Хочацца яшчэ ўспомніць аднаго эсэра Бабчонка, які ў перапынках на настаўніцкіх сходах любіў паспрачацца на гэту тэму. Потым я яго спатыкала ў Мінску, працаваў выкладчыкам у Камвузе.
Шмат шкоды беларускаму руху нарабілі панкі, якія паўлазілі ў Камітэты ў Мінску і гнулі там сваю лінію. Вельмі слушныя былі выказванні супраць накіраванасці іх палітыкі, але, на жаль, валілі ў адну кучу паноў і не паноў. Выступалі наогул супраць пастаноўкі беларускага пытання, лічылі яго “польскай інтрыгай”, “панскай выдумкай”. І гэта часта гаварылі партыйцы! Як там у Маскве глядзелі, да нас яшчэ не дайшло, але на месцы блытаніны было многа і не скора яна разблыталася.
Да якіх жа паноў залічыць мне сябе ды і тых маіх сяброў, якія таксама лічылі сябе беларусамі і гатовы былі шчыра працаваць на культурнай ніве для свайго народу?
Найбольшае ўражанне на мяне рабілі вершы Я. Купалы. Шмат вывучыла на памяць, чытала ўсім, хто хацеў слухаць. У першую чаргу - сваёй матцы, якая не давала веры, што ён сам іх напісаў, бо што добрага мог даць лапатны беларус? Коласаўскія “Песні жальбы” не хвалявалі. У “Вянку” Багдановіча ззяла гэтулькі дыяментаў, аднак такой сілы пачуцця, як ў Купалы, я не знаходзіла. Песні Купалы ішлі ад сэрца і траплялі ў самае сэрца і больш адпавядалі тагачасным узнёслым настроям.
Ён гаварыў ад імя “пагарджанага век” народу, які нёс сваю вялікую крыўду “на свет цэлы”, хацелася яму, каб прынялі яго чалавечую годнасць.
Я - трэйцяе пакаленне сялянскай сям’і - з аднаго боку прыгоннай, з другога - вольнай ад прыгону - ад культуры з усходу і з захаду нямала харошага ўспрыняла. І вось вершы Купалы ўзбунтавалі маю сялянскую кроў, і стукнула яна мне ў самае сэрца. Я адчувала сябе моцна звязанай з народам і з роднай краінай, над якой “строілі здзекі”. Гэта была нейкая арганічная, біялагічная сувязь, а не прыдуманая. Трэба нешта рабіць? А што?
Лета 1917 г. Начытаўшыся вершаў Купалы, мне захацелася самой папрабаваць пісаць па-беларуску. Ці добра памятаю я мову маіх дзіцячых гадоў? Я не лезла ў пісьменнікі, ведала, што ніякага таленту ў мяне няма. Можна папрабаваць перакласці якую-небудзь рэч. І я выбрала казку М. Горкага “Палаючае сэрца Данка”. Паказалася яна мне тады вельмі сучаснай. Чалавек для людзей ахвяраваў сваё сэрца, а яны, выбраўшыся з багнаў на шырокія прасторы, забыліся на яго. Узнёслая, з сваеасаблівым рытмам проза мне дужа падабалася. Я пераклала і некаму пахвалілася. Не памятаю, хто гэта быў. Магчыма, знаёмая з Мінска, якая папрасіла мяне даць пераклад. Друкаваць я нідзе не збіралася. Няхай каму-небудзь пакажа. Падпісала яго лацінскімі літарамі І.В. Пераклад зьявіўся ў газ. “Вольная Беларусь”, хаця я не меркавала яго туды пасылаць.
1919 г. Нехта падаў мне думку перакласці “Рабінзона Крузо”. Я набыла перапрацоўку кнігі Дэфо і нямала над ёй папрацавала, многа пераклала, але забракавала. Што ж гэта я буду з перапрацоўкі перакладаць? А на большае не хапала часу, і мой пераклад трапіў у печ.
1917 г., вясна. На адным з мітынгаў у Б[абруйску] я прачула палымяную, натхнёную прамову на беларускай мове. Яна клікала беларусаў да абуджэння. Не памятаю канкрэтна пра што больш гаварылася, але гэта прамова зрабіла ўражанне на мяне і маіх сяброў. Мы пазнаёміліся з прамоўцам. Высокі, зграбны, у вайсковым убранні, светлавалосы. Ён здаваўся нам паважным чалавекам, калі не старым, - быў больш як на 10 гадоў старэйшы. Хто ён і адкуль неяк у той час не цікавіла. Даведаліся толькі, што нешта друкаваў у “Нашай ніве”. Гэта быў Ф[абіян] Ш[антыр]. Прыпамінаюцца мне нашы спрэчкі. Я была задзіра, а ён, карыстаючыся сваім “паважным” узростам, хацеў, каб такая мелюзга прыймала ўсё, што ён гаворыць. Я ўпарта трымалася сваіх - няхай памылковых - думак. Прамоўца ён быў з агеньчыкам, умеў захапіць. Прыпамінаецца нейкая яго лекцыя. Змест не зачапіўся ў маёй памяці, відаць, пра нацыянальнае бел[арускае] пытанне, але столік з беларускімі выданнямі добра памятаю. Багушэвіч, Багдановіч, Купала і інш. Я атрымала “Шляхам жыцця”, кніга гэтая стала маёй настольнай, я з ёю не разлучалася.
Ф[абіян] Ш[антыр] добра дэклямаваў, з экспрэсіяй. Чамусь у памяці паўстае верш Купалы “Зоркі не ўбачыш, імгла непрыхільная...”
К сонцу і зорам жыццё тваё рвалася,
Віхры і ночы на бой вызывала.
Згасла ўсё лепшае, згасла, зламалася...