Выбрать главу

Грамадка дзяцей, і я ў тым ліку, хадзілі да гэтага чалавека, каб паглядзець на дзівы, што ён прывёз. Мяне вельмі ўразілі вялікія лісты пальмы, яны стаялі ў куце пад абразамі і скупа асвятляліся лампадкаю. Калі пасля ў школе я вывучала “Ветку Палестины” Лермантава, перада мной паўставаў гэты малюнак:

У вод ли чистых Иордана

Востока луч тебя ласкал?

Ночной ли ветр в горах Ливана

Тебя сердито колыхал?

За працу пісара бацька атрымліваў вельмі мала грошай, затое, паводле ўмовы, увосень давалі яму натурай - ссыпку: пэўную колькасць гарнцаў жыта, а чаго яшчэ - не памятаю. Гэта дазваляла трымаць жывёлу. Быў свой агарод. Калі вынікала патрэба справіць якую адзежу, трэба было добра памеркаваць, каб не вылузацца з бюджэту. Дапамагаў адкормлены паршук, які ехаў у горад.

Матка была добрай ашчаднай гаспадыняй, умела і спячы, і зварыць, і пашыць. Усе мае строі былі работай яе рук. Адзін час захаплялася ткацтвам. Зімовы касцюм бацькі (ткала не матка) выклікаў зайздросныя позіркі ў горадзе. Сукно вазілі “фаляваць” да немца, здаецца, у Нязбо(у?)тку. Была ў яе цэлая скрынка зрэзкаў розных тканін мясцовых ткачых. Хораша ткалі на Гродзеншчыне! Кросны ў нас стаялі ў кухні. Калі ткаліся палавікі, дазвалялася і мне пастукаць бёрдам, трэба было толькі так сесці, каб даставаць “понажы”. Мне былі знаёмы такія тэрміны як: нічальніцы, цэўка, губка, ніты...

Калі мае ручаняты здолелі трымаць іголку, я пачала вышываць шнурочкам. Як дапамагло мне ў цяжкія хвіліны майго жыцця ўменне вышываць!

У мяне захавалася паштоўка “Валасны суд” М. Зошчанка (з Траццякоўскай галярэі). Пісар сядзіць і піша, вусы бацькавы. Барадачы-суддзі на лаве. Толькі я бачу сваю маленькую фігурку ў куточку, а на паштоўцы яе няма. Як было цікава слухаць розныя гісторыі і наглядаць за “варожымі бакамі”. Асабліва калі хацелі іх пагадзіць. Адзін барадач штурхае аднаго, другі другога, яны ўпіраюцца. “Ну, памірэцеся! Чаго не здараецца ў жыцці? Вы ж добрыя суседзі!” І бывае, яны прыходзяць да згоды. Вось тады за бутэлькай манаполькі цікава абмяркоўваюцца падзеі ўсімі ўдзельнікамі.

А сходы ў “зборнай”! Кажухі, кажушкі, світы, лапці, бароды, чупрыны кудлатыя, лысіны. Крык, гоман. Не разабрацца, што да чаго. І аднак нейкая нітка знаходзіцца, якая звязвае ўсіх.

Пошта прыехала! Бяжым ў канцылярыю. Надта цікава перад святамі - Новым годам, Вялікаднем. Паштоўкі з анёламі, з дзедам-марозам, з каляровымі яйкамі, птушкамі, у дзюбках якіх пісьмы, сэрцы са стрэламі.

Іншы раз, калі было цёпла і бацьку трэба было наведаць па справах якія-небудзь вёскі, ён браў мяне з сабою. Я садзілася побач з маім прыяцелем, фурманам Змітручком. Гэта быў яшчэ малады хлапец, але абыходжанне яго са мною было такое ласкавае, што я плаціла яму шчырай дзіцячай прыязню. “Змітручок, падвязі!”, “Змітручок, дай лейцы патрымаць!” І ён стараўся дагадзіць мне.

Адносіны сялян да бацькі былі прыхільныя. “Бач, не цураецца простых людзей. І параіць, і напіша”. Не браў хабару, за тое яго і паважалі. На вёсцы каля яго збіралася грамадка людзей.

На мяне дзеці паглядалі здалёк з-за платоў, але ў блізкіх вёсках нямала было шкаляроў, якія мяне ведалі. Яны стараліся паказаць свае дзівы: птушынае гняздечка, самаробную цацку, кіёк з адмысловым выцінаннем. А колькі ўсякіх здарэнняў мне нагавораць! Варочаюся дамоў, заціскаючы ў руках які-небудзь свісцёлак або пярэсценькае маленькае яечка.

Неяк хлопцы злавілі ў лесе маладзенькую вавёрачку, і бацькі іх прынеслі “пісаравай Юльцы, хай пацешыцца”. Якое гэта было мілае стварэнне! Прывыкла да людзей. Упадабала бацькаву кішэнь. Улезе і ціхенька сядзіць.

Тыповы вобраз пісара вандруе ў літаратуры ад Гогаля да Коласа. Аднак бачанае і пачутае ў дзіцячыя гады я ніяк не магу звязаць з прачытаным.

У 1905 - 1907 гг. я была малодшага школьнага ўзросту, і сякія-такія ўражанні ад рэвалюцыйных падзей у мяне захаваліся. Гадавалася я адна, браты мае і сястра паміралі малымі (іх было пяцёра). Круцілася я сярод дарослых, з аднагодкамі спатыкалася ад выпадку да выпадку. Любіла назіраць, слухаць і не задаваць лішніх пытанняў. Мне не дазвалялася ўстаўляць свае тры грошы ў размовы дарослых, але як было цікава слухаць, калі на цябе ніхто не звяртае ўвагі.