Другі настаўнік школы Нікановіч неяк стаяў убаку. Доктара ў той час ў мястэчку не было, застаўся толькі фельчар - сціплы чалавек, жыў з жонкаю і сястрою жонкі, маёй аднагодкай.
Сям’я свяшчэнніка была немалая. Дзве старэйшыя дачкі пасля сканчэння епархіяльнага вучылішча былі настаўніцамі, дзве малодшыя - Шура і Аня - яшчэ вучыліся. Па ўзросту яны якраз падыходзілі для мяне. Два сыны дарослых яшчэ не скончылі духоўнай школы ці акадэміі. На вакацыях яны зляталіся дамоў, і рабілася шумна і весела. Да іх прыязджала моладзь з ваколіц.
Думная, паважнага выгляду дама працавала ў манапольцы (за вочы яе называлі багіняй). Жыла яна з сынам, дашкольнікам Сяргеем. Мажная яе фігура, бывала, плыве па мястэчку, а наперадзе бяжыць Сяргей. Яна не жыла з мужам, прычыны мне невядомы. Голас у яе глухаваты, уражанне такое, што нешта няладна з горлам.
Наязджалі часам ляснічы Шмакаў з пушчы з сястрою.
У святочныя дні збіраліся па чарзе адны ў другіх: частаваліся, гулялі ў фанты, шарады. Мы, падлеткі, прыймалі ў гэтых гульнях дзейны ўдзел, а так то больш трымаліся асобна і ў размовах не ўдзельнічалі. Цяжка мне цяпер сказаць, што гэтых людзей хвалявала, якія адносіны былі да грамадскіх падзей тых змрочных часоў. Улетку вечарамі ў блізкім гаі ці ляску на другім канцы мястэчка чуваць былі песні: моладзь гуляла.
Успамінаючы гэтыя часы праз многа год, мой прыяцель, настаўнік А.М., мне сказаў, што можа б ён і закруціўся ў гэтым бяздумным віры або спіўся, каб не выпадак, калі ён застаўся сам-на-сам і другімі вачамі глянуў на свае паводзіны. І вінавата ў гэтым была скула, якая выстрыкнулася на шыі і была вельмі балючай. Замкнуўся ён у школе і не адгукаўся ні на якія спробы парушыць яго адзіноту. Сядзеў, нібы яго ў хаце не было, а сам пачаў рыхтавацца да паступлення ў настаўніцкі інстытут. Ён даўно аб гэтым думаў, але праз усякія гулі ніяк не мог узяцца. І скула памагла: увосень здаў экзамены і выехаў у віцебскі інстытут.
Сшытак 11
Сябры
Маімі харошымі сябрамі, як гэта ні дзіўна, былі ў гэты час не дзяўчаты. Адна мая Зіна (беленькая) адышла ад кампаніі ў сувязі з цяжкімі асабістымі драмамі. Другая Зіна (чорная) працавала ў аднэй школе, але перажывала перыяд смутку; захаплялася матэматыкай і не менш сур’ёзна разумным сталым матэматыкам, які лічыў гэта захапленне несур’ёзным, і яна пераключылася на не саўсім разумнага не матэматыка.
Мае сябры ведалі, што я не пераношу пошлага флірту, а пагаварыць і паслухаць прыемных мне людзей люблю. Яны ведалі, што язык у мяне востры, і я магу з імі скрыжаваць сваю зброю.
Вось В.Р. з адкрытым позіркам светлых вачэй, фізік, скончыў універсітэт і марыць, калі дазволяць абставіны, ехаць у другі вуз. Я таксама думаю аб заканчэнні сваёй асветы, а цяпер працую і чакаю. Быў блізкім суседам і забягаў або паведаміць якую-небудзь навіну, або проста пагаварыць. Вось разважанні аб вялікіх магчымасцях фізікі, аб энергіі і яе размеркаванні, аб псіхічных з’явах, да якіх фізікі яшчэ рук не прыклалі, а трэба. Тут я толькі слухала і навучалася, а калі гутарка зачапляла палітычныя з’явы, я прабавала і свае думкі вылажыць. У часы польскай акупацыі В. папрасіў мяне навучыць чытаць па-польску. Мы бралі газеты, чыталі і абмяркоўвалі іх змест. Пападала панам! У 1921 годзе ён паехаў у Петраград і паступіў у нейкі інстытут (політэхнічны?), а я - у Мінск у БДУ. Зіны таксама раз’ехаліся.
А.Н.З. паспеў нямала чаго бачыць. Хударлявы, імклівы, усё некуды спяшаецца, бяжыць. Гаворачы, нервова пацягвае каўнер кашулі. Уражанне такое, што не ўсё гладка ў яго жыцці, і ён часта аглядаецца назад. Цікава паслухаць пра яго падарожжы, ён многа ведае, многа чытаў. На правах старэйшага можа зрабіць заўвагу. Яго ў калектыве паважалі, а яму хацелася нейкіх больш цёплых адносін. Часты наведвальнік нашай “камуны”. Выкладаў літаратуру.
Вершы ж пісаў не літаратар, а чалавек з вострым розумам, тонкі назіральнік - матэматык У.К.Ф. Яго “оды”, сціслыя вершаваныя характарыстыкі сяброў, былі трапныя і характэрныя. Залескі і Усціновіч - антыподы. Мітуслівасць першага, спакой у другога. Адзін гаварыў многа, другі коратка, але важка. У аднаго не-не ды і вылезуць слязлівыя ноткі, у другога іх не заўважыш.
Залескага акупанты-палякі арыштавалі і некуды вывезлі, нічога аб ім не ўдалося даведацца.
Гартаю старонкі сваёй памяці. Перада мною ажывае вобраз дзівака-географа, нібы паўстаў жывы герой з раманаў Жуля Верна. Вёрткі, імклівы, з лысай галавою, як у бацькі, а малады ж яшчэ - толькі скончыў універсітэт. Ажаніўся і меў дачку, а паважнай сталасці ніякай. Мог з вучнямі ў даганялкі пабегаць ці ў чэхарду пагуляць. Закаханы ў сваю геаграфію і ў родны край. Колькі раз мне гаварыў: “Што я за географ, што сяджу на месцы?” Я яму адказваю, што час такі цяпер, трэба рабіць тое, што ў гэтых умовах магчыма, трэба чакаць. “Чакаць? Колькі ж чакаць? Давай пойдзем пехатою... у Парыж!” Такое забурэнне ў свеце (1919 г.), а тут. Смяяцца нават не выпадала, бо гэта была мара, нездавальненне навакольным, а Парыж меў сімвалічнае значэнне. Я ў сябе на сшытку напісала: “У кожнага свой Парыж, да якога рвецца душа; у кожнага свая Галгофа, куды ён у знямозе цягне свой крыж”.