Выбрать главу

— А ведаеце, чаму мы з вамі тут тырчым? — папытаўся радавы Кол Сцюарт, ляніва скручваючы папяросу.

Сяржант Боб Мэлай ссунуў капялюш на патыліцу, каб шырокія палі не засланялі твару субяседніка, і ўсміхнуўся — пытанне гэтае задавалі не першы раз.

— Hi халеры я не ведаю, — адказаў ён.

— Ну, лепей тут сядзець, чым за кратамі, — сказаў радавы Джымс Кліры і, сцягнуўшы трохі ніжэй шорты ў свайго брата-блізнюка, зручна прыладзіўся галавою на яго цёплым мяккім жываце.

— Ведама, але за кратамі ў цябе не страляюць увесь час, — запярэчыў Кол і метка пстрыкнуў патухлаю запалкаю ў яшчарку, якая грэлася паблізу на сонейку.

— Гэта я і сам ведаю, дружа, — сказаў Боб і зноў засланіў вочы палямі капелюша. — А па мне, чым паміраць ад суму, чорт вазьмі, няхай ужо ў мяне страляюць.

Яны зручна размясціліся ў сухім пясчаным акопе якраз напроці міннага поля і калючага дроту, якія ахоўвалі паўднёва-заходні куток іх тэрыторыі; па той бок Ромель упарта чапляецца за адзіную захопленую ім лапінку тобрукскай зямлі. Тут у акопе буйнакаліберны кулямёт «браўнінг» і каля яго акуратна складзеныя скрынкі з патронамі, але, відаць, ніхто не быў напагатове і не чакаў атакі. Вінтоўкі стаялі, прыпёртыя да земляное сцяны, штыкі блішчалі ў сляпучых промнях афрыканскага сонца. Навокал звінелі мухі, але ўсе чацвёра былі карэнныя аўстралійцы — спёкаю, пылам і мухамі Тобрука і ўвогуле Паўночнай Афрыкі іх не здзівіш.

— Ваша шчасце, што вы блізняты, Джымс, — сказаў Кол, кідаючы каменьчык у яшчарку, якая яўна не збіралася кратацца з месца. — A то паглядзіш — неразлучная парачка, проста палюбоўнічкі.

— Ты проста зайздросціш, — усміхнуўся Джымс і паляпаў брату па жываце. — Лепшае падушкі ва ўсім Тобруку не знойдзеш.

— Ага-а, табе добра, а як беднаму Пэтсі? Гэй, Харпа, скажы хоць слоўца! — падахвоціў Боб.

Пэтсі адказаў белазубаю ўсмешкаю, але, як звычайна, прамаўчаў. Усе і кожны спрабавалі яго «разгаварыць», ды ад яго толькі і можна было дамагчыся «ага» або «не», таму яму і мянушку далі Харпа — імя брата-маўчуна з тройкі комікаў — братоў Марксаў.

— Чулі навіну? — раптам папытаўся Кол.

— Якую?

— Сёмую брыгаду «матыльдаў» раскалашмацілі пад Халфаяй, абстралялі з восемдзесят восьмага калібра. Самая вялікая гармата тут, у пустыні, толькі яна і бярэ «матыльду». Здаравенныя танкі папрабівала навылёт.

— Яшчэ што скажы, — недаверліва сказаў Боб. — Я сяржант, і то пра гэта нічога не чуў, а ты радавы — і ўсё ведаеш. Дык вось, дружа, няма ў немцаў такой зброі, каб знішчыць цэлую брыгаду «матыльдаў».

— А я табе кажу, гэта чыстая праўда, — стаяў на сваім Кол. — Я хадзіў да Морсхеда ў палатку з даручэннем ад камандзіра і сам гэта чуў па радыё.

Усе змоўклі: у асаджанай крэпасці кожнаму трэба цвёрда верыць — у сваіх даволі сілы і зброі, каб, урэшце, яго вызваліць. I Колаў расказ не цешыў, тым болей што тут, у Тобруку, усе да апошняга салдата разумелі: Ромель — вораг небяспечны. Адбіваць яго атакі ім памагала шчырая вера, што з аўстралійцам у баі можа параўнацца хіба толькі індыйскі воін гурка, і калі вера складае дзевяць дзесятых сілы, то тут яны сваёю цвёрдаю вераю бясспрэчна даказалі сваю магутнасць.

— Размазні гэтыя помі, — сказаў Джымс. — Сюды, у Паўночную Афрыку, каб болей нашых аўстралійцаў.

З ім дружна згадзіліся, і тут на самым краі акопа грукнуў выбух — ад яшчаркі не засталося і следу, а чацвёра салдатаў кінуліся да кулямёта і вінтовак.

— Паршывенькая італьянская граната, ніякае сілы, адны асколачкі, — уздыхнуўшы з палёгкаю, сказаў Боб. — Калі б гэта Гітлераў гасцінчык, мы б ужо ігралі на арфах у раі з праведнікамі — табе гэта будзе да смаку, га, Пэтсі?

Пасля цяжкіх, з вялікімі стратамі, месяцаў у асадзе, якія нібыта нічога не далі, з пачаткам аперацыі «Крыжак» Дзевятую Аўстралійскую дывізію эвакуіравалі морам у Каір. Аднак за час, пакуль яна трымала Тобрук, брытанскія войскі ў Паўночнай Афрыцы ўвесь час папаўняліся і нарэшце ператварыліся ў Восьмую армію, на чале якой стаяў генерал Бернард Лоў Мантгомеры.

Фія насіла цяпер сярэбраную брошку — эмблему Аўстралійскіх узброеных сіл: усходзіць сонца, а пад ім, на двайным ланцужку, сярэбраная планка з дзвюма залатымі зорачкамі, знак, што ў яе ў арміі два сыны. I кожны стрэчны бачыў, што і яна таксама выконвала свой абавязак перад радзімаю. Мэгі насіць такую брошку не дазвалялася, яна ж не выправіла ў армію ні мужа, ні сына. Ад Люка прыйшло пісьмо — ён збіраецца далей працаваць на плантацыях, паведамляе ёй пра гэта на выпадак, калі яна трывожыцца, ці не ваюе ён. Мяркуючы па ўсім, ён проста забыўся, што яна сказала яму ў тую незабыўную раніцу ў інгемскай гасцініцы. Мэгі стомлена засмяялася, памахала галавою, кінула пісьмо ў кош пад мацерыным пісьмовым сталом і пры гэтым падумала: а ці трывожыцца Фія па сынах, якія цяпер ваююць? Што яна папраўдзе думае пра вайну? Але Фія ні разу ні словам пра гэта не абазвалася, хоць брошку прышпіляла кожны дзень, з самай раніцы, і не знімала да ночы.

Зрэдчасу прыходзіла пісьмо з Егіпта, раскрыеш — рассыпаецца на шматкі, бо ўсюды, дзе ўпаміналіся назвы мясцін ці воінскіх часцей, цэнзаравы нажніцы выразалі акуратныя прамавугольныя вокны. Чытаць гэтыя пісьмы значыла, па сутнасці, здабываць нешта з нічога, але яны прыносілі самую галоўную, самую важную вестку: калі яны прыходзяць, значыць, хлопчыкі яшчэ жывыя.

Дажджу даўно ўжо не было. Нібыта нябесныя стыхіі згаварыліся пазбавіць людзей усякай надзеі. 1941-шы быў ужо пятым годам страшнай засухі. Бобам, Джэкам, Х’югі, Мэгі і Фіёнаю авалодаў адчай. У Драгеды на рахунку ў банку ляжала даволі грошай, каб закупіць корму авечкам, бяда ў тым, што авечкі есці не будуць. У кожнай атары ёсць свой важак, толькі калі спакусіць кормам важака, можна спадзявацца, што за ім пачнуць есці і астатнія; але часта нават прыклад важака не дзейнічаў на астатніх авечак, і яны не дакраналіся да корму.

I вось, як ім гэтага ні хацелася, не ўдалося і жыхарам Драгеды абысціся без кровапраліцця. Травы зусім не засталося, зямля на выганах счарнела, спяклася, патрэскалася, і толькі дзе-нідзе гэтую пустыню ажыўлялі шэрыя і светла-карычневыя гайкі. Давялося ўзяцца за стрэльбы і нажы; авечка падала ад слабасці, хто-небудзь пераразаў ёй горла, каб збавіць ад доўгай, пакутлівай смерці, калі вароны яшчэ жывой выдзеўбуць бедалазе вочы. Боб купіў болей кароў, іх можна было карміць і ў стойлах, так што Драгеда не пераставала забяспечваць армію. Ніякага прыбытку гэта не прыносіла, вельмі дорага абыходзіліся кармы, бо палі ў краіне пацярпелі ад засухі не меней, чым пашы. Зямля амаль не давала ўраджаю. Аднак з Рыма паведамілі: арміі і надалей трэба даваць усё магчымае, не лічачыся з выдаткамі.

Мэгі праца на выганах была цяпер абрыдлая. У Драгедзе ўдалося ўтрымаць толькі аднаго наёмнага аўчара, і замены яму не знаходзілася; Аўстраліі заўсёды найболей не хапала рабочых рук. I пакуль Боб не заўважаў, што Мэгі выбілася з сілы і стала зласлівая, і не казаў ёй у нядзелю адпачыць, яна працавала на выганах цэлымі тыднямі без пярэдыху. А калі ён ёй даваў перадышку, гэта значыла, што самому яму давядзецца яшчэ цяжэй, і таму Мэгі старалася не паказаць, як яна змучылася. У яе і ў думках не было, што яна можа вельмі проста адмовіцца раз’язджаць па выганах, як звычайны аўчар, у яе ж малыя дзеці. Яна ведала, дзяцей у хаце дагледзяць, яна ім патрэбная куды меней, чым Бобу. Яна не ўмела зразумець, што дзецям усё роўна яна патрэбная; яна ж аддала іх у надзейныя, пяшчотныя рукі, думалася ёй, і калі ёй так хочацца з імі пабыць, гэта з яе боку чысты эгаізм. Напраўду, эгаізм, угаворвала яна сябе. Ды ёй не хапала ўпэўненасці ў сабе, якая падказала б, што дзецям яна такая самая адзіная і незаменная, як і яны ёй. I вось яна ездзіць па выганах і тыднямі не бачыць дзяцей, вяртаецца дадому толькі позна вечарам, калі яны ўжо спяць.