Нялёгка было ездзіць у часы вайны па чыгунцы ў прыфрантавой паласе. Плацкарта - гэта раскоша, папрабуй яе дастаць. І хаця на ўліку кожная капейка, ужо можна было б навесці эканомію на чым іншым, але даставанне - цэлая праблема. Адзін раз толькі ў Жлобіне (там перасадка) сяброўка-студэнтка, дачка мясцовага чыгуначніка, дастала, і мы праехалі, як пані, да самага Петраграда.
Успамінаю іншае. На перасадцы я з кошыкам, які замяняў чамадан (хто з нас меў іх тады?), перабягала ад вагона да вагона, мяне адштурхоўвалі, ледзь з ног не збілі. Усюды поўна, не пускаюць. Тады на білетах не ставілі нумар вагона. Прайшла далей ў канец поезда і ў роспачы паставіла на зямлю свой кошык. Бачу, перад вагонам нікога няма, а ў дзвярах стаяць салдаты.
- Эй, барышня! К нам!
Я сумелася на хвіліну, потым падышла да вагона. Узялі мой кошык, падалі мне руку - і я ў вагоне. Глянула і абамлела: адны салдаты, але адступаць позна. Нехта ўстаў, пасунуліся, месца мне далі, кошык мой прыстроілі. Адразу я сказала, што еду ў Петраград вучыцца, што вельмі ім удзячна за тое, што мяне пусцілі, а то давялося б чакаць другога поезда, хто яго знае, калі ён будзе і ці на яго сядзеш. Распытваю, ці няма землякоў, пра іх сем’і і г.д. Завязалася харошая гутарка, пасыпаліся пытанні. Як я ўмела, так адказвала. Падышлі з суседняга купэ. Мы гутарылі па-сяброўску: ніякай заборыстай лаянкі. Да суседзяў нехта прыйшоў і намерыўся “загнуць”, дык на яго так гукнулі, што ён сціх. Мне ўступілі другую паліцу, бегалі па кіпяток на станцыях, а я частавала прыпасамі, якія мне матка на дарогу дала. Развіталіся, як з добра знаёмымі. Тут былі толькі салдаты і ніводнага “чына”.
Думалася мне: добра, калі ты трапіш на тую дарожку, якая да сэрцаў вядзе.
У той час, як я захаплялася сваім студэнцкім жыццём, глатала прагна навуку, мая матуля ў Б[абруйску] з хваляваннем чакала ад мяне пісем. Ці здарова? Ці не вельмі стамляюся? Ці не забываюся паабедаць? Я ж такая слабенькая! Яна радавалася, што я нарэшце дарвалася да той навукі, што часам наведваю тэатр. А калі атрымала фатаграфію маю з З., нават засталася задаволена, бо ўбачыла, што я не схуднела, а нават паправілася.
У 1916 годзе шмат давялося матцы перажыць хваляванняў. У сувязі з наступлением немцаў на Зах[однім] фронце шмат хто падаўся з Б[абруйска] на ўсход (З. і В. паехалі ў Тамбоў). Гімназіі таксама мелі вывезці. Дзядзька прапанаваў, каб прыехала з дзецьмі да яго. Але неяк усталявалася, і ўсе засталіся на месцы. Мяне прасілі Дм. прыехаць да іх (і яе таксама) у Новы Двор каля Радашковіч (у часе летніх вакацый). Там добра былі чуваць артылерыйскія баі. Гэта хвалявала матку, і яна папрасіла, каб я паехала на нейкі час да дзядзькі і сачыла за газетамі.
Неўдачы на фронце, спекуляцыя, усякія чуткі пра здраду і г.д. выклікалі абурэнне. Пісала (1.V.16 г.), што ўсё вельмі дорага, няма нават паперы для газеты: “Бобр[уйский] курьер” печатается на синей, красной, зеленой, желтой и т. п. бумаге. Когда приходится краснеть - на красной, синеть со злости - на синей и т.п. Теперь же, то есть в настоящее время, печатают на наших шкурах: скотские очень дороги”. Спекулянты паднімаюць цэны і “в обитателях нашего города кипит неукротимая злоба”.
Цэны: фунт мяса 40-50-70 к. Немагчыма адзецца: аршын паркалю 50 кап. І трэба яшчэ даплачваць за вагу; шарсцяныя тканіны недаступны: 6 - 7, 10 - 12 р. аршын і асобна даплачваць за вагу! Няма газы, свечкі па 1 р. фунт і то цяжка дастаць. Няма солі, цукру. Цукеркі мясцовага вырабу 1 р., і гэта недаступна.
Просіць матка ў дзядзькі прыслаць некалькі шклянак, бо тут вельмі дарагія. Калі яна ездзіла з дзецьмі да Дм. на вялікодныя вакацыі, то ў Радашковічах іх напалохалі бомбы. У Мінску ўвечары горад замірае: ні агеньчыка, ні руху. Вакзал, як турма: вокны завешаны чорным сукном, цягнікі ходзяць удзень. У Новым Дварэ стаялі казакі, праязджалі ўцекачы, чуваць кананада.
Сшытак 9
Курсы
Перайшло - мінула, як і не было.
Jeszczec pot biedy, gdy mocna w kim dusza,
A gtowa gorq na zycia gt§binie;
Taki nie tonie, choc fala nim rusza,
Da nura, strzqchnie si§ i znow wyptynie.
Konopnicka
Вельмі шкада, што ніякага “тсьменніцкага” дару не маю. Знайшлося б нямала цікавага матэрыялу аб маім пакаленні, хаця б і на прыкладзе ўласных турбот, роздуму і пошукаў свайго месца ў жыцці.
А час быў бурлівы - рэвалюцыі, войны... У муках эпоха змяняла эпоху. Столькі ўплываў і плыняў! Як у іх разабрацца, якойдарогай пайсці? Ад народнай школы, якая старалася трымацца на трох “кітах” - “православие, самодержавие и народность”, праз сярэднюю школу з тымі самымі “кітамі”, толькі пасля рэвалюцыі 1905 г. трохі аслабелымі. Далей - імперыялістычная вайна, рэвалюцыя, акупацыі, грамадзянская вайна...