, квасок з грыбоў, кісель журавінны і аўсяны, кампот, лазанкі з цеста, куцця з панцаку. Для лазанкі і куцці трэба было церці мак у макотры, адцадзіць малако, а гушчу насыціць мёдам і перамяшаць з лазанкамі і куццёй. Вячэра-куцця пачыналася, калі на захадзе зьяўлялася яркая зорачка. Пад настольнік падсцілалася сена. Як гэта было цікава! Ніякіх псалмаў не спявалі, не чыталі евангелля. На куццю запрашаліся адзінокія асобы, каб яны ў сямейнай абстаноўцы правялі гэты вечар.

На Каляды да Шчодрыка хадзілі калядоўшчыкі. Насілі на палцы вялікую звязду, абклееную папераю, у сярэдзіне гарэла свечка. Пакручваючы звязду, спявалі нейкую царкоўную песню, а пасля пачыналася самадзейнасць: танцаваў мядзведзь у вывер­нутым кажуху, скакала каза, журавель, нейкія пачвары, спяваліся прыпеўкі. Пажадаўшы гаспадарам шчасця і атрымаўшы “дары”, калядоўшчыкі ішлі да іншых хат.