У паветры запахла вайной. Не гледзячы на наш легкадумны век, мы адчулі трывогу. Кожны дзень бегалі на вакзал па газеты. Мяне ўразіла першы раз пачутае слова “ультыматум”. І калі праз гады мне даводзілася чуць гэта слова, я заўсёды ўспамінала Ваўкавыск, ліпень 1914 г. І надумалася я заскочыць у Поразава. Дагаварылася з пачтаром (гэты транспарт мне быў добра знаёмы) і паехала. Па дарозе спатыкала прызыўнікоў з торбамі. Твары заклапочаны, часам побач крочылі жонкі з заплаканымі тварамі - ішлі ў горад на прызыўны пункт. У мястэчку ўжо не застала знаёмага фэльчара, і жонка яго паклыбала за ім. Жанчыны асірацелі. Бабку клікала ехаць да нас у Бабруйск, але ці ж яна паедзе са свайго кута - блізкі свет. На другі дзень я з гэтым пачтаром паехала назад. Мой мілы сябра пасля абвяшчэння вайны сабраўся ў Ваўкавыск (жыў за 10 вёрст ад Ваўкавыска), каб даведацца, як я маюся. Не застаўшы мяне ў Ваўкавыску і ўбачыўшы, што сям’я Шуры сабралася выязджаць у Пензу, не адкладаючы, пайшоў у Поразава, адмераўшы без перапынку шлях 10 вёрст + 20 з гакам. Непакоіўся за мяне. Шанцавала мне на добрых людзей.
Улетку 1915 і 16 гг. у Новым двары каля Радашковіч у мяне наладзілася цэлая школа, нават падабраліся хлопчыкі аканома і стоража.
Бровар у час вайны не працаваў. Кватэра знаходзілася ў гэтым бровары. З аднаго боку бровара жыла сям’я ў 2-х пакоях з кухняй, а з другога ў пакойчыку - я са старэйшай дзяўчынкай. Тут была і наша “школа”. Мы нікому не перашкаджалі, бо знаходзіліся далёка. Абстаноўка была самая простая, нічога лішняга.
Успамінаю я свае гутаркі з панам Дм. Ішла вайна, праляталі срабрыстыя самалёты над комінам бровара, вечарамі стагнала зямля - фронт быў недалёка. Мы чыталі газеты і разважалі. Спалучэнне было цікавае. Пан Фелікс вельмі ўважліва ставіўся да мяне; яму, відаць, падабалася мая сталасць - не па ўзросту. Для мяне гэта была добрая практыка - слухаць польскую мову ад паляка. Я навучылася нядрэнна гаварыць па-польску з добрым вымаўленнем. Сама пані Дм. нарадзілася недзе недалёка і ведала навакольных фальваркаўцаў, успамінала Уласава, Замбжыцкіх. Да апошніх мы з ёю ездзілі ў Вязынку, недалёка ад Радашковіч. Не ведала я, што тут нарадзіўся наш баян, Янка Купала, вершы якога трапілі да мяне ў 1917 годзе і захапілі. Каб я ведала! І гэта пані без панскіх прэтэнзій, магчыма, шмат чаго мне расказала б.
Адносіны яе да мяне былі як да роднай. Я была шчупленькая, і яна прымушала мяне кожны вечар піць сырадой, сама прыходзіла са збанком, а то завядзе ў склеп, дзе стаялі гладышы з малаком, і корміць смятанкай. Папрабуй адмовіцца!
Гэтыя людзі сагравалі мяне цяплом сваіх простых сэрцаў.
Сям’я нашага нізкаватага вусатага земляка, дзеці якога ў нас жылі, была саўсім іншай. Тут лезлі не ў падпанкі, а ў паны. Тон задавала бабуня, матка жонкі; яна лічыла сябе нейкага панскага роду. Ну, і паразоўцу трэба было падцягвацца. Ён быў кіраўніком маёнтка пана, які рэдка там з’яўляўся. Жыў ён у панскім доме з пакаёўкамі, кухаркамі, і абстаноўка тут была не такая, як у Дм. Неяк на зімовыя вакацыі (1913-14 гг.) запрасілі яны нас да сябе. Ехалі па саннай дарозе вёрст са 100 з папасам у Глуску. Спаткалі нас ветліва: сумна ў палескай глушы. Я ўпершыню ўбачыла фанограф, які па выгляду мала чым адрозніваўся ад Эдысонавага твору. На валіках быў запіс прыгожых мелодый Манюшкі. Каб зрабіць прыемнасць маім “дэмакратычным” густам, дазволілі ўвайсці калядоўшчыкам, і я ўбачыла тут “Цара Максіміліяна”. Бабуня бурчала.
У гэтых пакоях, на мяккім ложку, не такім, як у мяне, я адчувала сябе дрэнна, не на месцы. Не падабалася мне і бабуня, і яе камандаванне служкамі. Не прывыкла я да такой абстаноўкі і не хацела прывыкаць. Даставалася нашаму земляку шпілек, размова працягвалася і тады, калі ён наведваў горад. Занадта ён быў верным панскім служкай.
Мне ўспамінаецца матчына прымаўка: “Служы пану пільне, а ён табе вільне. Служы пану верне, а ён табе п. ”. Як разлічаліся з маткай за ўтрыманне дзяцей, я не ведаю, але я лічыла, што на сябе зарабляю, і трымалася незалежна.
Нашага местачкоўца матка ведала з дзіцячых гадоў. Ён яе паважаў і пабойваўся яе вострага язычка. З маім дзядзькам яны сябравалі. Абодва пайшлі ў свет на заробкі, бо ў хаце не было да чаго прылажыць рук. Адзін пайшоў да паноў у служкі, другі іншым шляхам хацеў разбагацець. Мне невядома, чым скончыў першы, бо ў часы польскай акупацыі ён прымушан быў пакінуць сваю службу і падаўся на бацькаўшчыну, якая нябавам стала за межамі. Дзядзька ж, пагойсаўшы па Расіі, скончыў сваё жыццё як добры практык па шклу, далёка ад роднага мястэчка. Асабістае жыццё яго склалася няўдала: ён быў пад пятой сваёй з’ядлівай жонкі, якая выдзірала ў яго кожную капейку і хавала. Нават, калі ён схавае ў патайную кішэню сабе на піва, яна абмацае ўсе рубчыкі і знойдзе. Калі ён не быў так звязаны, абяцаў мне дапамагчы вучыцца далей, але гэта стала немагчыма. Спачатку я вельмі перажывала, што родны дзядзька свайго слова не стрымаў, адрокся (я не ведала яго сямейных спраў). Потым рашыла, што ўласнымі намаганнямі ўсё ж свайго даб’юся і “пакажу яму”. Дзядзька быў добры і мяккі чалавек і яму было непрыемна, што так прымушан быў зрабіць, тым больш, што я ўсё-такі без яго дапамогі паехала ў Петраград вучыцца, разлічваючы толькі на сябе. Я яму паведаміла з Петраграда, што вучуся на курсах, што год настаўнічала, мела яшчэ вучняў і зарабіла на сваё пражыццё ў горадзе. Ён напісаў мне вельмі харошы ліст, прасіў паведаміць аб маіх патрэбах, адкінуць непатрэбную “палітыку” і “щепетильность”. Калі вынікне якая-небудзь небяспека (ішла вайна), ехаць да яго.