Займаліся мы вечарамі ў нас дома. Рыхтавала я ўрокі старанна, і мой настаўнік радаваў маю матку пахваламі мне; ён стаў ганарыцца сваёй вучаніцай, мы з ім пасябравалі. Ад гэтых заняткаў павеяла іншым паветрам, не тым, якое панавала ў гімназіі. Так, памятаю, ён даваў мне вывучаць вершы і творы, якія не былі прадугледжаны праграмай. Я з жарам дэклямавала “Деревню” Пушкіна:
Я променял порочный двор царей,
Роскошные пиры, забавы, заблужденья
На мирный шум дубрав, на тишину полей.
Лермантава “На смерть Пушкина”:
А вы, надменные потомки,
Известной подлостью прославленных отцов..
Вы, жадною толпой стоящие у трона,
Свободы, гения и славы палачи,
Таитесь вы под сению закона,
Пред вами суд и правда - всё молчи.
Для “переложений”, якія мне нялёгка было пісаць, даваў Шчадрына “Как мужик двух генералов прокормил”. Далікатныя заўвагі і папраўкі рабіліся пры выкладанні іншых прадметаў, асабліва “закона божага”. І апанаваў мяне з 12 гадоў крытычны дух, які не пакідаў мяне ўвесь час майго навучання. Я ведала, што з гэтай крытыкай нельга вытыркацца, няхай думаюць у школе, што ты ўсё прыймаеш, чым цябе кормяць.
Мілыя мае настаўнікі! Схіляю сваю галаву і сэрца перад вашай светлай памяццю!
Я пачала вучыцца ў чацвёртым класе. Вясною, каля я прыехала на вялікодныя вакацыі, здарылася вялікае няшчасце: памёр мой бацька. Што далей рабіць? Каб скончыць гімназію, патрэбны сродкі, а запасаў у нас ніякіх, толькі была бабіна хата, дзе маглі жыць. Вярнулася я ў гімназію ў вялікім горы. Трэба сказаць, што адносіны настаўнікаў і дырэктара да мяне былі вельмі прыхільныя. Вучылася я добра, лічылі мяне першай вучаніцай. Не ведаю, хто прылажыў да гэтага руку, толькі мне сказалі, каб увосень я прыязджала на вучобу, а ад платы мяне вызваляць. Вялікая палёгка. У гэты час у майго дзядзькі нарадзілася дзяўчынка, жыў ён на Мальцаўскіх заводах, а па нейкіх меркаваннях вырашыў прывезці маёй матцы дзіця на догляд, за гэта абяцаўся аплаціць маю кватэру. Але ўжо ў наступным годзе я пачала займацца з вучнямі малодшых класаў, нават сам дырэктар рэкамендаваў мяне. Я мела некалькі лекцый, а з 6-га класа сама плаціла за кватэру, нават за свой заробак купіла сабе ложак, які дзесяткі гадоў верна служыў мне (застаўся ў Саратаве ў 1959 г.).
Рана давялося мне думаць, як далей жыць, рыхтавацца да працоўнага жыцця. Не было на каго спадзявацца. Матка была на ўсе рукі майстар: і згатаваць, і пашыць, але на сталую якую-небудзь працу дзе прыстроішся. Яна падтрымлівала маё жаданне вучыцца, і гэта для мяне было вялікай палёгкай.
Гімназію я скончыла з залатым медалём (7 класаў). Раптам наша жыццё крута павярнулася. Адзін з землякоў-паразоўцаў (можа і сваяк), што рынуўся ў свет шукаць лепшай долі, апынуўся на Палессі, за Бабруйскам, кіраўніком гаспадаркі маёнтка пана. У яго было двое дзяцей, якіх ён вучыў у гімназіі ў Бабруйску. Вось ён і прапанаваў матцы пераехаць у Бабруйск і ўзяць апеку над яго дзяцьмі. Абяцаў наняць кватэру і даць утрыманне. Вось і яна будзе мець кавалак хлеба.
Мы і радаваліся, і сумавалі, што трэба кідаць родныя мясціны і ехаць у блізкі той свет. Гэта здарылася за год да першай імперыялістычнай вайны. Я паступіла ў 8-мы (педагагічны) клас гімназіі без экзаменаў і абрасла тут вучнямі, на сябе я зарабляла.
Гімназія ў Ваўкавыску была маладая, і ніякіх ўстойлівых традыцый яна яшчэ не мела, не паспела абрасці імі. Утварылася яна пасля спаду рэвалюцыйных падзей і ўзмацнення рэакцыі. Настаўнікі былі ў большасці маладыя, некаторыя з іх (напрыклад, выкладчык рускай літаратуры) умелі захапіць сваім прадметам. На жаль, ён нядоўга выкладаў, а заступнік яго не выклікаў захаплення. Ніякіх дапаможных габінетаў не было. Фізіку, якой я вельмі цікавілася, выкладалі па падручніку і толькі. Калі новая настаўніца матэматыкі на ўроку геаметрыі прыйшла знаёміцца з класам і папрасіла паказаць, дзе вакол нас можна знайсці простакутнікі, ніхто не здолеў паказаць, нават я сумелася (першая вучаніца!). А вось рашыць складаную тэарэму - калі ласка. Выкладанне, далёкае ад жыцця.
Гісторыя - па падручніку Платонава. Выкладчык быў нядрэнны, яго паважалі, але мясцовая гісторыя была не ў яго кампетэнцыі. Ён сам ею не цікавіўся.
А горад Ваўкавыск - гэта сівая гісторыя. Што мы аб ёй ведалі? Лазілі на “жыдскую” горку і аглядалі помнік, які там быў пастаўлены. З лёгкай рукі самаўладнага цара Нікалая І (1842 г.) наш край страціў сваё імя, ён стаў “западным” ці “северо-западным”. І не ў інтарэсах нашчадкаў яго было знаёміць моладзь з мясцовай гісторыяй. Каб чаго не здарылася!