Выбрать главу

На чале гімназіі спачатку стаяла начальніца, жанчына сярэдняга веку. А.П. сціпла ўбраная, з гладка зачэсанымі валасамі, кульгала і апіралася на мыліцу. Калі гімназія перайшла ў Міністэрства народнай асветы, прызначылі дырэктарам мужчыну, і начальніца неяк стушавалася. Якія ў іх былі адносіны, цяжка сказаць, але першую скрыпку іграў дырэктар, - малады, прыгожы, з уладным, патрабавальным характарам. Бедныя жанчыны дрыжалі перад ім, вучаніцы таксама стараліся не пападацца яму на вочы. Толькі пачуецца ад дзвярэй настаўніцкай настойлівы вокліч: “Юлья-а-ан!”, і класы заміраюць, а стораж ужо бяжыць трушком, сціскаючы ў руках званок. Яму, відаць, падабалася адчуваць сваю ўладу, але ён быў не дурны, і не менш займала яго, калі бачыў, што хто-небудзь выступае перад ім без дрыжыкаў.

Не скажу, каб мне падабалася зварачацца да яго ў выпадку патрэбы, сэрца ёкала, але брала сябе за чуб і выступала смела. Не памятаю выпадка, каб ён не выслухаў і не задаволіў мяне. Сяброўкі гэта заўважылі і, калі трэба было выступаць ад класа, угаворвалі мяне стаць на чале дэлегацыі. Адмаўляцца не выпадала; толькі ў крытычны момант “дэлегацыя” разбягалася, а я заставалася сам-на-сам з грозным начальнікам. Адступаць ўжо позна было, і дыялог пачынаўся. Уяўляю я сабе гэты малюнак, і смех разбірае. Танклявы, худзенькі чыжык-пыжык і самаўпэўнены слон з паблажлівай ухмылкай.

Дырэктар, М.Д., быў ініцыятыўны і гаспадарны. Дзякуючы яго клопатам, была зроблена прыбудова да будынка гімназіі. Калі адчынілася прыватная гімназія, было толькі два класы, кожны год далучаўся адзін, і памяшканне стала цеснаватым, не было залы. Дом быў дзеравянны, прыбудова цагляная. У гэтым будынку змяшчалася кватэра дырэктара і начальніцы. Стаяў ён на ўзгорку, з якога можна было любавацца панарамаю горада. Перад домам на пустэчы былі заложаны кветнікі, пасаджаны бярозкі, пастаўлены “гіганцкія крокі”. Як прыемна было вясною ў вольны час ці на перапынках пакатацца!

Неяк вясною наладзіў дырэктар экскурсію ў Маскву, нават сам паехаў. Не магу ўспомніць, колькі вучаніц паехала, толькі займалі некалькі купэ 3-га класа. Дырэктар ехаў у другім, аднак амаль увесь час праводзіў з намі. Было весела і шумна, добра хорам спявалі. Пасябравалі з дзядзькам-правадніком, які нам галаваломкі-задачкі задаваў. Гаварыў, што ехалі настаўнікі-семінарысты і не рашылі. Паламалі добра галовы, і хоць не адразу, але рашылі. Дырэктар быў вельмі задаволены. У Маскве аглядалі Крэмль. Ішлі праз Спаскія вароты, дзе перад абразом гарэла лампадка, і хто ні ішоў - скідаў шапку. Успенскі сабор з трунамі цароў, званніца Івана Вялікага (туды нават лазілі і аглядалі маскоўскія далягляды). Пусцілі нас і ў Гранавітую палату, і ў Аружэйную з незлічонымі скарбамі. Наведалі парк Сакольнікі, нават завялі нас ў драматычны тэатр. Шмат чаго яшчэ мы бачылі і былі вельмі задаволены. Наш грозны дырэктар паказаў сябе клапатлівым і ўважлівым чалавекам, з ім нават можна было пажартаваць.

У нашым класе вучыліся дочкі служачых розных рангаў, гандляроў, дробных прамыслоўцаў. “Сословия” (па ранейшай тэрміналогіі) былі таксама розныя. Мой бацька быў сынам селяніна і па пашпарту лічыўся сялянскага “сословия”, ну і я вядома, яшчэ былі дзве сястры - Марыя і Тэкля - дочкі пісара, таксама з сялян. Па веравызнанню: католікі, праваслаўныя і іўдзеі. Апекавалі: ксёндз, поп і рабін. На ўроках “закона божага” дзяліліся на тры групы. Не ўспамінаю ніводнага вы­падку, які б паказваў, што ў нас быў антаганізм на гэтай глебе. Найбольш цікавілі поспехі ў вучэнні. Апроч дзяжурных, ніякіх грамадскіх нагрузак не існавала.

Дарваўшыся да “навукі”, я старалася акуратна наведваць школу, добра рыхтавацца да заняткаў, бегаць да падружак не любіла; чытала, што пападала пад рукі.

У класе вучылася дачка віднага акцызнага чыноўніка Шура П. Гэта была развітая, вясёлая і таварыская дзяўчына. Матка яе па лініі Мусін-Пушкіных была нейкай сваячкай паэта, нават пісала раманы. Шура любіла запрашаць да сябе дзяўчат свайго класа. Вечары праводзілі цікава: дэклямавалі вершы, чыталі, матка знаёміла з нованапісанымі раздзеламі рамана. Я доўга не адважвалася пераступіць гасцінны парог. Куды мне лезці да паноў! Але ў паводзінах Шуры была прастата і ніякага панства, такой была і матка. У старэйшых класах я з ёю пасябравала. Бацька яе памёр, у часе вайны яны пакінулі свой дом у Ваўкавыску і выехалі ў Пензу. Спаткалася я з Шурай у 1916 г. у Петраградзе, яна паступіла на нейкія курсы і жыла ў свайго дзядзькі на другім канцы горада. Часам я да яе прыязджала з начоўкай.