Выбрать главу

— Я зраблю ўсё, што мне пад сілу, монсеньёр, абяцаю вам. Прызнацца, да нейкае ступені тут вырашае і мой голас, як вам вядома, я чалавек культурны. Але вы многага хочаце. Калі я абвяшчу Рым адкрытым горадам, значыць мне ўжо нельга будзе ўзарваць масты ці ператварыць дамы ў крэпасці, а гэта ўрэшце можа аказацца нявыгадным Германіі. Якія ў мяне гарантыі, што Рым не адплаціць мне за маю дабрату здрадаю?

Кардынал Віторыё, цмокаючы губамі, а гэта гучала як пацалунак, гладзіў сваю чарговую любіміцу — цяпер гэта была прыгожая сіямская кошка; пасля слоў Кесельрынга ён лагодна ўсміхнуўся і паглядзеў на архіепіскапа.

— Рым ніколі не плаціць здрадаю за дабро, пан генерал. Я перакананы, калі ў вас знойдзецца час завітаць у летнюю рэзідэнцыю папы ў Кастэль Гандольфа» вам дадуць тыя самыя гарантыі. Ну-ну, Хенсі, краса мая! Ах ты прыгажуня!

Ён пагладзіў кошку, калі яна пачала ўставаць, прыціснуў яе да каленяў, абцягнутых пунсоваю сутанаю.

— Незвычайная ў вас кошка, монсеньёр.

— Арыстакратка, пан генерал. Мы абодва, архіепіскап дэ Брыкасар і я, належым да старадаўніх і паважаных фамілій, але перад радаслоўнаю гэтай прыгажуні наша — нішто. А як вам падабаецца яе імя? Па-кітайску яно азначае — Шаўковая кветка. Вельмі ёй падыходзіць, праўда?

Прынеслі чай; пакуль паслушніца не падала ўсё, што трэба, і не выйшла з пакоя, мужчыны маўчалі.

— Вам не давядзецца шкадаваць пра рашэнне абвясціць Рым адкрытым горадам, ваша правасхадзіцельства, — з чароўнаю ўсмешкаю сказаў архіепіскап Ральф новаму ўладару Італіі. Потым павярнуўся да кардынала, адкінуў усмешку, нібыта плашч: да чалавека глыбока любімага няма патрэбы звяртацца з ёю. — Ваша высокапраасвяшчэнства, будзеце «гаспадынькаю» самі ці даверыце гэты гонар мне?

— Гаспадынькаю? — На твары ў генерала Кесельрынга выявілася здзіўленне.

Кардынал ды Канціні-Верчэзе засмяяўся.

— Такі ў нас, у халасцякоў, жарт. Той, хто налівае чай, называецца «гаспадынькаю». Чыста англійскае слоўца, пан генерал.

У той вечар архіепіскап Ральф, стомлены, раззлаваны, не знаходзіў сабе месца. Бадай што, нічога яму не ўдасца зрабіць, каб хутчэй кончылася гэтая вайна, хіба толькі таргавацца да драбніцы, памагаючы зберагчы помнікі даўніны, і ён ужо ўсёю сілаю душы зненавідзеў бяздзейнасць цяжкага на пад’ём Ватыкана. Ён і сам чалавек асцярожны, але чарапашына баязлівая марудлівасць вышэйшых правіцеляў Рымскай царквы іншы раз проста нясцерпная! Калі не лічыць пакорных манашак і свяшчэннікаў, якія тут слугуюць, ён ужо шмат тыдняў, нават месяцаў не размаўляў з простымі, звычайнымі людзьмі, якія не занятыя штодзень палітыкаю, справамі — духоўнымі ці ваеннымі. Нават маліцца цяпер яму нялёгка, сам бог, здавалася, адышоў у далечыню многіх светлавых гадоў, быццам адхіліўся ад людзей — хай, калі ім так уздумалася, разбураюць свет, які ён дзеля іх стварыў. I Ральф, як па самых гаючых зёлках, сумаваў па сустрэчы з Мэгі — пабыць бы ўдосталь з ёю, з Фіёнаю ці хоць з некім, каго не цікавяць лёсы Ватыкана і Рыма.

Ён блукаў трывожна, бязмэтна і, нарэшце, унутранаю лесвіцаю прайшоў да велічнае базілікі — у сабор святога Пятра. Уваход цяпер замыкалі, як толькі пачынала змяркацца, і гэта яшчэ красамоўней, чым роты салдатаў у шэрай нямецкай форме, якія маршыравалі па рымскіх вуліцах, гаварыла пра тое, які ненадзейны, трывожны спакой Рыма. Адкрытую пустату вялізнай апсіды ледзь асвятляў слабы прывідны водбліск; архіепіскап ішоў па каменных плітах, і крокі яго гулка адгукаліся ў цішыні, замерлі, калі ён укленчыў перад алтаром, потым загучалі зноў. I раптам, у імгненне зацішша паміж двума водгукамі крокаў, ён пачуў кароткі ўздых. Адразу ў руцэ ў яго ўспыхнуў электрычны ліхтарык, прамень слізгануў у бок гуку — архіепіскап адчуў не так спалох, як цікаўнасць. Тут ён у сябе і гэты свой свет можа абараняць без страху.

У промні ліхтара перад ім паўстала найпрыгажэйшае, што стварыў за многія стагоддзі разец скульптара, — «Пета» Мікеланджэла. А ніжэй гэтых двух нерухомых, ашаломленых святлом твараў — яшчэ адзін твар, не мармур, а жывая плоць, змардаваная, прачэрчаная рэзкімі ценямі, быццам аблічча мерцвяка.

— Сіао[3], — з усмешкаю сказаў архіепіскап.

Адказу не было, але па адзенні ён зразумеў, што перад ім нямецкі салдат, радавы пехацінец — вось ён, просты, звычайны чалавек, якога яму не хапала! Няважна, што гэта немец.

— Wie geht’s?[4] — папытаўся ён, усё яшчэ ўсміхаючыся.

Той зварухнуўся — у змроку выступіў высокі, прыгожай лепкі лоб, і на ім бліснулі кроплі поту.

— Du bist krank?[5] — папытаўся архіепіскап, яму здалося, што хлопец (гэта быў амаль што хлопчык) хворы.

— Nein[6], — пачуўся нарэшце ціхі голас.

Архіепіскап Ральф паклаў ліхтарык на падлогу, падышоў, узяў салдата за падбародак, прыпадняў яму галаву, зазірнуў у цёмныя вочы, упоцемку яны здаваліся чорнымі.

— Што здарылася? — папытаўся ён па-нямецку і засмяяўся. — Ты гэтага не ведаеш, але я ўсё жыццё толькі тым і займаюся: пытаюся ў людзей, што з імі здарылася. I, да твайго ведама, праз гэта пытанне я некалі наклікаў на сябе нямала непрыемнасцей.

— Я прыйшоў памаліцца, — сказаў хлопец нізкім і глыбокім не па гадах голасам з выразным баварскім акцэнтам.

— I што ж, ты не паспеў выйсці і цябе тут зачынілі?

— Ага, але здарылася сёе-тое важнейшае.

Архіепіскап падняў з падлогі ліхтарык.

— Што ж, усю ноч табе тут заставацца нельга, а ключоў ад знадворных дзвярэй у мяне няма. Хадзем. — Ён накіраваўся назад да ўнутранай лесвіцы ў пакоі папы, прадаўжаючы мякка, ціха: — Я і сам прыйшоў сюды памаліцца. З ласкі твайго вярхоўнага камандавання дзень сёння выдаўся не з прыемных. Сюды, вось гэтак... Будзем спадзявацца, слугі найсвяцейшага папы не падумаюць, быццам мяне арыштавалі, і зразумеюць, што я вяду цябе, а не ты мяне.

Яшчэ мінут дзесяць яны ішлі моўчкі — па калідорах, у двор, цераз сад, зноў унутранымі пераходамі, уверх па лесвіцы; малады немец, відаць, зусім не імкнуўся збавіцца ад свайго спадарожніка, наадварот, туліўся да яго. Нарэшце архіепіскап адчыніў яшчэ адны дзверы, упусціў знайдыша ў маленькую гасцёўню, сціпла і бедна абстаўленую, павярнуў выключальнік і зачыніў дзверы.

Яны стаялі — і цяпер, пры яркім святле, адзін аднаго добра разгледзелі. Нямецкі салдат убачыў вельмі высокага чалавека з прыгожым тварам і праніклівымі сінімі вачыма; архіепіскап Ральф убачыў хлопчыка, якога ашуканствам прымусілі надзець салдацкую форму, якая наводзіць страх і жах на ўсю Еўропу. Праўда, гэта хлопчык — не болей яму за шаснаццаць. Сярэдняга росту, яшчэ па-хлапечы хударлявы, але даўгарукі, і па ўсім складзе відаць, з яго выйдзе моцны, дужы мужчына. Твар італьянскага тыпу, смуглявы, з высакароднымі рысамі, на рэдкасць прывабны; вялікія цёмна-карыя вочы, апушаныя доўгімі чорнымі вейкамі, пышная грыва чорных хвалістых валасоў. Выявілася, зусім ён не звычайны і не пасрэдны, нягледзячы на сваю звычайную салдацкую прафесію; і як ні хацелася цяпер дэ Брыкасару пагаварыць іменна з сярэднім, звычайным чалавекам, гэты хлопчык яго зацікавіў.

— Садзіся, — сказаў ён, падышоў да шафкі і дастаў пляшку марсалы. Наліў пакрысе ў дзве шклянкі, адну даў госцю, з другою апусціўся ў крэсла, сеў так, каб спакойна разглядаць гэты дзіўны твар. — Што ж, такія кепскія справы, што на фронт пасылаюць дзяцей? — папытаўся ён і закінуў нагу на нагу.

— He ведаю, — сказаў хлопчык. —Я з прытулку, так што мяне ўсё роўна хутка забралі б.

— Як цябе завуць, дружа?

— Ліан Мёрлінг Хартгейм, — горда адказаў хлопчык.

— Прыгожае імя, — сур’ёзна сказаў свяшчэннік.

— Прыгожае, праўда? Я сам яго сабе выбраў. У прытулку мяне звалі Ліан Шміт, а калі я пайшоў у армію, я назваўся іначай, мне заўсёды падабалася гэтае імя.

— Ты сірата?

— Манашкі мяне называлі «дзіця кахання».

Архіепіскап ледзь стрымаўся ад усмешкі; цяпер, калі спалох прайшоў, хлопчык трымаўся з незвычайнаю годнасцю і самавалоданнем. Але чаму ён перад гэтым так спалохаўся? Ведама, не таму, што апынуўся замкнёны ў саборы і што яго там засталі.

— Чаму ты перад гэтым так спалохаўся, Ліан?

Хлопчык асцярожна адпіў віна, і твар яго асвяціўся задавальненнем.

— Добра, салодкае. — Ён сеў зручней. — Мне хацелася паглядзець храм святога Пятра, манашкі многа пра яго расказвалі нам і фатаграфіі паказвалі. I калі нас паслалі ў Рым, я абрадаваўся. Мы прыехалі сёння раніцаю. I я адразу сюды пайшоў, як толькі змог вырвацца. — Бровы ў яго ссунуліся. — Толькі ўсё выйшла не гэтак. Я думаў, прыйду ў самы галоўны храм і адчую, што гасподзь бог тут, зусім блізка. А сабор такі вялізны, пуста, холадна. Я зусім не адчуваў, што бог блізка.