Калі стала вядома, што ўжо атрыман дазвол на адчыненне гімназіі і трэба чакаць афіцыйнага паведамлення аб пачатку прыймовых экзаменаў, мяне завезлі ў горад і папрасілі знаёмага, вельмі спрактыкаванага настаўніка, праверыць мае веды. Памылак у пісьме я рабіла не так ужо шмат, гэта ўдалося сяк-так выправіць, а “переложения” мне цяжка даставаліся, бо я баялася ўжыць словы і звароты, якія бытавалі ў маёй штодзённай мове, а яна лічылася некультурнай.
Мяне прынялі ў другі клас гімназіі. Вялікі клопат быў у маіх бацькоў. Трэба было набыць кнігі, пашыць форму, заплаціць за права навучання, а для гэтага патрэбны грошы. Не адзін адкормлены паршук злажыў сваю галаву, каб залатаць дзіры ў бюджэце.
На кватэру мяне ўладкавалі ў сям’і добрых старых знаёмых маіх бацькоў і бабкі. Сям’я складалася з маткі, трох сыноў і 2-х дачок - самай старшай і самай малодшай. Дзяўчаты рэдка бывалі дома, яны жылі недзе асобна. Старэйшая ўсё шукала працы, прабавала здаць экзамены, каб атрымаць пасаду настаўніцы, але ёй усё не шанцавала. Сям’я перабівалася сяк-так. Апроч мяне, жылі на кватэры яшчэ вучні. Два пакоі, кухня і пры ёй цёмная бакоўка, дзе мясціліся хлопцы. Было цесна, вільготна, але я адчувала сябе вельмі добра. Сама гаспадыня, пані Мац., была спакойная жанчына, ніколі не чуваць было крыку, мітусні, да мяне адносіны былі як да сваёй.
З хлопцамі я пасябравала, малодшы быў майго ўзросту. Спачатку з сярэднім Міхасём мы гэркаліся, характар яго мне не падабаўся: за кожнае глупства падымаў вэрхал - то ручку не там паложыш, то здаецца яму, што яго кнігі брала і г.д. І як жа я была здзіўлена, калі прыехала пасля летніх вакацый: саўсім не той хлопец, далікатны, уважлівы. Памагалі адзін другому. Старэйшы Антось быў спакойны. Абое вучыліся ў гарадскім вучылішчы і марылі аб ваеннай школе. Малодшы быў больш легкадумны, любіў пафарсіць.
Пасля падрыхтоўкі да заўтрашніх урокаў, а часцей у суботу, пачыналася самадзейнасць. Гітара, балалайка, мандаліна. Калі хто не ўмеў іграць, вучыўся. Часам прыходзілі таварышы са сваімі інструментамі. Апавядаліся розныя гісторыі, здарэнні. Хатняя мова была беларуская, на ёй лягчэй выслаўлялася, прасцей.
Нехта даведаўся, што можна перадаваць свае думкі другому на адлегласці (тэлепатыя). І пачаліся ўсякія спробы! Зацікавіліся таксама гіпнозам. Трэба было загадаць сябру адшукаць што-небудзь, трымаючы яго за руку на пульсе. Спробы былі ўдалыя.
Самым лепшым ласункам лічылася халва і сланечнікі. У суседняй краме куплялася на капейку таго і на капейку другога, і ўсе частаваліся. Гэта здаралася, калі перападалі якія-небудзь капейкі на ўласныя патрэбы. У такіх выпадках я не забывала пашукаць таксама прыгожых паштовак.
За домам быў агарод і лужок, там цякла нейкая ручаіна. Ва ўсякім разе ўзімку была добрая коўзанка, не трэба было далёка хадзіць. Надумалі хлопцы мяне вучыць коўзацца на каньках. У мяне іх не было, прыстасаванага абутку таксама, ды і ў хлопцаў яны былі не першай якасці. Прывязалі канькі вяроўкамі, узялі мяне за рукі - і паехалі. Пусцілі рукі, я трохі праехала, але вяроўкі аслаблі, канькі падвярнуліся, і я моцна грымнулася. З тае пары я больш не адважылася паўтарыць гэту спробу, а дазволіць сабе набыць канькі з абуткам не мела магчымасці - не да таго было.
Мой настаўнік Н.А. увесь час цікавіўся маёй вучобай, даваў мне кніжкі для чытання і прасіў заходзіць да яго і паведамляць аб поспехах. Жаночая гімназія ў такім невялікім горадзе - гэта немалаважнае здарэнне, і, вядома, Н.А. добра ведаў, як пастаўлена там вучоба, чаго варты настаўнікі. Я паспяхова перайшла ў 3-ці клас. Набліжаўся час калядных вакацый. Спаткаўшыся са мною, Н.А. параіў сказаць бацькам, каб пасля вакацый мяне ўзялі з гімназіі, бо толку там мала, а з восені маюць адкрыць замест прыватнай дзяржаўную гімназію. У мястэчку ў нас ёсць настаўнікі народнай школы, якія паспяхова са мною пройдуць праграму. Так і сталася.
З восені ў местачковую народную школу прызначылі яшчэ аднаго настаўніка, які толькі скончыў настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы, і гэта была яго першая пасада. У мястэчку яго скора заўважылі і адзначылі. Ён быў нейкі занадта сталы для сваіх дзевятнаццаці гадоў, шмат чытаў, з ім цікава было пагаварыць. Вось яго і папрасіў бацька заняцца са мною. Першае знаёмства было завочным. Калі я прыехала на вакацыі, яго не было: паехаў да сваіх бацькоў (жылі яны ў недалёкім мястэчку), затое засталіся ў нас яго кнігі. Гэта былі прыгожыя, з малюнкамі, выданні сусветных класікаў. Я накінулася на іх і мяне цяжка было адарваць ад гэтых кніг.