Выбрать главу

Адчувалася, што існуюць таемныя плыні, якія ўлічваюць нездаваленне вайной (за што ваюем?), абурэнне казнакрадствам, здрадай, гаспадарчай разрухай (каля магазінаў усё павялічваліся натоўпы жанчын) і накіроўваюць у пэўным напрамку гэта нездаваленне. Часам на дзвярах сталовай або аўдыторый курсаў з’яўляліся лістоўкі. Чыталі і аглядаліся, ці няма “служителя”, які ўважліва сачыў за тымі, хто чытаў. Толькі яго фігура здаля з’явіцца, лістоўка знікала.

Якія партыі распаўсюджвалі? Для мяне і падобных да мяне назіральнікаў розніца паміж партыямі падполля не была яснай. Бальшавікі, меншавікі, эсэры. Яны ж супраць цара, сядзяць у турмах. Ну, і хвала ім!

Існавалі, пэўна, падпольныя арганізацыі і на курсах, але ні з кім мне не давялося сутыкнуцца, ды я, шчыра кажучы, і не шукала іх. Тыя, каго арыштоўвалі, судзілі, былі абкружаны арэоламі герояў.

На шматлюдных лекцыях (напрыклад, на лекцыях П. Катлярэўскага) па руках хадзілі папяровыя скарбонкі з надпісам “Чырвоны крыж”. Мы ведалі, што гэта збор на карысць палітзняволеных, і яны папаўняліся нашымі капейкамі. Школа, царква рыхтавалі вернападданых. Не атрымаліся з нас яны, але і свядомых партыйных змагароў не выйшла. Былі супраць падгніўшага ладу, хацелася працы на культурнай ніве, але будучыня паўставала ў марах вельмі невыразна. Не хапала палітычнай свядомасці. Цяпер піянеры больш падрыхтаваны, чым былі мы. “Новыя формы самі напрошваюцца, іх заціскаюць, а за старое рупяцца рэшткі былой велічы, учапіліся і рукамі, і зубамі” (1916).

Вось які невыразны пратэст! Ніякай класавай свядомасці!

Недзе я вычытала, што не кожны можа насіць “ярмо партыйнасці”. Цікава. Трэба пашукаць гэту цытату.

На сходзе бабруйчан-землякоў мы даведаліся, што 14-га лютага (ст.ст.) 1917 г., магчыма, адбудзецца выступленне рэвалюцыйных сіл. У гэты дзень яно не адбылося. А на курсах быў наладжан агульны сход, які я надта добра памятаю. У вялікай зале было цесна. Каб лепш чуць і бачыць, я ўлезла на падваконнік. Выступала студэнтка Конанава, невысокая, сур’ёзная. Ведаю, што яна мела адносіны да студэнцкіх арганізацый (каса ўзаемадапамогі). Прапанавала рэзалюцыю аб падтрыманні рабочых. Там быў пункт, які я з захапленнем успрыняла: “Прэч вайну!” Гэта рэзалюцыя, запісаная скорапісам, у мяне доўга захоўвалася. Я не разбіралася ў адценнях розных партый і праграм, абы супраць вайны і супраць цара. Сталі галасаваць. І паднялася бура! Большасць - за, меньшасць абуралася, яны ішлі за тымі, хто за “вайну да перамогі”.

Прыйшоў на сход рэктар, прафесар С.К. Буліч і папрасіў слова (мы яго называлі “Дядя Ваня” - ён нагадваў чэхаўскіх герояў):

- Пашкадуйце курсы! Успомніце 1905 г.! Паліцыя на дварэ!

Падняўся шум, не далі яму гаварыць. Доўга крычалі, размахвалі рукамі, збіраліся невялікімі групамі. Нарэшце студэнтка В. Пакацілава (яна працавала ў семінары прафесара В.В. Сіпоўскага), паклікала ўсіх, хто за вайну, у малы зал, дзе яны абмяркоўвалі сваю рэзалюцыю. Тут была невялікая група (я пацікавілася). На панадворку курсаў стаялі шпалерамі паліцейскія (“фараоны”), позіркі якіх і праводзілі нас да варот.

Колькі спрэчак было! А галоўнае, што-та будзе?

Дзяўчаты больш пасіўна адносіліся, але сярод хлопцаў, нашых таварышоў з універсітэта, палітэхнікума, былі прыхільнікі вайны да перамогі.

23 лютага (ст.ст. - 8 сакавіка) прыйшлі мы на курсы. Здзівіла, што надта мала верхняй вопраткі на вешалках. Ідзем далей. Пуста, толькі ў некалькіх аўдыторыях нешматлікія слухачкі. Глядзім - падыходзіць група да дзвярэй, адчыняе і прапануе ісці на дэманстрацыю на Неўскі. Мы з сяброўкамі, не чакаючы іншых, пабеглі апранацца і праз пару хвілін былі на вуліцы. Насупраць, каля тытунёвай фабрыкі “Лаферм”, ужо стаялі жанчыны-работніцы ў цёмных хустках (на фабрыцы працавалі галоўным чынам жанчыны). Мы прыстроіліся ў “хвост” і пайшлі на праспект праз Мікалаеўскі мост.

На Неўскім было ўжо людна. Ішлі дэманстранты і рабочыя, работніцы, студэнты ў форменных шынелях, курсісткі. Над галовамі запалаў чырвоны сцяг. Песні, песні. Нешта крычаць. Ідзе трамвай, яго спыняюць, пасажыраў просяць выйсці.

А сонца, рэдкі госць, так ясна свеціць у сінім небе. Снег пераліваецца іскрамі. Сінія цені. А ў небе - галубы. Я іх так добра памятаю можа таму, што падумалася: “Голуб - сімвал міру. Можа так і будзе?”

Раптам з папярочных вуліц выехалі коннікі - казакі па чатыры ў рад - і накіраваліся на дэманстрантаў. Народ рассыпаўся. Вунь пажылая жанчына крычыць маладому казаку:

- Ты на каго руку падымаеш? На сясцёр, братоў, матак?..

Казак паціху (твар сур’ёзны): “Да мы-та што? Мы - нічаво, а вот.” - вачамі паказвае на афіцэра, што ўперадзе.