Самая прыемная работа на сенажаці. Сена мурожнае такое духмянае! Па макраватаму лугу добра ступаць у ліпавых лапцях.
Сшытак 6
Свянціца
- Пісаць?
- Пісаць!
Не таму, што мая асоба так цікава, так вызначаецца сярод іншых якімі-небудзь якасцямі і заслугоўвае асаблівай увагі. Не. Гэта пясчынка ў людскім моры. Праўда, калі прыглядзецца, то і пясчынкі адрозніваюцца чым-небудзь адна ад другой, але вецер іх гоніць у пажаданым для яго напрамку, не разбіраючы, і раскідае ў розныя бакі.
А ветры нашай эпохі буйныя, уладарныя. А пясчынкі падымаліся з розных глыбінь. А шляхі, па якіх кідала іх, завілыя, і лёс кожнай адменны. Шмат усялякіх уплываў у спалучэнні з асаблівасцямі характару кіравала гэтым лёсам.
Колькі мне гадоў было, калі бацька атрымаў пасаду валаснога пісара ў сяле Свянціца? Думаю, не больш трох-чатырох.Я добра памятаю, як мы ехалі праз лес. Усё мне было цікава. Мяне пасадзілі ў нагах, укрылі, а была ранняя вясна. Як цікава ехаць лесам!
Калі пад’язджалі да месца, сцямнела. Бацька мне паказаў на агеньчыкі. Іх было многа ў адным месцы. Пад’ехалі. Нас спаткаў круглатвары барадаты дзядзька і ветліва правёў у кватэру. А агеньчыкі, якія мяне здалёк зацікавілі, былі тоненькія свечкі, устаўленыя ў бульбіны на кожнай шыбе вокнаў. Такой ілюмінацыяй спаткаў старшыня свайго новага пісара.
Жылі мы тут гадоў 7 - 8. Калі я падрасла, мяне ўлетку прывозілі да бабулі ў мястэчка, дзе было шмат таварышаў для маіх гульняў.
Сяло Малая Свянціца. Толькі назва, што сяло. На ўзгорку там стаяла “воласць”, ніжэй, насупраць, была школа, дом дзяка, далей царква і дом папа з садам. Дарога выходзіць на шлях да горада, упрыгожаны высокімі стромкімі, як свечкі, таполямі. За рэчкай на ўзгорку - маёнтак пана Міянчынскага з броварам і крыклівымі павамі, якія, распусціўшы хвасты, поўзалі па дзірвановым узгорку. Рэчка з сажалкаю перагароджвалася панскім млыном. Гаварылі, што ў гэтым млыне не толькі малолі муку, але ў вялікіх кашах мачылі лубін на корм скаціне.
Берагі рэчкі з алешнікам, чарэмхаю. Вясною салаўіныя канцэрты. Шуміць вада ў млыне, жабы імкнуцца перакрычаць салаўёў. На змярканні сядзеш на ганачку і слухаеш гэту дзівосную музыку. Колькі разоў у снах я бачыла гэты малюнак і перажывала ўражанні далёкага дзяцінства. Вось і цяпер ён паўстае перада мною, хаця мне і не давялося больш наведаць гэтыя мясціны. І калі я бачу зграбных і спрытных ластавак, я ўспамінаю, як дзіцем любіла сачыць за імі, наглядаць, як яны ляпілі свае гнёзды пад дахам будынка “воласці”. Ніхто іх не чапаў, не разбурваў гнёздаў. Плачу было б нямала!
А таполі, таполі паабапал дарогі! Іх добра было відаць з высокага ганку. Бацька таксама пасадзіў некалькі каля будынку. Ён любіў расліны, кветкі. У хаце было шмат розных вазонаў, сам іх перасаджваў, даглядаў. Бывала, прыедзе аднекуль і вацягвае з кішэні галінку якой-небудзь цікавай расліны. Матка казала, што варта бацьку ўтыкнуць венік у зямлю, і ён зацвіце.
Мне ўспамінаецца вельмі прыгожае апельсінавае дрэўца з шырокімі пахучымі лістамі. Я спала на канапе, а галінкі з яго звешваліся над маёй галавой. Хто ні бачыў, казаў, каб прышчапіць яго. Прыгажосць дрэўца ацаніў бацькаў начальнік, які з жонкаю некуды ехаў і па дарозе затрымаўся ў нас. Яны так ахалі і охалі, што нічога больш не заставалася, як адвесці гэту прыгажуню да іх у Ваўкавыск. Колькі я не гадавала апельсінаў, але такога прыгожага дрэўца не ўдалося выгадаваць.
Другі канец дарогі, што падзяляла “воласць” ад школы, віўся каля лесу з могілкамі. За лесам былі вёскі. У аднэй з іх жыў вельмі набожны селянін, які надумаўся паехаць у Ерусалім пакланіцца “святым” мясцінам. Вярнуўшыся, ён шмат апавядаў аб зведаных краінах, аб моры, прывёз адтуль розныя памяткі: лісты пальмы, кускі нейкага пахучага дрэва, крыжыкі, апельсіны. Мне падарыў дзівосныя пацеркі, якія нагадвалі бабін “ружанец”, з якім яна хадзіла да касцёла і шаптала пацеры. Пацеркі перламутравыя, злучаліся паміж сабою дроцікам, дзевяць белых аднолькавых і адна вялікая бэзавага колеру, як аметыст, на канцы крыжык з кутасікам. Казаў, што пакроплены іарданскай вадой на “труне гасподней”. З гэтага “ружанца” маці зрабіла нізку пацерак, якія і цяпер у мяне захоўваюцца, а пра “святасць” іх не ўспамінала. З гутарак дарослых я даведалася, што гэты набожны пілігрым страціў шмат сваёй святасці, ён наглядзеўся там такога, што не толькі адбіла ахвоту да такіх падарожжаў, але і значна пахіснула яго сляпую веру.