Выбрать главу

Вось прыходзіць да нас мой настаўнік з народнай школы Павел Платонавіч Балтрукевіч. Густая чупрына, расшпілены каўнер цёмнай кашулі, у руках капаніца. На твары ўхмылка. Даведваюся, што ён быў на полі і праводзіў нейкія гутаркі. Матка аб нечым з жарам гаворыць, бацька слухае. Гасцінная маці падымаецца, каб пачаставаць госця - ён напэўна галодны. І пачынаюцца за сталом гутаркі, навіны мясцовыя і больш шырокага маштабу, чытаюцца сатырычныя часопісы, а іх у нас вялікая пачка, ды розныя, з такімі яскравымі вокладкамі.

Іх прысылаў з Пецярбурга зямляк з мястэчка (К. Гарбоўскі), які паехаў з дому у “свет” шукаць сваёй долі. Ён працаваў у “экспедыцыі” (так сам называў пасаду ў паштоўцы 1907 г.) фабрыкі Лаферм, а можа і яшчэ дзе-небудзь.

У памяці маёй захавалася назва аднаго часопіса - “Злой дух”, а таксама малюнак. Цар сядзіць, падкурчыўшы ногі, і сшывае, як сапраўдны кравец, двухгаловага арла, якога трымае на каленях. Далей - царская карона і пад ёю пэўная пасудзіна. Мне дазвалялася разглядаць, аднак я ведала, што гэтыя часопісы трэба хаваць.

Там былі надрукаваны вершы, якія я і цяпер памятаю:

Все на свете чепуха,

Остальное - враки.

Полны рожью потроха

В министерском фраке.

Черт лиловый утащил

Миллион из кассы.

Пуришкевич знамя сшил

Из поповской рясы.

Так і гучыць у маіх вушах мелодыя песні “Россия, Россия”. Адкуль яна ўзялася?

Россия, Россия, как жаль мне тебя!

Казенка закрыта, болит голова.

Царь испугался, издал манифест:

Мёртвым - свободу, живых - под арест.

Памятаю, што на нашых вячорках уголас чыталі М. Горкага і гаварылі аб ім, а я ціхенька сядзела за спінамі на ложку і слухала.

Успамінаючы падзеі 1905-07 гг., матка расказвала мне, ужо дарослай, як яна агітавала за аднаго чалавека, каб паслаць яго ў Думу. Ён быў пісьменны, але нечым не падабаўся аднавяскоўцам. Вось матка і ўгаворвала адаслаць яго далей, каб не заваджаў.

Думка гэта спадабалася, кандыдат прайшоў і на павятовых выбарах і трапіў у Думу. Такому саламонаваму рашэнню былі рады і оўцы, і ваўкі. Сам дэпутат быў на сёмым небе.

Сяляне паважалі маю матку. Заходзілі да яе парадзіцца, пагаварыць. З бацькам вырашалі розныя “юрыдычныя” пытанні, а да маткі - з больш душэўнымі справамі. А ў кухні, дзе гаспадарыла дзяўчына Марыля, вечарамі збіраліся: памочнік бацькі - “пісарчук” з прэтэнзіямі на далікацтва, сталы дзядзька - валасны вартаўнік і фурман Змітрок - “пачтар”. Ён вазіў пошту ў Ваўкавыск (гаспадаром коняй быў нейкі Дырында, над ім падсмейваліся, што ён і селядца саломінкаю дзеліць, бо быў скупы). Тут не чыталі кніг, бо апроч пісарчука, які ці прачытаў хоць адну кнігу, усе былі непісьменныя. Затое колькі апавяданняў аб бачаным, аб спатканнях з людзьмі і казак, казак. Змітрок гаворыць, што ў горадзе паны ўсё ладзяць нейкія вечарыны, рады, што цар “маніхфест” падпісаў, а знаёмы крамнік баіцца, каб не ўчынілі пагрому, як у іншых гарадах. Бунтуюць, хто разбярэ, што да чаго і ці будзе якая палёгка беднаму чалавеку ад усяго гэтага.

Ня можа ён не ўспомніць і лішні раз пераказаць пра незвычайнае здарэнне ўжо іншага парадку. Ён ездзіў з маёй маткай да хворай бабулі, і ў лесе заступіў ім дарогу “волік”. Ну і волік! Ніколі такога не бачыў! Ён не мог стрымаць захаплення і здзівіўся, што спалоханая матка грымнула кулаком у спіну і крычала, каб павярнуў назад. Гэта быў зубр-адзінец, які ўцёк з пушчы, і спатканне з ім было вельмі небяспечным. Матка не раз гасцявала ў леснікоў у пушчы і добра ведала гэтых волікаў.

Па маёй просьбе апавядаюцца казкі і неверагодныя гісторыі. П’яны Пятрук ехаў уночы праз балота, і чорт у выглядзе баранчыка завёў яго ў дрыгву. А ваўкалакі, мерцвякі, што ўстаюць з магіл апоўначы, свечкі на магілах. Яны могуць пагнацца за чалавекам і забіць яго. Колькі страхаў! Мы жылі паблізу могілак, і гэтыя апавяданні выклікалі боязь не толькі могілак, але і цемнаты. Толькі школа і кнігі развеялі гэтыя страхі.

А прыгожыя казкі пра пакацігарошка, злую мачыху, бабу-ягу і г.д. Чароўны казачны свет! Слухаю з захапленнем не толькі я, а ўсе прысутныя, пры чым кожны яшчэ ад сябе нешта дадаець.

Там недзе ў шырокім свеце адбываюцца важкія падзеі. “Забастоўшчыкі” нечага патрабуюць, сяляне пра зямлю загаварылі. Змітрок вельмі ўсхваляваны чуткамі аб нападзе на пошту і са страхам едзе ў горад. Недзе, кажуць, пан пацярпеў і г.д. І вось дзядзька-вартаўнік стаў на варце з дубінай у “зборнай” - большым пакоі, дзе адбывадіся валасныя сходы. Нападаў не адбылося, і дзядзька спакойна пасопваў на шырокай лаве.