Выбрать главу

Потым перанеслі свой “пункт” на другі бок праспекта ў больш утульнае памяшканне. Нават наладзілі варыва - юшку з бульбы. Самі таўкліся тут цалюсенькі дзень, і міска гарачага нас таксама ратавала ад знясілення, бо ў інтэрнаце не было чаго есці, а купіць не так лёгка, да курсавой сталоўкі далёка і няма калі.

Хадзілі ўсякія гутаркі. Палкі ідуць з фронта на дапамогу рэакцыі, арыштавалі міністраў, поначы ездзіць “чорны” аўтамабіль, з якога страляюць у прахожых. І калі мы позна варочаліся ў інтэрнат (ён недалёка знаходзіўся), пільна прыслухоўваліся, ці не чуваць машыны. Аднойчы нейкая без агню пранеслася, і мы спалохана прытуліліся да варот.

Жылі мы на апошнім паверху будынка, дзе знаходзілася Уладзімірскае юнкерскае вучылішча, пад намі - ваенны шпіталь. На нашых вачах узброеныя рабочыя з чырвонымі павязкамі на рукавах і салдаты займалі вучылішча. Юнкеры з кулямётамі на плячах пад крыкі сабраўшыхся адзін за адным праходзілі і складалі зброю. Найбольш галасістымі былі падлеткі-хлапчукі. Мы павысоўваліся ў форткі і таксама крычалі і махалі хусткамі, хоць нам і раілі знізу не высоўвацца, бо могуць страляць.

Паліцэйскія былі ўзброены кулямётамі і хаваліся на гарышчы і адтуль з-пад дахаў стралялі. Узброены патруль правяраў і наш будынак, ці няма там якога-небудзь “фараона”.

Пахаванне забітых у час рэвалюцыйных падзей. Гэта была дэманстрацыя! Помніцца, дзень быў хмарны, снег пачарнелы, хлюпала. Бясконцыя ланцугі людзей у цёмным адзенні запрудзілі вуліцы. Стройнымі шэрагамі, узяўшыся пад рукі, ідуць і ідуць. Твары засяроджаныя, ні гамонкі, ні смеху. Вось Тучкоў мост. Глянеш налева і бачыш гэтыя ланцугі аж на набярэжнай, і далей яны ўжо накіраваліся праз другі мост. Дамы маўклівыя, вароты зачынены. Вось і Зімовы палац. Вокны завешаны. Песня “Мы жертвою пали.” І так гэта грозна гучала на пляцу, напоенаму крывёю ахвяр цяпер пераможанага ладу. Незабыўныя хвіліны.

На сэрцы скрабло. А ну, які недабіты прыхвасцень зверху палье кулямі! Усё магло здарыцца! Але такая моц была ў гэтай маўклівай, бяззбройнай дэманстрацыі, што ніякі злыдзень не адважыўся парушыць парадак. Праз цэлы горад - на Марсава поле. Чырвоныя труны загінуўшых. Чырвоныя сцягі. Апошняе развітанне. “Мы жертвою пали.”

Што далі мне курсы? Праз гады я задавала сабе такое пытанне не раз. Прабыла я там няпоўных чатыры семестры, бо выехала ў пачатку красавіка 1917 г. і ўжо вярнуцца не мела магчымасці.

Пасля сканчэння школы і 8-га педагагічнага класа я рыхтавалася да настаўніцкай працы, але адчувала сябе вельмі непадрыхтаванай. Вучылася я добра (скончыла з залатым медалём). Настаўнікі лічылі, што ў мяне ёсць сякія-такія педагагічныя здольнасці, але я вельмі крытычна ставілася да сваіх ведаў. Каб быць добрым настаўнікам, трэба нямала ведаць. Трэба вучыцца! А грошай няма, каб падацца ў шырокі свет. Атрымала месца ў школе, набрала прыватных лекцый, зарабляю, і думка адна: паеду на курсы. Каб не траціць дарма часу, надумалася заняцца самаадукацыяй, напісала ў Маскву ў нейкае т[аварыст]ва, што складала праграмы для самаадукацыі. Прыслалі мне праграму, хаця час быў не такі, каб аб нейкіх праграмах думаць - ішла вайна. Перагарнула я гэту праграму і адчула, што мне цяжка нешта самой без кіраўніцтва рабіць. Тут гэтулькі ўсялякіх назваў кніг! Ды дзе іх дастаць? Выпісваць? Мой заробак прызначаўся для пэўнай мэты - курсы, і не хацелася яго чапаць нават на кнігі. Дарваўшыся да гэтых курсаў, я старалася трапіць усюды, дзе можна было пачуць што цікавае і карыснае. Адчувала сябе такой шчаслівай. Такая розніца паміж школай і курсамі! Куды мяне не насіла! Цікавілася ўсім, аднак не было якой-небудзь галіны, якая мяне асабліва захапіла.

Перада мной адчынілася акно ў шырокі свет. Хаця я ўвесь час адчувала, што ведаю мала, і гэтулькі яшчэ трэба спазнаць, але здавалася, што нейкія бясспрэчныя асновы я набыла ў школе. Што напісана ў падручніках, відаць, трэба прыймаць за аксіому. А тут з першых крокаў нас заклікалі да крытычнага падыходу шмат да якіх ісцін.

Нас, першакурсніц, сабралі ў аўдыторыі, і дэкан параіў уважліва праслухаць лекцыі прафесара Бадуэна дэ Куртэнэ, які да школьных граматык адносіўся вельмі непрыхільна. Нам параілі забыць, што мы ведалі па граматыцы. А калі мы здолеем зразумець па-сапраўднаму яго лекцыі, гэта як бы будзе служыць адзнакай, што мы ўжо студэнты.

І колькі знайшлося ўсякіх гіпотэз у тым, што мы прыймалі за аксіомы. Шмат неразвязаных праблем, і трэба было знайсці сярод многіх пунктаў гледжання свае адносіны, няхай памылковыя, але прадуманыя самастойна.

Сшытак 10

Людзі