Звезды - сиянье.
Звезды - неумолчное пасхальное благовестие,
Звезды - ночные ипостаси солнца,
Красная страсть, кончающаяся белым созерцанием.
Безбрежное рыдание с луны излило жемчуга.
Новолуние серпом прорезало мне сердце.
Из пропасти вулканной вышины.
Поющую луну мы слушаем глазами.
В душе звездозлатится.
Вельмі красамоўна і лаканічна мая рэзалюцыя: “Тэкс”. Бальмант мяне расчараваў. Я была занята такімі зямнымі пытаннямі, як вайна, шуканне сцежак жыцця, а ён запрашаў мяне ў космас, накіраваў увагу на сваё ўспрыйманне стыхій. Нічога мне не даў, апроч “свития словес”. На тым сшытку, дзе быў зроблен запіс яго словатворчасці, у якасці эпіграфа напісаны былі словы:
От ликующих, праздно болтающих,
Обагряющих руки в крови,
Уведи меня в стан погибающих
За великое дело любви.
Надзвычайнае ўражанне зрабіў этнаграфічны вечар (6 (19).І.1916 г.), на якім спяваў сляпы бандурыст з Харкаўшчыны - Грыцко Сямёнавіч Кажушка. У вышыванай кашулі, шырокіх штанах з поясам. Бандура на каленях. І тэнар, што за душу хапае. Шмат песень і дум спяваў ён. Народныя і на словы Шаўчэнкі. І пра Хмяльніцкага, пра Маразенку, у якога татары выразалі сэрца:
Гэй, Морозе, Морозеньку ти славний
Козаче, за тобою, Морозенко,
вся Вкраіна плаче!..
“На смерць Шаўчэнкі”, “Ой, тры шляхі шырокія”, “Пападэнька”, “Варэныкі”, “Бярозка” і г.д. Слухалі і плакалі, не хаваючы слёз. На вечары былі і прафесары. Успамінаецца прафесар Ф.Ф. Зялінскі, высокі, сівы (ён чытаў антычную літаратуру), і ён плакаў. Праўда, ён не мог стрымаць слёз кожны раз, калі даводзілася на лекцыі чытаць развітанне Гектара з Андрамахай. Толькі дойдзе да гэтага месца, і ўжо рука цягнецца ў кішэнь сурдута па хустку (так гаварылі курсісткі).
Успамінаецца Максім Максімавіч Кавалеўскі - сацыёлаг. Выступаў ён на вечары, прысвечаным Соф’і Кавалеўскай, першай жанчыне-прафесару ў Швецыі. Мажны, пажылы, ён успамінаў свае спатканні з ёю за межамі. Праз шмат гадоў я даведалася, што С.К. збіралася звязаць сваё жыццё з ім, але ён хацеў, каб яна кінула сваё “прафесарства”, і яны разышліся. Мы з хваляваннем слухалі аб жанчыне, якая ў ліку піянераў пракладала шляхі жанчынам да вышэйшай асветы, да навукі. Нялёгкая гэта была дарога! Нават прафесару-жанчыне, прызнанаму за межамі, не знайшлося месца ў тагачаснай Расіі. Моцна трымаліся традыцыйныя погляды на няроўнасць жанчыны з мужчынамі.
Пытанне раўнапраўя жанчын мяне хвалявала са школьных гадоў. Я імкнулася паказаць на справе, што нічым не горшая за тых хлапчукоў, сыноў нашай добрай знаёмай, у якой мяне ўладкавалі на кватэру. Яны мяне і лічылі не паненачкай, а сваім таварышам, які можа дапамагчы і задачку рашыць, і растлумачыць незразумелае (вучылася я на пяцёрках, а ім навука давалася нялёгка).
Так званае “жаночае” пытанне хвалявала вучнёўскую моладзь у тыя часы і выклікала шмат спрэчак. Жыла я ўжо на іншай кватэры сярод дзяўчат, таварышак па гімназіі. Да іх наведваліся знаёмыя хлопцы - тэлеграфісты, пісарчукі, дробныя канцылярысты. І пачыналіся “прынцыповыя” спрэчкі! Ад бедных хлопцаў пух ляцеў! Чай астываў на стале. Забываліся пра песні, а дзяўчаты былі галасістыя. Цяжка было адбівацца ад згоднага націску сямікласніц, якія ўмелі падмацаваць свае доказы літаратурнымі і гістарычнымі прыкладамі.
Са студэнтамі цяжэй было змагацца: у іх быў больш грунтоўны багаж, але, бывала, і яны траплялі ў нялёгкае становішча. Памятаю адзін жарт, які збянтэжыў харошага хлопца.
У знаёмай дзяўчыны быў жаніх, пецярбургскі студэнт (палітэхнік ці гарняк). Ведаючы маю “струнку”, пачаў іграць на ёй. Ці ўспомніш, з чаго пачалося? Але гутарка жартам зайшла і пра біблейскіх Адама і Еву. Я сказала, ці справядліва вінаваціць Еву, што яна спакусіла Адама, проста яблыкі былі прыгожыя, і без спакусы тут абышлося. Спрачаліся заўзята. І вось мы з дзяўчынай умовіліся падстроіць хлопцу “спакусу”. Набылі вельмі прыгожых яблыкаў, палажылі на стол і нават прыкрылі газетаю. Сталі чакаць хлопца. Калі ён з’явіўся і заўважыў яблыкі, адразу, не пытаючыся, схапіў адно і з хрустам куснуў. Мы зарагаталі.
Была і іншая плынь, якая захапляла юнацтва (вядома, не дзяцей працоўных) у часы рэакцыі пасля рэвалюцыйнага ўздыму 1905 году. Ведаю толькі па чутках. Гэта так званыя гурткі “агаркаў”. Начытаўшыся “Санина”, раманаў Вярбіцкай і іншай таму падобнай літаратуры, яны на практыцы ажыццяўлялі ўсе іх тэорыі.
Мы не былі звязаны з рабочым асяроддзем. Дзе ўзяць было фабрычных рабочых, калі фабрык не было? Былі дробныя майстэрні, было сялянства, больш знаёмае і блізкае. І круціліся мы ў асяроддзі інтэлігенцыі, дробнага чыноўніцтва. Але шмат якія пытанні ўжо ставілі насуперак агульна прынятым поглядам.