Выбрать главу

Людзі, людзі. Цені мінулага.

Матка ўспамінала Забароўскага, таленавітага ўмельца, які з вялікім майстэрствам рабіў з дрэва розныя рэчы. У бабулі захавалася вісячая з разьбой палічка яго рабо­ты. Яна была размалёвана ў некалькі колераў з кутасамі, па-мастацку выразанымі. Была і валкаўніца для валкавання бялізны з тонкім арнаментам.

Чула я і пра самадзейнага паэта, які на кожны выпадак меў свае прыказкі і нават вершы.

Прывітанне на Валоссе

(запісваю паводле слоў маткі)

Каб вам на Валоссе

Жылося і вялося:

У чаросе - калоссе, а ў ячмені - струк.

Каб вам раі раіліся, за каўняром садзіліся,

Каля паясніцы, як брушніцы,

Каля каўняра, як жамяра,

Што хваць - то пяць.

Каб у вас цяляткі, як кляшчаткі,

А хвасты, як бічы,

Каб лягчэй было за плот валачы.

Паразоўскі фальклор

А караляў поўна шыя,

А кашулі не пашые,

А рубчыка не зарубіць,

А хлопчыкаў добра любіць.

Андрэй, не дурэй, не дзяры сарочкі:

Не ты праў, не ты ткаў і не твае дочкі.

Баба Ксюта, дзед Талаш

Паехалі на кірмаш.

Як паехалі учора

Дый сягоння нямаш.

Куды едзеш? - На кірмаш-ш-ш.

А што купіш? - Капялюш-ш-ш.

                                          Ну-у-у-у!

Люлі, сынку люлі.

Пайшоў кот па дулі,

Памарозіў лапкі,

Узлез на палаткі.

Сталі лапкі грэцца,

Недзе катку дзецца.

Местачковая інтэлігенцыя

Паўстае перада мною лысая галава пажылага чалавека з ветлівай ухмылкай, у бліскучых акулярах. Ходзіць, нізка апусціўшы галаву, нібы шукае чаго-небудзь у сябе пад крываватымі нагамі і памахвае ў такт кійком. Калі ў добрым гуморы, нешта бурчыць сабе пад нос. Гэты акцызны чыноўнік у той час, відаць, ужо не працаваў. Мікалай Усеваладавіч Капішчаў, чалавек адукаваны, бывалы. Шмат чаго мог расказаць аб сваіх падарожжах і сустрэчах. Паходзіў ён з казакоў і неяк асеў у нашым мястэчку. Жыў ён адзінока, без сям’і, і таму часта вечарамі заходзіў на агеньчык то да адных, то да другіх. Любіў сябраваць з дзяцьмі, асабліва вылучаў мяне, бо ведаў ад нараджэння. Ён мог і казу рагатую паказаць, і расказаць што-небудзь цікавае, а то заахвоціць садзіць кветкі, бо і сам імі захапляўся. Выпісваў насенне невядомых раслін з розных гадавальнікаў, і квятнік у яго быў на дзіва. Асабліва помніцца мне пахучая тубяроза, якую я выгадавала, дзякуючы яму. Іграў ён на маленькім шасцікутным гармоніку, які называў “концертино”. Неяк захапіўся сцэнаграфіяй, навыпісваў падручнікаў і мяне пачаў вучыць.

З цеплынёю ўспамінаю гэтага чалавека. Нашы “дамы” над ім падсмейваліся, але ён не абражаўся.

Памятаю вечары, калі ён наведваў нас, захапіўшы з сабою кніжку апавяданняў Станюковіча, Чэхава, Лейкіна. Чытаў ён уголас вельмі добра, выразна. На стале ўтульна гарыць лямпа пад зялёным абажурам, асвятляе твар М.У., перад ім шклянка моцнага чаю без цукру, акуляры і папяросы. Матка нешта шые, а я лаўлю кожнае слова.

Настаўнікі. У тыя гады ў мястэчку народная школа была двухкласная (відаць, толькі з 1908 г.), працавала два настаўнікі. Малодшы А.М. толькі скончыў настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы і ў 1908 г. атрымаў сюды прызначэнне. Мы тады ўжо жылі ў мястэчку.

Матка ўспамінала настаўніка, які раней шмат гадоў працаваў тут: Бельскі Васіль Адамавіч (з 1883 г., у 1905 яго ўжо ў школе не было). Ён часта бываў у бабулі, нават, здаецца, сталаваўся. Яго я бачыла не раз, успамінаецца слова, якое ён часта ўжываў - “значыцца”. Матка над ім падсмейвалася і лічыла, што ён невысока лётае.

Малады ж настаўнік (яму было гадоў 19) быў начытаны, жвавы, а разам з тым, як на свае гады, вельмі сталы. У яго была нядрэнная бібліятэчка харошых кніг, якія ахвотна ён прыносіў мне і матцы. Мы з ім пасябравалі - настаўнік і вучаніца. Шмат чым я яму абавязана, ён для мяне значыў больш, чым сам думаў. Я любіла пакпіць, не згаджацца, гэта бянтэжыла яго. Юны рамантык, перапоўнены ўзнёслымі імкненнямі і пачуццямі. Школе аддаваў шмат маладога запалу і энергіі, працаваў, не гледзячы на гадзіны, да знясілення. Вечарамі, калі прыходзіў да нас, расказваў аб сваіх вучнях: выбраў некалькі, каб падрыхтаваць да выпускных экзаменаў і дабіўся добрых поспехаў.

Сярэдняга росту, круглатвары, з чорным густым чубам. Пасярод ілба валасы спускаліся трохі мыском над пераноссем. Улетку насіў шырачэнную пелярыну, мод­ную ў тыя часы, з бліскучымі жоўтымі зашпількамі на ланцужку. Нейкі прыяцель сфатаграфаваў яго на могілках каля пышнага помніка пана Булгарына (здаецца так) у гэтай адзежыне. Вочы летуценныя ў далі глядзяць, у руках - кніга. Я зрабіла заўвагу, што на кнізе павінен быць надпіс “Надсан” або “Бедная Ліза” - гэта вельмі пасавала б да ўсёй постаці.