А першая “вялікая” кніга, якая трапіла ў мае рукі, быў раман Сянкевіча “Агнём і мячом”. Я тады яшчэ не вучылася ў гімназіі. Стала я адольваць гэту кнігу. Бацькі хацелі яе схаваць, казалі, што я яшчэ малая і нічога не зразумею, але я ўпотай памаленьку чытала і чытала. Не ведаю, ці многа я прачытала, але некаторыя малюнкі і цяпер паўстаюць у маёй памяці. А вобразы Гелены, Скшэтускага, Заглобы і Валадыеўскага замянілі мне забаўкі і сяброў (гадавалася я адна). З імі я вяла бясконцыя выабражальныя размовы, і мне не было сумна.
У 8-м класе я пазнаёмілася з бібліятэчкай, якая захоўвалася ў фізічным кабінеце настаўніка-матэматыка. Там быў Караленка (“Сляпы музыкант”, “Гісторыя майго сучасніка” і інш.), Сцяпняк-Краўчынскі (“Штундыст Павел Рудэнка”, “Падпольная Расія”), іншых кніг не памятаю, але напрамак быў такі. Хочацца ўспомніць добрым словам гэтага настаўніка-арыгінала Канстанціна Хрысанфавіча Бабарыкіна. Яго добра скроеная фігура ў форменным сінім сурдуце з рукавом, а то і плячом, выпацканым мелам, лёгка і порстка ідзе з лекцыі па калідоры, накіроўваючыся ў свой кабінет, і направа і налева сыпле дасціпнымі жартамі вучаніцам, якія заўсёды круціліся каля яго. “Не выдайце быка за індыка!” Яго любімая прыгаворка. Возьме, бывала, праекцыйны фанар з дыяпазітывамі і ідзе на акраіны горада або ў вясковыя школы: “[Духа] не угощайте!”
Сшытак 5
Поразава
Шкада, што не нарадзіўся сярод паразоўцаў які-небудзь значны талент, каб напісаць пра мінулае нешта накшталт хронікі: ні Коласа, ні Мележа, а матэрыял цікавы. Мястэчка. Неўрадлівыя шнуры зямлі. У ваколіцах ганчарная гліна і мел. Той цягне на кірмаш галачкі мелу, той воз гаршкоў, каб зарабіць якую капейку. А моладзь едзе ў свет шукаць лепшай долі. Колькі пераехала ў Амерыку! Успамінаецца А. Паплаўскі. Прыяжджаў ён з жонкаю. Яму якраз пашчасціла знайсці работу і ўсталявацца. Нават матку клікалі ехаць з імі... Гарбоўскі трапіў у Пецярбург, захавалася аткрытка, з якой відаць, што працаваў на фабрыцы “Лаферм”. Бачылася з ім, калі была на курсах у 1915-1916 гг. Але што пералічаць іншых?
Мой дзядзька, мамін брат. Вельмі здольны. Скончыў не то “уездное”, не то “городское” вучылішча, а прылажыць рукі не да чаго было. На гаспадарцы круцілася бабка з дочкамі, дзед працаваў у лясніцтве ў Белавежскай пушчы. А скончыў ён Свіслацкую гімназію. Мяне цікавіць, як гэта магло здарыцца, але, нажаль, цяпер няма каму на гэта адказаць. І пайшоў дзядзька “ў свет”. Ён вельмі добра маляваў, хацеў трапіць у мастацкае вучылішча. У Кракаве асеў нейкі паразовец, і дзядзька накіраваўся да яго, але з гэтага нічога не выйшла. Паехаў на Урал, потым трапіў у Сярэднюю Азію (Байрам-Алі, Мургаб). Перад вайной асталяваўся ў Курлаве на шклозаводзе Мальцава, потым на Каўказе (“Дагестанскія агні”) і ў Владзікаўказе (Орджонікідзе). Перабраў, відаць, немала прафесій, пакуль не стаў спецыялістам па шклу. І ўвесь час ён марыў зарабіць грошай, каб вярнуцца ды бабіну хаціну падправіць. Успамінаецца, што напісаў, каб чакалі яго, ён едзе з Урала, дзе ўдалося адшукаць паклады нейкага мінерала. Мы чакалі, а ён так і не прыехаў, бо ў дарозе ўкралі ўсе яго грошы (відаць, іх было не мала).
Апынуўшыся на беразе Волгі, далёка ад родных карэнняў, вечарамі пры рабоце часта матка ўспамінала родныя мясціны, свае маладыя гады перад вайною. Яна неяк было мне гаварыла пра сваё сваяцтва з Кал[іноўскім], я накрэмзала нейкую “формулу”, у якой прабую разабрацца. Шкада, што гэта нейкія іерогліфы.
Дзед Кароль нарадзіўся 25 студзеня 1820 г.
Бабка Эмілія 27 жніўня 1835 г.
Пажаніліся 22 лістапада 1853 г.
Бацька (маткі, дзед Юліі - Т.К.), яго брат жанаты з сястрой Каліноўскага.
Насельніцтва мястэчка Поразава: яўрэі - саматужнікі і гандляры - і беларусы. Побач з бабаю жыў саматужнік, які фарбаваў пражу для вясковых ткачых. Праз плот сада можна было бачыць розных колераў маткі, развешаныя на дручках для прасушкі. У цэнтры мястэчка былі крамы больш заможных гандляроў, дзе можна было набыць крамніну і абутак. Тавар прывозілі з Ваўкавыска і нават з Беластока. Аб такой падзеі паведамлялася пад сакрэтам і запэўнялася, што тавар - гэта нешта незвычайнае: “Толькі для вас”. Неяк мне перапалі парадныя туфлі з матчынай нагі беластоцкага вырабу. Тэкстыльная крама знаходзілася недалёка ад воласці. Можна было наглядаць цікавыя сцэнкі. Вось з крамы выходзяць мужчына і жанчына. Па адзежы відаць, што з вёскі. Гандлярка дорага просіць за тавар, з ёю таргаваліся, яна не ўступае, але і траціць не хоча купца. Выбягае з крамы і крычыць: “Ну, куды ж вы пайшлі? Вярнецеся! А якая ваша цана? Давайце памяркуемся!” Варочаюцца і “мяркуюцца”.