- Вось паліто, і вось паліто! Вось чалавек, і вось чалавек!
Нейкая жанчына, засмяяўшыся, сказала:
- Ну, надумаўся сябе раўняць!
- А будзе час, калі мы і зраўняемся!..
Прыпамінаецца мне паездка на ўзмор’е з кампаніяй студэнтаў. Гэта было ў белую ноч. Узялі мы лодку і паехалі. Было шумна і весела. Песня за песняй. На небе не гасла зара, і ясная палоска адбівалася на вадзе. Заехалі мы далёка. Горад патануў у лёгкай смузе. Навокал вада і вада. Трэба варочацца назад, відаць, ня рана. Ужо ў другім месцы неба пасвятлела - зара з зарой сышлася. Мы павярнулі лодку і ... сталі: плытка селі на мель. Доўга мы круціліся, не маглі ніяк знайсці фарватар. Убачылі чалавека ў лодцы і давай яго прасіць, каб паказаў, куды плыць. Мы ўжо скінулі чаравікі і лодку пхалі. Чалавек паслаў нас да ўсіх чартоў. Гэта быў паляўнічы, якому мы перашкодзілі. Толькі калі добра паднялося сонца, мы, мокрыя, змораныя, расчухраныя і без гумору, вярнуліся назад. У такім выглядзе нам няёмка было праз увесь горад ехаць, і, як маглі, давай прыхарошвацца. А потым расказвалі, як мы пехатою па моры хадзілі.
А на курсах столькі было цікавага! Трэба ж было паслухаць і гісторыкаў, і філолагаў, і філосафаў, і не толькі тых, каго рэкамендавалі. Варта зайсці да юрыстаў, яны паблізу, па дарозе. Там “свивает словеса” П.Н. Сперанскі, цікавіць і М.І. Туган- Бараноўскі, які не грэбуе перасыпаць свае лекцыі прыкладамі з літаратуры.
Як прамінуць аўдыторыю, дзе чытае прафесар С.В. Платонаў! Даволі нязграбная грувастая фігура з кароткімі, не па росту рукамі і маленькім носікам. Па яго сухаватаму падручніку ў старэйшых класах гімназіі мы вывучалі гісторыю. Як мастак малюе эпоху Кацярыны ІІ. Вытрымкі з дакументаў чытае напамяць, без паперак. Не лекцыя, а мастацкі твор. Якая розніца паміж падручнікам і жывым аўтарам!
Вось па калідоры прасунулася невялікая фігура В.В. Сіпоўскага, па яго падручніку літаратуры вучыліся ў школе. Высокі лінгвіст Л.В. Шчэрба з чубам, які звешваўся на лоб, трохі нагадваў Гогаля. Сівая грыва Н.І. Карэева. А вось хударлявы, лысы, у кароткім піджачку, з гузам на патыліцы Іван (Ян) Аляксандравіч Бадуэн дэ Куртэнэ, акадэмік, прафесар, накіраваўся ў аудыторыю. Трэба ісці слухаць яго, хаця першакурсніку гэта не так лёгка. Ён стараецца давесці, расцягваючы склады, што такое фа-нэ-ма і гра-фэ-ма. Вялікі спецыяліст-лінгвіст, ён прывабліваў тым, што, паводле чутак, меў немалыя непрыемнасці з уладамі. Цікавы, выданыя на курсах яго дапаможнікі, надрукаваныя па яго ўласнай арфаграфіі.
Між іншым, хадзіць на лекцыі было неабавязкова, і прафесары, якія не ўмелі прывабіць слухачоў, не маглі пахваліцца шматлікімі наведвальнікамі. Затое такія, як акадэмік Нестар Ал. Катлярэўскі, які прыязджаў з Масквы, і па аўторках чытаў вечарамі лекцыі на курсах, збіраў паўнюткую залу або самую вялікую аўдыторыю. Былі заняты ўсе праходы, падваконнікі. Прыходзілі з розных курсаў, нават з іншых факультэтаў. Не ведаю, ці чытаў ён ва Універсітэце, але аднойчы на курсы з’явіўся пераапрануты ў жаночую вопратку студэнт. У белым каптуры, чорнай сукенцы і гаржэтцы з пер’я. Калі яго заўважылі - было рогату!
Чытаў К[атлярэўскі] пра рускую літаратуру ХІХ ст. - Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў... Зварот “милостивые государыни” спакойным, прыемным голасам ужо настройваў да ўдумлівага ўспрымання яго лекцыі. Чытаў без шпаргалак. Ціха, толькі часам зашалпоча папера - запісваюць. У мяне доўга захоўваліся запісы яго цікавых лекцый. Чакалі аўторкаў і вечароў, як свята, і заране стараліся займаць месцы ў аудыторыі.
На кафедры - Сямён Афанасьевіч Вянгераў... Так вось які ён - рэдактар знаёмай серыі “Библиотека великих писателей”, выданняў Бракгаўза і Ефрона! Невысокі, з сіваватай барадой, у акулярах. Лекцыі па рускай літаратуры. Адносіны да яе “благоговейные”. Калі загаворыць аб Пушкіне, увесь неяк асвятляецца, і мова становіцца ўзнёслай. У такт яго ўсхваляваным словам пагойдваецца сіваватая барада на сурдуце. Даведваюся, што існуюць “пушкіністы”, да якіх, відаць, і ён належыць.
Аляксандр Іванавіч Увядзенскі. Логіка, псіхалогія “без всякой метафизики”, гісторыя філасофіі. Прыемна і зразумела чытаў. Вучыў лагічна выслаўляцца. Голас нейкі трохі рыпучы. Памятаецца яго заключнае “а поетому...” . На кафедры стаяла шклянка чаю, і часта ён, пастукваючы лыжачкай, памешваў. Чытаў седзячы, без усякіх лісткоў. Нам здавалася, што ў яго ўжо адсутнічае ўсякая метафізіка, але гэта толькі здавалася.
Па філасофіі лекцыі Н.О. Лоскага ў галаве пакідалі блытаніну. Гэта не Увядзенскі. Успрыняць кантаўскія ўяўленні аб рэчах і “рэчы ў сабе” было лягчэй, а вось Бёрклі з яго сцвярджэннямі, што рэч існуе, пакуль мы яе ўспрыймаем - цяжкавата.