Выбрать главу

Затое іншы вораг падкраўся, ніхто яго не чакаў. Пачаў касіць людзей сыпняк. Спачатку захварэў памочнік, ён ляжаў пад кажухом у сваёй каморцы пры канцылярыі, потым лёг настаўнік, затым прыйшла мая чарга. Бедныя бацькі! Колькі ім дасталося згрызот і непакою! Захварэў поп. І дзе тыя дактары? У Ваўкавыску ці Свіслачы. Блізкі свет!

Мы падняліся, а поп так і не ўстаў. Гэта была даволі значная фігура ў тых умовах. Такіх асоб, як настаўнік ці пісар, ён лічыў сваімі падданымі. І хаця школа была не царкоўна-прыходская, ён стараўся паказаць сябе гаспадаром яе. Але на гэты раз атрымалася асечка, як з настаўнікам, так і з бацькам. Ні настаўнік не пайшаў з паклонам, ні бацька.

Матка расказвала пра такое здарэнне. Увосень у царкве адбывалася свята - фэст (Параскевы). Шмат назбіралася ў папа гасцей з розных парафій. Трэба было іх размясціць: у папоўскім доме ім месца не хапала. Ен загадаў сваім служкам ісці ў школу з сяннікамі і падушкамі, не папытаўшы дазволу ў настаўніка, а той абурыўся і дзверы зачыніў. З папярэднім настаўнікам абыходзіўся без цырымоній, а гэты паказаў характар. Затое поп стараўся насаліць яму, дзе мог, але часы былі не тыя.

Яго заступнік а. Інакенцій быў другога характару. Нейкі летуценнік. Ссуне капялюш на загрывак і, пасвістваючы, углядаецца ў прыгожы краявід. Добра маляваў. Адносіны з ім наладзіліся неблагія, ня лез, куды ня трэба.

З цёплым пачуццём успамінаю я свайго першага настаўніка П.П. Балтрукевіча. Малады, з цёмнай капой валасоў, якія ён неяк асабліва па-своему ўмеў адкідаць назад, ветлівая ўхмылка і ўдумлівыя, трохі гарэзлівыя вочы. Жыў з малодшым братам Кастусём, якога некуды рыхтаваў, і старожкаю, што прыбірала клас і паліла печы.

Жыў у двух пакоях, па-спартанску абстаўленых. У клас можна было прайсці з пакояў праз кухню. У класе налева ад стала настаўніка - печ, за ёю - дзверы ў калідор. Столь нізкая, вокны падслепаватыя. Доўгія, шчыльна пастаўленыя лаўкі з праходам пасярэдзіне. На стале настаўніка - пругкая лінейка. Саўсім не памятаю, каб ён ёю карыстаўся для “вколачивания премудрости” у лахматыя галовы, але часам ёю стукаў па стале. Настаўнік, які змяніў яго, не адмаўляўся ад “лапаў”, гэтай неабходнай у тыя часы мерай уздзеяння на непаслухмяных. Пісалі на грыфельных дошках, апраўленых у дзеравянныя рамкі, да якіх прывязвалася палачка грыфеля.

Я ўспамінаю некаторыя эпізоды з вельмі ранняга дзяцінства, напрыклад пажар у мястэчку, калі маці мяне на руках несла ў больш бяспечнае месца, і саўсім не памя­таю, калі і як навучылася чытаць, бо ў школе я ўжо чытала. Нейкі правал у памяці.

Я была вельмі кволая, хваравітая, засталася толькі адна, і нада мною дрыжалі бацькі. Школьны будынак - гэта не цяперашняя школа: і цесна, і душна, часам і холадна. Мяне ў школу не пускалі, хаця яна была насупраць нас. Толькі скаціцца з невялічкага ўзгорка - і школа. Бацька зрання ўжо сядзіць у канцылярыі, мат­ка па гаспадарцы выйшла, а я паціхеньку апранаюся - і шмыг за дзверы, праз некалькі хвілін я ў пакоі мілага настаўніка. Ён мяне вядзе ў клас і садзіць на пярэднюю лаўку, бо ўзросту малога была. На перамене таксама не адпускаў ад сябе. Што ж? Матцы прышлося легалізаваць мае паходы.

Настаўнік карыстаўся ў мяне большым аўтарытэтам, чым бацькі, я яго заўсёды слухала, а з маткай без канфліктаў не абыходзілася. Калі ў мяне мяняліся зубы, то толькі настаўніку дазвалялася рваць іх.

Сярод галасістай грамады вучняў не памятаю дзяўчынак. Відаць, у той час іх мала было. Спачатку мяне дзічыліся, а потым знайшліся агульныя інтарэсы. Задоўга да пачатку заняткаў збіраліся вучні з суседніх вёсак, і іх звонкія галасы будзілі ранішні спакой, пакуль старожка не ўпусціць у клас. Яны запаўнялі яго - лахматыя, у світках, старанна залатаных, у лапцях, з кужэльнымі торбачкамі цераз плячо, у паношаных бацькоўскіх шапках.

Невыразна паўстае постаць другога майго настаўніка Рабчукова А.З., які змяніў П.П. Апошні - ці па-свайму жаданню пакінуў сяло, ці па загаду зверху - цяжка сказаць. У ім адчуваўся нейкі неспакойны, бунтарскі дух, а ў новага настаўніка - непрыкметнасць, ціхасць. Выразней памятаю яго дзябёлую матку, якая па-мастацку сыпала праклёнамі, вельмі баялася грымотаў і ў час навальніцы застаўляла свае вокны свянцонымі вербамі і запальвала грамнічную свечку:

Каб цябе пяляруш скасіў!