Мама вельмі прасіла быць з дзядзькам ласкавай, не “бзыкаць”, а паехаць да яго летам на вакацыі. Ён мяне бачыў вучаніцай, а цяпер я ўжо добра падрасла. І я паехала да яго пасля заканчэння заняткаў на курсах вясною 1916 г.
Жыў ён у невялікім драўляным доме з гародчыкам. Навокал былі лясы і балоты, вузкакалейка, каровы на пашы і завод. Але я нядоўга прабыла ў гэтым манастыры. Ніхто да іх не хадзіў, яны таксама сіднем сядзелі. Сям’я суседа фельчара са мною пазнаёмілася, і мне сёе-тое расказала аб нораве гаспадыні. Ёй не спадабалася самавольнае знаёмства, і яна пачала мне ўтыкаць шпількі. Я рэагавала вельмі рэзка і, не гледзячы на просьбы дзядзькі пабыць у яго, паехала дамой. І думалася мне: чаму гэта добраму чалавеку бог шчасця не дае? Пападзецца ў рукі ведзьмы - і ніяк не можа разблытаць гэтае павуцінне. І чым гэта рыжая баба разанская, мужняя жонка з дзіцем, яго прывабіла? Няхай самі разблытваюць, а я больш да іх не яздок. Шукаў у свеце шчасця, а трапіў за краты.
Я была абурана яго мяккацеласцю, падатлівасцю і, не зважаючы на просьбы маткі быць з ім далікатнай, толькі паведаміла, што даехала добра да месца, адрасу свайго петраградскага пасля прыезду не напісала. Не трэба мне ніякай дапамогі! Не патрэбны мне сквапныя бабы! Адшукаў мяне дзядзькаў ліст, ён прапісаў мне натацыю. Не трэба быць такой гордай і злапомнай у адносінах да яго. Ён па прыродзе сваёй не злы, а “глыбока няшчасны”. Яго пакрыўдзіў мой учынак.
Абяцаў прыслаць 100 р., папярэдзіў, што гэта не яго грошы, а мае. У бацькі быў нейкі выйгрышны білет, і вось дзядзька яго рэалізаваў. Відаць, што так, бо часам ад маткі чула аб тым, але значэння гэтаму ніякага не прыдавала. Не думалася мне, што за яго можна атрымаць грошы.
Дзядзька наведаў мяне ў Петраградзе ў канцы 1916 года. Прыяжджаў наконт пераводу на работу ў іншае месца. Помніцца яго шчуплая фігурка, прасіў прабачэння, нешта тлумачыў. Мне так шкада стала гэтага харошага нешчаслівага чалавека, але грошы прыняць адмаўлялася, хаця яны і “мае”. Не памятаю, відаць, ён іх пакінуў на стале. Матцы напісаў, што дачка такая ж ганарыстая, як і яна, не ў бацьку пайшла.
Па дарозе ў Мінск разыграўся фарс-вадэвіль. Апранута я была вельмі проста, на галаву завязала хустачку, а гэта было не так модна, як цяпер, і стаяла падоўгу ў тамбуры каля акна, любуючыся маляўнічымі краявідамі. Вясна, сонца яснае, лясы, пералескі, і паветра ласкавае. Заўважыў мяне сусед па купэ, прапаршчык ці “земгусар”, з тых, што адседжваюцца ў тылах, і прысуседзіўся да акна. Ну што ж? Стой сабе. Як толькі я выйду, з’яўляецца ён. Хацеў ашчаслівіць мяне сваім знаёмствам. І зайгралі ва мне чарцякі, аж рожкі пачалі паказваць. Папрабую я, чаго ён варты. Калі хочаш пагаварыць, калі ласка, а калі думаеш пачаць флірт, які я ненавіджу, паглядзіш, якія бываюць дзяўчаты. Выгляд у мяне быў саўсім не студэнцкі, падобна была скарэй да маладзенькай нянечкі, што пабыла ў горадзе і варочалася дамоў. Разгаварыліся. У словах маіх туман і ніякай вучонасці. Я ўпэўнілася, што мяне лічаць за служаначку. Гэта яму развязала язык і прыдало ўпэўненасці. Пасыпаліся кампліменты, просьбы даць адрас і ўсякія іншыя знакі прыхільнасці. Ва мне злосць закіпае. Ужо Барысаў недалёка. Праязджаем каля будкі, дзе ў гародчыку чырвоныя, ружовыя шапкі макаў. Прыгажосць! Я ў захапленні кажу, што такія фарбы толькі на палотнах Малевіча. Адкуль я ведаю? - Была ў музеі, я ж студэнтка! Кавалер скіс і перайшоў у другі вагон. Ах ты, хлюпік!