Выбрать главу

Прыехала я з Петраграда дамой у пачатку красавіка 1917 г. Усё жыццё шкадавала, чаму так рана выехала. Каб трошкі затрымалася, пабачыла б і паслухала У.І. Леніна. Аб ім я саўсім малаведала. Сядзеў ён у турмах, быў у эміграцыі, казалі, што выступае супраць вайны. Гэта пытанне мяне асабліва хвалявала.

Прыехала я ў вельмі ўзнёслым настроі. Мне здавалася, што ўсе павінны вітаць рэвалюцыю, што пачынаецца новае жыццё і г.д. З захапленнем апавядала аб тым, што перажыла, што бачыла на свае вочы. Мяне аблівалі халодным душам. Ці ве­даю я, што Ленін у запламбіраваным вагоне вярнуўся на радзіму з эміграцыі? Гэта нямецкі шпіён, ён хоча замірэння з немцамі, а іх трэба біць. Такія гутаркі чуліся ў мяшчанска-чыноўніцкім асяроддзі. Я наскоквала пеўнем, але поспеху не мела і рашыла не траціць свайго запалу на такія гутаркі. “Ці можна ўскалыхнуць гэта застаяўшаяся балота?” - разважала я.

Скора пачаліся мітынгі. Як не пайсці і не паслухаць? Вось выступае ў шынялі акопнага выгляду ваенны. Гаворыць, што вайну трэба канчаць, што землю даць сялянам, не чакаючы Устаноўчага сходу. Мясцовы дзяяч у гарнітуры і акулярах супярэчыць яму - ён за падтрымку часовага ўрада. Адзін за другім падымаюцца на трыбуну прамоўцы ад розных партый. Не разабрацца, у чым яны згодны, што іх падзяляе. Я прыслухоўвалася да тых, хто гаварыў: “Прэч вайну!” Прызнаюся, праграмныя максімумы і мінімумы мяне займалі мала. Часам разгаралася палеміка, тэмпература павышалася. Слухачы жвава рэагавалі: адны падтрымлівалі, іншыя былі супраць. Прамоўцы не карысталіся шпаргалкамі, гаварылі як умелі, не аглядаючыся на другіх. Не баяліся каму-небудзь не дагадзіць.

Вядома, трэба пабегаць па мітынгах і па сходах, але трэба думаць і аб заробку. Не сядзіш за моцнай спіною, якая цябе засланяе ад жыццёвага клопату. У школу прасіцца яшчэ ранавата, заняткі канчаюцца, а да восені далёка, але ўсё ж я зрабіла разведку. Мне абяцалі месца з восені. А пакуль што я пайшла ў гарадскую ўправу, там набіралі працаўнікоў для статыстыкі. У сувязі з падрыхтоўкай да выбараў ва ўстаноўчы сход трэба было праводзіць перапіс насельніцтва горада, і я пачала працаваць.

З Петраграда паварочаліся і мае сябры-студэнты: абедзве Зіны, Мікола, Валодзя, Надзя, Ніна. Пакуль што яны гулялі, а з восені некаторыя з іх уладкаваліся ў новай школе, якая толькі арганізавалася - у Грамадскай гімназіі, а я атрымала працу ў Вышэйшай пачатковай школе (настаўнікаў пабралі ў войска). У школе вучыліся хлопцы, дзяўчат не было. Работы ў школе мне хапала. Выкладала гтсторыю і часткова рускую мову. Падручнікі па гісторыі былі з душком Турцэвіча ці Ілавайскага. Наглядзеўшыся ў Петраградзе як скідалі “благочестивейшего і самодержавнейшего”, як пад свіст гледачоў яго эмблему - двухгаловага арла - адрывалі ад сцен будынкаў і разбівалі, ці магла я не рабіць сваіх каментарыяў да слоў падручніка? Было шмат запалу, але быў і такт. І вось мне прышлося адбівацца ад абвінавачванняў бацькі майго вучня, які прынёс скаргу на мяне загадчыку школы. Загадчык яшчэ не скінуў форменнага мундзіра. Стаяў ён каля стала і, па звычаю свайму, перабіраў лісткі нейкіх паперак, не глядзеў ні на кога, хаваючы свае вочы за шклом акуляраў. Перад ім стаяў круглатвары, прылізаны чалавек, які даводзіў, што я адважваюся “непочтительно” гаварыць аб царах. Гэта быў царкоўны стараста, верны манархіст. Ці не такія ў 1905 г. з абразом і дубінамі ўчынялі пагромы?

Настаўнікі школы былі сталага веку, паглядалі ў бок пенсіі, кожны думаў: хто яго ведае, чым усё гэта скончыцца? А мяне казытаў неспакойны мікроб.

Пры школе існавалі двухгадовыя настаўніцкія курсы, дзецюкі там - ого - го! Калі ўстаюць пры ўваходзе настаўніка, як маладыя дубкі. Загадчык запрапанаваў мне там лекцыі літаратуры, дакладней кажучы, трэба было знаёміць з паэтыкай літаратурных твораў. Я - нагамі і рукамі запярэчыла. Куды мне? Што я ім магу даць? Не пайду. І вось прыйшла да мяне цэлая дэлегацыя ад вучняў. Я гляджу на іх знізу ўверх, а яны так мяне ўпрошваюць. Я ім кажу адкрыта, што не падрыхтавана чытаць для настаўнікаў, але калі ўжо ім так хочацца, папрабую. На першую лекцыю ішла са страхам, але ўсё абыйшлося як найлепей, выручыў мой “мікроб”. Я ім падсунула праграму для самаадукацыі, калі вучылася яшчэ ў восьмым кла­се, выпісвала з Масквы, параіла запісацца ў бібліятэку. Я ім чытала вершы Янкі Купалы, кніга якога “Шляхам жыцця” трапіла да мяне. Лічылі, што я нядрэнна чытала вершы, у гімназіі нават выступала на вечарах, а таму не дзіва, што хлопцы захапіліся імі. Не дагадалася, ды і час быў неспрыяльны, прыцягнуць іх да запісу фальклорнага матэрыялу. Скора давялося мне, па просьбе другога курсу, латаць у іх нейкую дзіру. Адносіны ў нас склаліся добрыя, я перастала глядзець на сябе, як на незнайку. Выявілася, што мае вучні ўсё ж далёка меней ведаюць ніж я, і гэта мяне заспакоіла.