Выбрать главу

Я апынулася на панелі каля Казанскага сабору. Сваіх таварышак пагубляла. Казакі ехалі ўжо не толькі па праспекту, але і па панелях. Я нешта крычала, махала рукамі і не заўважала, што морда каня ўжо блізка маёй галавы. Раптам адчуваю, што мае ногі аддзяляюцца ад зямлі, і я ўжо ў гурбе снега за агарожаю (дворнікі назмяталі). Перада мной стаіць дзядзька і так сувора і трохі іранічна на мяне пазірае. “Таксама рэвалюцыю рабіць сабралася.”, - мабыць думае. Я была збянтэжана. Занялася росшукамі згубленага галёша. На гэтым маё “выступленне” і закончылася. У інтэрнаце шмат было апавяданняў.

Дума распушчана. Пратапопаў прызначан дыктатарам і ўзброіў паліцыю кулямётамі. З акраін войска не дапусціла рабочых на Неўскі. Ужо на Неўскім страляюць уздоўж праспекта. Хваляванні ў войску. Асабліва памятна ноч з 27 на 28 лютага. Усе нечага чакалі. Ніхто нічога дакладна не ведаў. Няма газет. Пераказвалі, што ў адной вайсковай школе салдаты спынілі заняткі юнкераў.

Інтэрнат на Вялікім праспекце Петраградскай стараны. Па праспекту насіліся грузавікі. Дзіўна было бачыць на іх узброеных салдат і рабочых з чырвонымі сцягамі. Натоўпы людзей з захапленнем крычалі “ура”. Але вось пачуліся стрэлы, туканне кулямёта. Чутно, як кулі недзе блізка падаюць каля вуліцы. Крык замаўкае, але не надоўга. Зноў паказаліся грузавікі, зноў “ура”. Мы кідаемся да фортак, высоўваем галовы. Забыліся пра сон. Ляжым да першага “ура” у нярвовым напружанні.

Позна ўночы даведаліся, што прызначан часовы ўрад, што некалькі палкоў прыйшлі к Думе. Доўга абмяркоўвалі, седзячы на ложках, падзеі, і было неяк светла і лёгка на душы. А далей? Узнёсласць, захапленне. і галадоўка.

Дзіўныя імгненні! Ідзеш па вуліцы, углядаешся ў твары і не пазнаеш, адкуль радасць у хмурных заўсёды вачах. Некаторыя цалаваліся і плакалі. Вуліца жыла. Хто сядзеў у хаце? Лавілі навіны. Вось праехаў грузавік, і пад крыкі “ура” у паветры разляцеліся лістоўкі. Штурхаючы адзін аднаго, кінуліся лавіць іх. Нехта ўжо чытае ўголас. А там двое спрачаюцца да хрыпаты. Адзін у цывільным, другі салдат. Бальшавікі, меньшавікі, эсэры. Хто іх разбярэ! Галоўнае: прэч цара і яго паплечнікаў, за дэмакратычную рэспубліку! Усё іншае - у тумане.

Хацелася прыняць нейкі ўдзел у гэтай завірусе. Нельга заставацца толькі сузіральнікам. Але што рабіць? На курсах імкнулася запісацца ў санатрад - не бяруць, бо нічога ня ведаю. Усё ж такі апынулася неяк у мяне стужка марлі з чырвоным крыжам. Доўга я захоўвала яе, як памятку аб незабыўных падзеях.

Нехта дасведчаны падаў думку ісці збіраць грошы на харчаванне для салдат (а гэта была ў той час праблема). Я з сяброўкай вырашыла неадкладна заняцца гэтым. З пустымі рукамі няёмка збіраць грошы, трэба мець хоць якую-небудзь скрынку. Ішлі мы па Васільеўскаму востраву і думалі, дзе бы што дастаць. Раптам убачылі праз адчыненыя вароты вогнішча - гарэлі нейкія паперы. Пацікавіліся. Гэта быў паліцэйскі вучастак. Людзей на дварэ - нікога, а недалёка ляжыць сярод іншага гурба скрынак з папіроснымі гільзамі. Нам гэта і трэба. Узялі мы дзве, высыпалі гільзы, начапілі на рукавы марлю з чырвоным крыжам і пайшлі. Упрошваць не трэба было, грошы сыпалі і не пыталі, хто мы і адкуль. Некаторыя абдымалі, цалавалі, гаварылі харошыя словы. Настрой вясёлы, радасны. Неяк цяпер не верыцца, што магло так быць.

Накіраваліся праз Тучкоў мост на Петраградскую старану, дзе мы жылі. Трэба знайсці памяшканне, абсталявацца. Дапамога прыйшла ў асобе жвавага хлапчука ў старой салдацкай шапцы з чырвонаю стужкаю на ёй. Гэты Гаўрош таксама шукаў, куды прылажыць свае сілы. Неўзабаве ён прывалок пажылага дворніка з ключамі, і той, хоць і бурчаў, але адчыніў парожнюю краму на рагу Вялікага праспекта (відаць, тут прадавалі мяса). Зьявіўся самавар, сякія-такія кубкі. А мы пайшлі ў крамы купляць прадукты. Чарга. Нас бяз спрэчак прапускаюць уперад. І не адна бабуля спачувальна ўздыхнула.

Дзве тоненькія, худзенькія дзяўчаткі скора абраслі актывам. “Питательный пункт” для салдат пачаў сваю працу. Няголеныя, недаспаўшыя салдаты маглі пагрэцца гарачым чаем. Часам шумна было, спрэчкі, спрэчкі гарачыя.

Раптам застракатаў кулямёт - і блізка. Схапіліся, павыбягалі, рассыпаліся ланцугом - і пачалася страляніна. Недалёка, налева, стаяла званніца, адтуль стралялі. Я падняла каўнер свайго паліто і сіганула далей ад дзвярэй. Раптам па дарозе - трась вялікая шыбіна - і мяне ўсю абсыпала шклом. Са страху прытулілася да сцяны паміж вялікіх вокнаў. Вось добра, што каўнер падняла! Гляжу - пад лаўкаю ляжыць мая сяброўка, таксама ратавалася.