Выбрать главу

Раніцаю місіс Сміт, Фія і Мэгі слухалі па радыё джыланбаўнскія мясцовыя навіны і зводку надвор’я, а вечарамі Фія і Мэгі слухалі апошнія паведамленні Цэнтральнага аўстралійскага радыёвяшчання. Дзіўнае адчуванне — не чакаючы Непаседы Вільямса і яго састарэлых газет, у адно імгненне звязваешся з светам, дазнаешся пра паводкі, пажары, ліўні ў любым кутку краіны, пра палітыку ўрада, пра сваркі ў Еўропе.

Вечарам у пятніцу першага верасня, калі радыё паведаміла, што войскі Гітлера ўварваліся ў Польшчу, дома былі толькі Фія з Мэгі, і абедзве прапусцілі навіну міма вушэй. Ужо колькі месяцаў ідуць пра гэта размовы; дый потым, Еўропа так далёка, на краі свету. Што агульнае з ёю ў Драгеды, Драгеда — вось цэнтр сусвету. Аднак у нядзелю трэцяга верасня мужчыны з’ехаліся з выганаў, каб паслухаць імшу і пропаведзь прападобнага Уоці Томаса, а мужчын Еўропа цікавіла. Але ні Фія, ні Мэгі не падумалі расказаць ім пра тое, што чулі ў пятніцу, а прападобны Уоці, які, напэўна, расказаў бы, спехам паехаў у Наранганг.

Вечарам, у час апошніх паведамленняў, як звычайна, уключылі радыё. Але замест выразнага сапраўды оксфардскага маўлення пастаяннага дыктара пачуўся мяккі, з чыста аўстралійскім вымаўленнем голас прэм’ер-міністра Роберта Гордана Мензіса.

— Грамадзяне аўстралійцы! Сумны абавязак прымушае мяне паведаміць вам, што, паколькі Германія адмаўляецца вывесці свае войскі з Польшчы, Вялікабрытанія абвясціла ёй вайну, а тым самым уступае ў вайну з Германіяй і наша краіна...

He застаецца сумненняў у тым, што Гітлер імкнецца не толькі аб’яднаць пад сваёю ўладаю ўсіх немцаў, але і падпарадкаваць гэтай уладзе ўсе краіны, якія ён зможа заваяваць сілаю. Калі гэтак будзе прадаўжацца, не стане бяспекі ў Еўропе, не стане міру на ўсёй зямлі... Зусім відавочна, што пазіцыю Вялікабрытаніі падзяляюць усе часткі Брытанскай імперыі...

Найлепшы спосаб паказаць нашу стойкасць і падтрымаць метраполію заключаецца ў тым, каб кожны заставаўся на сваім месцы і рабіў сваю справу, мы павінны працаваць на палях і плантацыях, на пашах і фабрыках і плёнам нашай працы ўмацоўваць нашу сілу. Я ўпэўнены: якія б ні былі цяпер нашы пачуцці, Аўстралія гатовая да канца выканаць свой абавязак.

Няхай злітуецца над намі гасподзь і няхай пашле ўсяму свету найхутчэйшае збаўленне ад няшчасця, што нас напаткала.

У гасцёўні доўга маўчалі, потым у цішыню ўварвалася гучная прамова Невіла Чэмберлена — ён звяртаўся да англійскага народа. Фія і Мэгі паглядзелі на мужчын.

— Калі лічыць Фрэнка, нас шасцёра, — загаварыў нарэшце Боб. — Усе мы, апрача Фрэнка, працуем на зямлі, а значыць, у армію нас не возьмуць. З нашых цяперашніх аўчароў, так я думаю, шасцёра захочуць пайсці ваяваць, a двое застануцца.

— Я пайду ў армію! — заявіў Джэк, вочы ў яго блішчалі.

— I я! — падхапіў Х’югі.

— I мы, — сказаў Джымс за сябе і за вечна маўклівага Пэтсі.

I ўсе паглядзелі на Боба: вырашальнае слова за ім.

— Давайце разважаць цвяроза, — сказаў Боб. — Вайне патрэбна воўна, і не толькі на абмундзіраванне. Яна і на патроны ідзе, і на ўзрыўчатку, і яшчэ немаведама што з яе робяць, мы, напэўна, пра гэта і не чулі. I яшчэ ў нас быкі, значыць, мы нарыхтоўваем ялавічыну, а бараны і старыя авечкі — гэта шкуры, клей, лой і ланалін, усё таксама патрэбнае на вайне. Дык вось, выходзіць, ці мала каму з нас чаго захочацца, а Драгеду кідаць нельга. Калі вайна, сёй-той з аўчароў пойдзе, а паспрабуй знайдзі цяпер замену. Ды яшчэ засуха трэці год, мы сячом кусты на корм, зноў жа рукі патрэбныя, і ад трусоў таксама ратунку няма. Выходзіць, цяпер наша справа — Драгеда. He вельмі цікава, не тое што ў баі, але ўсё роўна трэба. Гэтак ад нас будзе болей карысці.

Твары ў мужчын выцягнуліся, у жанчын пасвятлелі.

— А раптам вайна зацягнецца далей, чым думае Чыгунны Боб? — сказаў Х’югі, называючы прэм’ер-міністра агульнавядомаю мянушкаю.

Боб задумаўся, глыбей прарэзаліся маршчыны на абветраным твары, суровая складка між броваў.

— Калі ўжо ўсё пойдзе кепска і вайна зацягнецца, а два аўчары ў нас будуць, пэўна што двум Кліры можна і ў армію. Толькі гэта калі б Мэгі зноў узяла на сябе блізкія выганы, іначай не выкруцімся. Нам ох як туга давядзецца, па добрай пагодзе зусім рады не далі б, ну, а ў такую суш, думаю, пяцёра мужчын ды яшчэ Мэгі — мы з Драгедаю ўправіліся б. Але ж хіба Мэгі загадаеш, у яе на руках малыя.

— Калі трэба, Боб, значыць, трэба, — сказала Мэгі. — Місіс Сміт не адмовіцца паняньчыць Джасціну і Дэна. Калі спатрэбіцца мая дапамога, каб Драгеда давала ўсё, што можа, ты толькі скажы — і я пачну аб’язджаць блізкія выганы.

— Значыць, мы — у армію, без нас двух вы тут абыдзецеся, — усміхаючыся, сказаў Джымс.

— He, пойдзем мы з Х’югі, — адразу запярэчыў Джэк.

— Па справядлівасці трэба было б ісці Джымсу і Пэтсі, — павольна вымавіў Боб. — Вы двое — малодшыя, аўчары пакуль яшчэ неспрактыкаваныя, а салдацкай практыкі і ў нас, у старэйшых, ніякай няма. Толькі гадоў вам мала, хлопцы, усяго па шаснаццаць.

— Калі ўсё стане кепска, нам будзе ўжо семнаццаць, — з просьбаю сказаў Джымс. — А на выгляд нам і цяпер болей, калі б ты напісаў паперу, а Гары Гоф заверыў, мы б адразу пайшлі дабравольцамі.

— Ну, пакуль ніхто з нас не пойдзе. Лепей пастараемся з Драгеды атрымаць усяго як найболей — і мяса, і воўны, не гледзячы ні на суш, ні на трусоў.

Мэгі ціха выйшла з пакоя, паднялася ў дзіцячы. Дэн і Джасціна спалі ў сваіх белых ложачках. Мэгі прайшла міма дачкі, прыпынілася каля сына і доўга стаяла і глядзела на яго.

— Дзякуй богу, ты яшчэ малы, — сказала яна,

Амаль год мінуў, перш чым вайна ўварвалася ў адасоблены маленькі свет Драгеды; за гэты год па адным пайшлі ўсе наёмныя аўчары, а трусы пладзіліся і пладзіліся нястрымна, але Боб з усяе сілы стараўся, каб Драгеда давала болей і болей прадукцыі, як таго вымагаў ваенны час. Але на пачатку чэрвеня 1940 года стала вядома, што англійскім войскам давялося пакінуць Дзюнкерк, і тады тысячы дабравольцаў рынулі на прызыўныя пункты, каб запісацца ў Другі Аўстралійскі экспедыцыйны корпус; сярод іх былі і Джымс і Пэтсі.

Чатыры гады ў сядле, у раз’ездах па выганах, у любое надвор’е, наклалі свой адбітак на твары і целы блізнятаў — яны не здаваліся маладзёнамі, спакойна не па гадах глядзелі вочы, а ў кутках і ад крылаў носа да куткоў губ ужо намеціліся маршчынкі. Браты паказалі дакументы, і абодвух узялі без размоў. Жыхары аўстралійскіх раўнін высока цаніліся ў арміі. Гэта народ моцны, звычайна добрыя стралкі і ўмеюць падпарадкоўвацца загаду.

Джымс і Пэтсі запісаліся дабравольцамі ў Даба, але атрымалі накіраванне ў вайсковыя часці, што фарміраваліся пад Сіднеем, у Інглберне, і вечарам усе пайшлі праводзіць іх на паштовы цягнік. Тым самым цягніком і, як выявілася, у той самы лагер ехаў Кермак Кармайкл, малодшы Ідэнаў сын. Дык вось, абедзве сям’і пасадзілі сваіх хлопцаў у зручнае купэ першага класа і збянтэжана тоўпіліся вакол — так хацелася заплакаць, пацалункамі, нейкімі парывамі пяшчоты сагрэць мінуты развітання, каб было пасля пра што ўспомніць, але ўсіх скавала сапраўды брытанская стрыманасць. Тужліва завыў вялізазны паравоз, начальнік даў свісток.

Мэгі нахілілася, сарамліва цмокнула ў шчаку Джымса, Пэтсі, а потым і Кермака, — ён як дзве кроплі вады падобны быў на свайго старэйшага брата Конара; Боб, Джэк і Х’югі па чарзе паціснулі рукі ўсім тром; адна толькі місіс Сміт адважылася на тое, чаго да смерці хацелася ўсім праважатым, — заліваючыся слязамі, сціснула ў абдымках кожнага хлопца і пяшчотна пацалавала. Ідэн Кармайкл, яго жонка і ўжо не вельмі маладая, але яшчэ прыгожая дачка таксама развіталіся цырымонна, стрымана. Потым усе выйшлі на джыланбаўнскую платформу, а цягнік тузануўся, бразнуў буферамі і паволі рушыў.

— Шчасліва! — закрычалі праважатыя і сталі махаць вялікімі белымі хусцінкамі, пакуль цягнік не ператварыўся ў далёкую палоску дыму, ледзь бачную ў спякотнай смузе.

Разам, як яны і прасілі, Джымса і Пэтсі накіравалі ў нядаўна створаную, яшчэ добра не абучаную Дзевятую Аўстралійскую дывізію і на пачатку 1941-га пераправілі ў Егіпет — якраз своечасова, каб трапіць у разгром пад Бенгазі. Генерал Эрвін Ромель, які толькі што прыбыў сюды, даў вялізную перавагу сілам восі Берлін — Рым і адкінуў саюзнікаў назад — так пачаліся размахі гіганцкага маятніка, якія прарэзалі Паўночную Афрыку. Астатнія брытанскія войскі ганебна адступілі перад новым Афрыканскім корпусам Ромеля назад у Егіпет, а Дзевятай Аўстралійскай дывізіі ў гэты час загадана было заняць і трымаць Тобрук — перадавы пост саюзнікаў на тэрыторыі, занятай войскамі восі. План гэты можна было ажыццявіць толькі таму, што ў Тобрук яшчэ заставаўся доступ з мора і туды ўдавалася падвозіць боепрыпасы і папаўненне, пакуль Міжземнае мора было адкрытае брытанскім караблям. Асаджаны Тобрук трымаўся восем месяцаў, Ромель зноў і зноў кідаў усе сілы на штурм гэтай крэпасці, але так і не змог яе ўзяць.