Выбрать главу

Выкладчык французскай мовы мосье А.А. Ляронд праводзіў заняткі цікава. Мэта - навучыць разбірацца і чытаць навуковыя тэксты. Замест традыцыйнай граматыкі - тоненькі яго даведнік (так ён называў). Тэксты: Сен-Сімон, Фур’е. Нявысокі, чарнявы. Калі выгаварваў словы, неяк асабліва прычмокваў губамі. Выкладаў па-руску, у вымаўленні адчувалася, што ён француз. Гаварылі, што ён - рэспубліканец, а для нас гэта нешта азначала. На заліках без жалю “рэзаў”, асабліва самаўпэўненых інстытутак, якія добра ўладалі размоўнай мовай, а заняткі наведвалі неакуратна і Сен-Сімон a livre ouvert не прыносіў ім асалоды. На маіх вачах з 25 асоб залічыў толькі 5-м.

Лекцыі Д.В. Айналава па стара-рускаму мастацтву ў цёмнай аудыторыі (ілюстраваліся на экране малюнкі на эпідыяскопе). Голас прыемны, ціхі, умеў зацікавіць, слухаць прыемна. Закрыеш вочы і думаеш, што нікога няма, а гэты павольны, пранікнёны голас гучыць недзе глыбока ў душы.

Запісалася я на семінарскія заняткі да прафесара П.Н. Сакуліна па народнай казцы. Ён цікава праводзіў іх. Слухачкі былі з розных куткоў Расіі, кожная ста­ралася браць казкі свайго краю. Памятаю рэферат адной аб казках поўначы (па Анчукову). Мне ён дужа спадабаўся. Я папрасіла прафесара параіць мне зборы беларускіх казак, я шмат іх чула ў дзяцінстве, на іх гадавалася. Адразу ён не здолеў мне параіць, і толькі на наступным паседжанні назваў Е. Раманава і тэму даў: “Перажыткі старадаўных поглядаў на прыроду на беларускіх казках”. У курсавой бібліятэцы не знайшлося. Ён даў мне запіску ў б[ібліятэ]ку Акад[эміі] навук, якую я і стала наведваць, хадзіла і ў Публ[ічную] б[ібліятэ]ку. Толькі шмат гадоў пасля я напаткала на гэтую тэму кнігу А.Я. Багдановіча (выд. у 1897 г.).

Я нічога не ведала аб тым, што ў Петраградзе існавалі нейкія культурныя беларускія арганізацыі. Не спатыкала твораў ні Купалы, ні Коласа. У дзяцінстве слухала шмат казак, прымавак, нават ведала “Панскае ігрышча”. Матка ўспамінала вершы знаёмага самавука, жартаўлівае яго прывітанне на “Валоссе” і дагэтуль памятую. Ніводнай беларускай друкаванай кнігі не бачыла.

І якое маё было здзіўленне, калі ў канцы 1916 ці студзені 1917 г. адна з маіх сябровак аднекуль прынесла некалькі тоненькіх кніжачак “Лучынкі”. Я была захоплена вершамі Цёткі - “Ой, кабеткі, ой вясковы, ой вы, кветкі прызавяты!” Гэтыя кніжачкі я абсмактала ад вокладкі да вокладкі. Шкада, што не засталося ў памяці, адкуль яны з’явіліся. Ды і шукаць канцоў было ўжо некалі, бо насоўваліся вялікія падзеі, якія цалкам захапілі.

На курсах існавала “Общество вспомоществования слушательницам ВЖК”, а таксама каса студэнцкай узаемадапамогі. Яны займаліся справамі харчавання студэнтак (сталовай, буфетам), уносілі плату за слуханне лекцый за тых, хто меў у гэтым патрэбу (я таксама атрымала пазыку 50 р. за сяместр). Так, пазыку, бо звычайна, хто атрымліваў пасля сканчэння курсаў пасаду, лічыў сябе маральна абавязаным з цягам часу вярнуць грошы, хаця гэта і не лічылася абавязковым.

Каса наладжвала таксама розныя лекцыі, канцэрты, спатканні, запрашаючы артыстаў, пісьменнікаў, крытыкаў, нават грамадскіх дзеячоў.

Памятаю выступленні М. Горкага, Я. Чырыкава, К. Бальманта.

Горкі не зрабіў на мяне моцнага ўражання. Чытаў свае творы неяк невыразна і ціха. Хваляванне сярод слухачак было вялікае, што, відаць, і перашкаджала. Наогул, вечар быў нейкі сумбурны, мітуслівы.

Я. Чырыкаў - аўтар “Юности”, “Изгнания” і “Возвращения” з жыцця моладзі - быў у той час папулярны. Па выгляду нагадваў чэхаўскіх інтэлігентаў.

К. Бальмант. Яго пявучыя вершы мне вельмі падабаліся яшчэ ў школьныя гады (“Паміраючы лебедзь”, “Чайка”.). Апошні верш я нават чытала пад музыку на вечарыне ў гімназіі, і таму я з цікавасцю чакала яго выступлення. І вось ён з шапкай валасоў, якія пры электрычным святле адлівалі бронзай, з высока паднятай галавой, завываючы, чытае. Ён вярнуўся з падарожжа па Інданезіі. Месяц, агонь, зоры, яго Я і... няма людзей. Я запісала асобныя сказы.

Творимый творец творимого творенья.

Я для ветра нашел зацепленье...

Средь обезьян властитель благородный...

Я - око всеобъемлющее..

Ресничные для ока борозды.

Свой мозг пронзил я солнечным лучом.

Мой дух влюблен, он упоён.

Я царствую, блаженствую, горю.

Огонь бесшумный в мерцаньи церковной свечи.

О, красный огонь! Я тебе посвятил все мечты.

Ты в хрустальности звезд.

Солнце - огонь, луна - свет,