Выбрать главу

Мне давялося бачыць батлейку, толькі ці было гэта на Каляды, ці ў іншыя дні - не помню. Батлейшчык паказаў яслі з народжаным Хрыстом, разыграў некалькі інтэрмедый. Не помню таксама ці паказваў “Цара Максімільяна”, яго я бачыла ў выкананні хлопцаў з вёскі, якія з жарам дэклямавалі і махалі “шабляю” (гэта было на Бабруйшчыне).

Дзяўчаты варажылі і лілі воск, волава, палілі паперу, пад вокнамі слухалі, трывожылі соннага пеўня.

Дзяды-сіноптыкі па вядомых ім прыкметах судзілі аб ураджаі. Іней касматы - будзе ўраджай. Зоры на небе таксама аб нечым варожаць. Увосень адзначаліся “дзяды”, але я пра іх ведаю толькі па апавяданнях. “Не заўсяды, як на дзяды” - не раз чула такую прымаўку.

Вялікдзень - свята вясны. Гэта самае “смашнае” свята. Чаго толькі не навыпякаюць рупныя гаспадыні, калі ёсць з чаго. У местачковай інтэлігенцыі ставяць пры сцяне стол, засланы доўгім настольнікам. Мазуркі розных сартоў - мачоныя, цыганскія, каралеўскія і г.д., бабы, лёгкія, як ветрык, торт, прыгожа ўбраны, баумкухен - высокі, як пень з шышкамі; шынка, парася... Стол уквечаны зелянінай, вазонамі. І званы, званы ўсе дні, аж паветра гудзіць...

Ад мястэчка да горада Ваўкавыска лічылася 22 вярсты, цяжка сказаць з гакам ці без гака. Хто яго мерыў? Дарога цяжкая - пясок. Найскарэй можна было даехаць з поштаю; вазок лёгкі, конь, хоць не рысак, але няблага цягне. У халодную пару для паслуг быў балагола з будою ці без буды - як часам, тут не так акалееш, як з поштаю. О, балагола! З мястэчка едзе з пасажырамі і з парожнімі бочкамі, якія падаюць аб сабе голас у дарозе, назад - з пасажырамі і паклажаю: газа, алей, селядцы, соль; бочкі голас трацяць, затое паклажа месца просіць. З мястэчка выязджаем або позна ўвечары, або золкам, з горада - пад вечар, калі ўсе даручэнні і гешэфты закончаны. Конік цягне паволі, пагойдваешся, як у калысцы, дрэмлеш. Звесіў галаву і Янкель. Конь адчуў, што гаспадар страціў да яго цікавасць, стаў і ўздыхае. Нарэшце Янкель прачнуўся, падняў пугу. “Фор, фор! Каб цябе ваўкі! - Уй, што гэта за конь? Не конь, а зараза!” Гэта зараза шмат разоў за дарогу прыпыняецца, і “фор” яе не палохае.

Яшчэ адзін адменны від транспарту. Прывёз дзядзька воз гаршкоў на кірмаш, варочаецца паражняком. Матка папрасіла забраць мяне. Да вакацый яшчэ дні два- тры засталося. Што рабіць? Бягу да дырэктара прасіць. Ён строгі, яго ўсе баяліся. Ці адпусціць? Ура! Дадому! Доўгія драбіны поўны саломы, мякка, утульна, дзядзь­ка яшчэ клапатліва гунькаю прыкрые, ведае, што не міне яго добры пачастунак.

Па бязмежнаму полю плыве камбайн, побач з ім машына, за ім астаецца зжатае поле і вымалачаная салома. Колькі дзён патрэбна было б жняі з сярпом, каб зжаць палетак, што адолеў камбайн за адзін дзень?

У маіх дзіцячых успамінах устаюць палі з жанцамі на вузкіх загонах. Белыя і пярэстыя хустачкі, завязаныя канцамі ззаду, ныраюць у жытнім моры. Серп - жах! Жах! Поўная жменя каласоў, спрытна падхопленая сярпом, зграбны рух жняі - і вось яны ўжо кладуцца на ржышча, па іх - іншыя жмені. Застаецца толькі скручаным перавяслам звязаць - і будзе сноп.

Цяжкая работа - жніво! Ад рання да змроку пагнуць спіну! Спёка. А пад снапамі ў слабым цяньку кугікаюць малыя. Машыны-жняяркі былі толькі ў маёнтках, на шырокім полі: там яны маглі разгарнуцца. Як крыламі махаюць яны граблямі, пара коней ідзе павольным крокам. Чарада жанчын скручвае перавяслы і вяжа снапы. А далей ужо носяць снапы і ставяць іх у “мэндлікі”, у “бабкі” і накрываюць зверху снапом каласамі ўніз.

У нас не было зямлі, бацька ўжо выйшаў у “паны” і жыў на заробак. Але мяне цягнула да сельскагаспадарчых работ, хацелася навучыцца ўсё рабіць - у гародзе, у полі. Вось толькі да жывёлы ніяк не цягнула. Бабка заўсёды казала: “Дай, божа, усё ўмець і не ўсё рабіць”. Я з ахвотаю корпалася ў бабіным капусніку ці ў нашым гародчыку, садзіла кветкі. Бегала ў жніво да суседак і памагала ім жаць. Яны мяне вучылі, як серп трымаць, як асцерагацца, каб не парэзаць пальцаў. І не ўсцераглася: парэзала мізінчык, нават і дагэтуль знак застаўся. Забегалі жанкі, прынеслі бутэльку з “бальзамам” (гэта пупышкі бальзамічнай таполі, духмяныя, клейкія, настоеныя на гарэлцы).

Не ведаю на чыёй зямлі і на якіх умовах пасеяна была палоска жыта для нас, каб з хлебам былі (бацька ўжо памёр). Я матцы сказала, што сажну жыта з Гандзяй, дзяўчынай, трохі старэйшай за мяне, нейкай нават сваячкай і блізкай суседкай. Усталі мы спазаранку, узялі з сабой полудзень і пайшлі на поле. За працу ўзяліся шчыра, жалі навыперадкі. Рабілася горача, сонца падымалася вышэй і вышэй, і пачало добра прыпекаць. На небе ні аблачынкі, ні ветрыка. Залатая, высокая сцяна жыта стаіць нерухома, цяжкія каласы згінаюць сцяблы. Рухі нашы робяцца ўсё павальнейшымі, часцей бегаем да збанкоў з пітвом. Нагінаешся - і няма чым дыхаць. Не заўважылі, як з-за лесу насунулася хмара, загуркатаў гром. Так вось чаму так парыла! Пот капаў з кожнага валаска на зямлю, за каўнер. Страшнавата стала, але куды дзенешся? Дамоў не пабяжыш. Паставілі бабку снапоў, ушыліліся і перачакалі навальніцу. Людзей паблізу не было. Назаўтра я ледзь паднялася - так балела спіна, і рукі былі нібы чужыя, але ісці трэба, нельга адступіцца. Цяжка было жаць, аднак неяк уцягнулася, і праз некалькі дзён мы скончылі жніво. Я вельмі ганарылася сваёй работай.