Выбрать главу

Быў ён жвавы, жыццярадасны, калі ў гуморы, мог праспяваць табе раманс або арыю з оперы ды яшчэ стаць на адно калена. У настаўніцкай на перапынках сваім чытэльным дробным почыркам выпісваў слупкі лічбаў - ён паважаў статыстыку. Цікава было слухаць яго вучоныя геаграфічныя разважанні, але былі ў нас пункты разыходжання, і мы счапляліся, як пеўні, аж пер’е ляцела, аднак гэта не перашкаджала нам быць добрымі сябрамі.

Адарваны ад роднага краю з 30-га году, ён так і не вярнуўся, а скончыў сваё жыццё ў Сярэдняй Азіі, куды паехаў дабрахвотна, каб лепш пазнаць гэты невядомы для яго край. Ён працаваў у школе, а ўвесь свой вольны час аддаваў пошукам раслін і збіранню гербарыя, гойсаў па гарах і падраў не адны чаравікі і штаны. У выніку выявіў некалькі невядомых раслін і вельмі ганарыўся гэтым.

Умовы жыцця ў 1939 - 40 гг. там былі вельмі нялёгкія: цяжка было з хлебам (з ночы займалі чаргу), не было свету (чарга па газу) і г.д., толькі фруктамі і жылі. Да таго ж затрымлівалі зарплату. Я добра пра гэта ведаю таму, што яго жонка мне часта пісала, а яна была маёй лепшай сяброўкай. Што датычыць самога М., то ён гаспадарчыя справы ставіў за нішто, быў паглыблены ў сваю навуку. Ведаючы гэта, я старалася яго трохі “прызямліць”, рэкамендавала заняцца практычнай батанікай. Калі ён з захапленнем пісаў пра свае экскурсіі ў горы, я наўмысна ставіла пытанне, ці звязаны ён з якой-небудзь экспедыцыяй Ак[адэміі] навук, бо мяне палохалі гэтыя падарожжы ў прыгранічных гарах. Часы вельмі няпэўныя, трывожныя, і не трэба было лезці на ражон. Але ці гэта яго затрымала? На мае дылетанцкія рэкамендацыі ён адказваў навуковым трактатам (ліст ад 16.VI.40 г.).

У памяці паўстае постаць юнака-энтузіяста культурнага адраджэння Кастуся Шч. Калі я пазнаёмілася з ім? У 1919 - 1920 гг.? Ён працаваў у 1920-21 гг. настаўнікам у Бацэвічах, вёрст за 30 ад Бабруйска, а ў горадзе жылі яго сваякі. Сястра вучылася ў школе на Мінскім фарштаце ў 1920-21 гг. Яна з дэлегацыяй вучняў ездзіла да Янкі Купалы прасіць у яго даць згоду на прысваенне школе яго імя.

У хлопца былі вельмі прыгожыя вочы з доўгімі вейкамі - пазайздросціла б любая дзяўчына. З вялікай энергіяй ён узяўся ладзіць у школе вечарыны. Улетку 1921 г. я працавала на летняй дзіцячай пляцоўцы ў Бацэвічах, гаспадарчыя клопаты ён вёў. У палацы пана размяшчаўся клуб, тут ставіліся спектаклі. Нават мне давялося выконваць нейкую ролю ў п’есе “Калісь” Аляхновіча, а навокал было неспакойна: трывожылі бандыцкія налёты. Ён час ад часу наведваў Мінск і, вярнуўшыся адтуль, аглушаў навінамі. Недзе дастаў шмат беларускіх кніжак і мне падараваў вялікую пачку. Увосень 1921 года я выехала ў Мінск. Ён паехаў на вучобу на Украіну.

Памятаю яго фатаграфію, надпіс з верша А. Гаруна. Па памяці цытую:

Ці ж будзе час, што нам спаткацца

Яшчэ раз здарыцца калі?

І струны сэрца разбрымяцца

У тыя песні, што былі.

Ніхто не скажа! Толькі знаю

І не ўтаюся ад цябе:

Няхай цябе я не спаткаю -

Пакінеш след ты па сабе.

І ў час, калі гадзінай шарай,

Сярод бязлюддзя пустаты,

Нуда абляжэць чорнай хмарай,

Праменнем сонца будзеш ты.

Цікавы лёс гэтай фатаграфіі. Шкада, што не захавалася. Вось глянуць бы на яе цяпер!

Сшытак 12

Відаць, пасля лютаўскай рэвалюцыі я пісала матцы ўсхваляваныя лісты, захаплялася падзеямі. Яна вельмі хвалявалася за мяне, пісала мне (6.ІІІ.17 г.), што калі не выйшлі газеты петрагр[адскія] і маскоўскія, перастала спаць, а сама падзеі спаткала з радасцю. “Второй раз в жизни такое переживание, такое волнение. Это ведь большое счастье для таких натур, как моя. За­видую тебе, ты могла видеть и слышать, а я только душой с тобой была там”. Пісала, што газет няма. Калі атрымліваюцца, бяруць з бою, № “Рус[ского] слова” прадаюць па 5 руб., “Бобр[уйский] курьер” па 25 - 50 кап. №, просіць прыслаць ёй газет. Гімназісты хацелі маніфестацыю правесці, іх угаварылі начальнікі не рабіць гэтага. Няма ні паліцыі, ні міліцыі.