Выбрать главу

У мяне захаваліся кароткія запісы з 1915-1916 гг., але яны вельмі агульныя і шмат якіх цікавых эпізодаў, на жаль, не занатавана. Усё ж ад іх павеяла тым паветрам, якім дыхала столькі дзесяцігоддзяў таму назад, і многае паўстала перад вачыма. Хочацца ўспомніць сябе таго часу. Што хвалявала? Да чаго імкнулася?

Перш за ўсё, палкае намаганне атрымаць вышэйшую асвету не пакідала мяне і кіравала ўсімі маімі жаданнямі. Трэба было рыхтавацца да працоўнага жыцця, я адчувала сябе такой непадрыхтаванай. Мне здавалася, што я нічога не ведаю. Гімназію я скончыла, нават 8 клас (педагагічны), які даваў правы “дамашняй настаўніцы”, але гэтага мала.

Хачу вучыцца далей. Але адкуль узяць грошы? Хоць для пачатку трэба мець нейкі мінімум! Раней дзядзька ўсё абяцаў, што трохі дапаможа, а калі надышоў час, ён сказаў, што я такая яшчэ маладая і трэба пачакаць. Хатнія яго ўзаемаадносіны былі такія, што і сапраўды гэта было немагчыма.

Вучыцца, вучыцца! На курсы, на курсы! Выхад са становішча быў: звязаць свой лёс з тым харошым чалавекам, які з юнацкіх гадоў меў сімпатыю да мяне, быў маім лепшым сябрам, ён дапамог бы мне. Не! Гэта не для мяне. Не хачу быць няроўнай! Ён здаваўся мне такім адукаваным, сталым (быў старэйшы на 7 гадоў), а я ... дзяўчо. Нашто мне такая дапамога? Буду працаваць і свайго даб’юся! Зараблю грошай і паеду. Матка падтрымлівала маё жаданне, але дапамагчы нічым не магла. Добра, што сама неяк уладкавалася і мела сякі-такі кавалак хлеба.

Мае падружкі, з якімі вучылася ў адным класе, у якіх былі заможныя бацькі, пасля школы адразу паехалі ў Пецярбург, а я засталася ў вялікім засмучэнні.

Мой былы настаўнік, К.Х. Бабарыкін, вядомы ў горадзе чалавек, дапамог мне атрымаць месца настаўніцы ў Яўрэйскай прагімназіі. Я мела яшчэ некалькі прыватных урокаў. 35 р. штомесяц у школе і за ўрокі яшчэ некалькі рублёў, да і лета я папрацавала, - гэта склала для мяне нейкі “капітал”, з якім можна было адважыцца пусціцца ў “свет”. Мне справілі такую-сякую скромную вопратку, а шыць умела матка сама, і я пачала сваё студэнцкае жыццё.

Дзве сяброўкі Зіны - чорная і бялявая - выглядалі сапраўднымі студэнткамі. Зіна бялявая нават пашыла сабе сінюю хлапечую касаваротку з бліскучымі гузікамі, якая ёй вельмі была да твару. На вакацыях яны мне столькі парасказвалі аб горадзе і курсах! І гэта мяне падмывала яшчэ больш упарта дабівацца свайго. Ноткі суму гучаць у маіх лістах, чытаю Надсана, нават пачынаю пісаць элегіі, але гэта не аддаляла мяне ад пастаўленай мэты.

Бачу я перад сабою Зіну белую - тонкую, зграбную, у меру вясёлую, з косамі да пояса колеру расплаўленага золата. Ах, гэтыя косы! Прыгажосць!

Другая Зіна была чорная: валасы, вочы, твар смуглявы, задуменны, не такая зграбная, як першая, але мела сваю прывабнасць. Захаплялася матэматыкай.

Першая была дачкой паважанага доктара, а другая - ваеннага, які меў адну камяніцу і два дзеравянных дамы. Дзе ж мне, сіраціне, было з імі цягацца? У нас ні капіталаў, ні маёмасці, толькі дзёрзкія жаданні. Але калі паставіш перад сабою пэўную мэту і будзеш за яе змагацца, здолееш шмат чаго дасягнуць.

Калі я пазнаёмілася з мілымі Зінамі (у 8 класе, бо 7 класаў канчала ў іншым горадзе), то аднеслася да іх з насцярожанасцю. Ці мне, санкюлоту, быць роўнай з панамі? Але дарэмная была мая насцярожанасць. Яны так шчыра да мяне паставіліся, што мой гонар нічым не быў пакрыўджаны, і я стала адчуваць сябе, асабліва ў сям’і доктара, сваёй, тым больш, што доктар не паходзіў з паноў, а выбіўся ў людзі, зазнаўшы нямала нягод.

Былі яшчэ ў мяне падружкі, што марылі аб далейшай вучобе, іх становішча было таксама незайздроснае. Вера Р. жыла з сястрой, братам і маткай, якая атрымлівала невялікую пенсію за мужа вайсковага. Як яна заўсёды чакала ад мяне вестак! Прыходзіла да мамы і старалася яе неяк разважыць, калі я паехала на курсы. Мела яна пару вучняў пасля заканчэння гімназіі ды ўладкавалася ў школу настаўніцай, і гэтым старалася дапамагчы сваёй матцы, але пра курсы магла толькі марыць. Школа пайшла пад нейкую канцылярыю: Вера засталася без месца. Скора яны выехалі ў Тамбоў. Мая Вера толькі і думала, каб як-небудзь вярнуцца назад у Бабруйск, а курсы - гэта светлая мара яе падтрымлівала ў цяжкія хвіліны жыцця. Яна стала настаўніцай у народнай школе Тамбоўшчыны, але імкнулася вырвацца з тэй твані, у якую трапіла: плёткі, пераліванне з пустога ў парожняе...

На курсы, на курсы! Так мала дала школа, хочацца знаць больш, хочацца працаваць!

Каб скарэй жанчыны атрымалі правы! Жанчыны - працаўніцы, а не пустыя “франціхі”. Калі прыйдзе час, што жанчыну будуць паважаць як чалавека, здольнага да працы, не будуць глядзець, як на нявольніцу, якая можа толькі дагаджаць мужчыне? Мілая мая “фліртовая” Вера! Апошні ліст я атрымала ад яе, калі яна пяць гадоў прабыла ў Тамбове (у 1920? 1921?), так і не трапіўшы ў Бабруйск. У школе ўжо не магла працаваць: лёгкія слабыя (часта харкала кроўю) ды і сэрца нікуды нявартае: трохі хвалявання - і кладзіся ў ложак. А курсы засталіся толькі ў марах. Усю сваю вялікую энергію ўклала ў сакратарскую працу і розныя выбарныя пасады. Пра сябе гаварыла, што засталася па-ранейшаму прыхільніцай флірту, а замуж не выйшла, бо прызнае толькі грамадзянскі шлюб, але гэта вельмі ўсхвалявала б матку, якая стала ўжо вельмі слабенькай.