Выбрать главу

На курсах было шмат аднадумцаў, тут былі свае традыцыі, пашана да жанчын- піянераў, жанчын шасцідзесятых гадоў. Але нельга сказаць, каб склад слухачак быў аднастайны. Шмат было такіх, якія разлічвалі толькі на свае працоўныя рукі, але былі і дочкі заможных, якія не вельмі клапаціліся пра заўтрашні дзень. І пастаноўка “жаночага” пытання ў іх мела свае асаблівасці.

Вайна ўнесла карэктывы ў гэтае пытанне. Практыка патрэбавала замены мужчын, якія пайшлі на фронт, жанчынамі. І тут ужо было не да спрэчак аб здольнасці жан­чын выконваць тую ці іншую працу.

На курсах былі студэнцкія арганізацыі, якія ядналі студэнтаў адной губэрні або горада - “зямляцтвы”, яны лягальна існавалі, мэта - узаемадапамога. Бабруйскага не было, бо мала дзяўчат з горада на курсах, затое ў іншых вышэйшых установах Петраграда студэнтаў хапала, усе хлопцы. Магчыма, у іх былі і свае арганізацыі па ўстановах - не ведаю. Афіцыйна не дазвалялася аб’яднання “зямляцтваў” па горадзе, але неафіцыйна.

Восень 1916 года была насычана ўсякімі хваляваннямі, забастоўкамі. “Зямляцтвы” пачалі адгукацца на бягучыя падзеі.

4 снежня бабруйчане наладзілі сход студэнтаў на прыватнай кватэры, безумоўна. Тут былі мы, студэнты ўніверсітэта, палітэхнічнага ін-та, псіханеўралагічнага і інш. Абмяркоўвалася рэзалюцыя саюза “зямляцкіх арганізацый”:

1. Пратэст супраць паводзін большасці Дзяржаўнай Думы на паседжанні 19 лістапада;

2. Адмова ад дабрачыннасці і прынцып самадзейнасці ў жыцці студэнцтва.

Недысцыплінаваныя “псіхі” паводзілі сябе шумна. Вярнуліся дадому з сільнай болью галавы - учадзелі.

Памятаю, адбыўся сход бабруйчан 29 студзеня 1917 г., на якім было ўзнята пытанне аб наладжванні чытанняў і рэфератаў на тэмы, якія нас цікавяць, нават выбралі камісію для распрацоўкі праграмы, але добрым пажаданням і намерам не суджана было аформіцца - час быў не такі. Былі яшчэ сходы. На іх прысутнічаў і выступаў С.Я. Вальфсон, студэнт універсітэта (ён заканчваў курс), Н.В. Азбукін, палітэхнікі, “псіхі” і інш.

Узмацніліся на заводах забастоўкі, 28.Х.16 баставалі на ваенным Трубачным заводзе. Аб прычынах хадзілі розныя чуткі. Для ўціхамірання хваляванняў рабочых накіравалі салдат і загадалі страляць у рабочых, але яны адмовіліся. Умяшалася паліцыя, яе пакалашмацілі. Салдат аддалі пад ваенна-палявы суд. Рабочыя яшчэ больш усхваляваліся, забастоўка ахапіла многія заводы.

Я магла назіраць, што рабілася на малым праспекце Васільеўскага вострава і на 10 лініі, дзе знаходзіліся курсы і насупраць іх тытунёвая фабрыка Лаферм. Было відаць, як людна рабілася на вуліцы і каля зачыненых варот дамоў і фабрыкі. Парадныя дзверы замыкаюцца, магазіны таксама. Чуюцца крыкі - відаць, паліцыя разганяе натоўп.

Сціхла. Нейкая жудасная цішыня. Цокаюць падковы коней па апусцелай вуліцы. Гэта праехаў патруль. Праляцела машына, і зноў цішыня. Што гэта дзеецца?

Увага прыкавана да Думы. Цікавімся выступленнямі дэпутатаў. У перапынках паміж лекцыямі чытаюцца прамовы думцаў. Некаторыя курсісткі наведалі Думу і расказвалі, што яны там чулі. Штурмер падкуплен немцамі. Са згоды Пратапопава вызвален з турмы Сухамлінаў. Ці праўда? Хвалюемся.

Надумалася я сагітаваць сваю кампанію наведаць Думу. Іншыя могуць, а мы - горшыя? У вольныя хвіліны я любіла паблукаць па горадзе. Куды мяне не заносіла! І мне здалося, што Дума недалека ад Васільеўскага вострава. Я памылкова іншы будынак прыняла за Думу. Цікава прайсціся пехатой! І мы пайшлі з Васільеўскага вострава, я - за павадыра. Ідзем, ідзем, а Думы ўсё не відаць. Давай распытваць дарогу. Нас усё далей і далей пасылаюць. Я ўжо зразумела, што памылілася, але маўчу. Засапліся добра, пакуль дайшлі. У Думе я выклікала з залы пасяджэнняў дэпутата - земляка з Гродзеншчыны, і мы атрымалі білеты на галярэю для публікі. Бачылі думскіх “слупоў”. Мажны Радзянка на старшынскім месцы. Выступаў чарнасоценец Маркаў 2-гі, які лічыў, што падобны да Пятра І і вельмі ганарыўся гэтым. Хацелася паглядзець на Пурышкевіча, але яго не было на пасяджэнні.

Нашы “курсачыя” дзеячы ўлічылі цікавасць да думскіх выказванняў і запрасілі выступіць на курсах дэпутатаў Шынгарова, а потым і П.Н. Мілюкова. Гэта былі жывыя ўдзельнікі думскіх “словопрений”, і нямала цікавага мы пачулі, але шмат у каго заклікі кадэта Мілюкова “Вайна да перамогі” і мары аб нейкіх Дарданелах не выклікалі ніякага спачування, а абурэнне. Хопіць! Даволі вайны!

Чуткі, чуткі. Колькі іх! На Мілюкова напад быў. Германія просіць міру. Часам газеты не дастаць ні раніцай, ні ўвечары.