Выбрать главу

— Цяпер мы ўжо хутка будзем дома, — сказаў Джымс. — Япончыкаў аддубасілі, фрыцаў таксама. Вернемся дадому, Пэтсі, дадому, у Драгеду! Каб хоць хутчэй, праўда?

— Ага, — сказаў Пэтсі.

Яны ішлі плячо ў плячо, шчытней, чым звычайна ідуць мужчыны, і часам дакраналіся адзін да аднаго — несвядома, як чалавек памацае мясціну, якая раптам засвярбела, або праверыць, ці зажыла драпіна. Так добра, калі ў твар табе свеціць сапраўднае яркае сонца, а не нейкі цьмяны шар, быццам у парылцы ў турэцкай лазні! Зноў і зноў блізняты задзіралі галовы, жмурыліся на сонца, раздзімалі ноздры, удыхаючы духмянасць разагрэтых траў, якія нагадвалі Драгеду, і ім здавалася, што яны ўжо там, дома, у паўдзённую спёку ідуць прылегчы ў цяні вілгі, перачакаць самае пекла, пачытаць кніжку, падрамаць. Перакоцішся з боку на бок, адчуеш усёю скураю мілую, прыязную зямлю і пачуеш — недзе ў яе глыбіні нібыта б’ецца магутнае сэрца, так чуе мацерына сэрца заснулае дзіця...

— Джымс, глядзі! Паласацік! Самы сапраўдны, драгедскі! — У Пэтсі ад здзіўлення нават язык развязаўся.

Можа, зусім не дзіва, што паласатыя папугаі водзяцца і вакол Лаэ, але вельмі ўжо шчаслівы выдаўся дзень, вельмі нечаканы быў гэты напамінак пра радзіму, — і Пэтсі апанавала вялікая радасць. Ён разрагатаўся і, з асалодаю адчуваючы, як высокая трава казыча голыя калені, сарваў з галавы зношаны шыракаполы капялюш і кінуўся наўздагон за птушкаю, быццам і праўда спадзяваўся злавіць яе капелюшом, як матылька. Джымс стаяў і з усмешкаю глядзеў на брата.

Пэтсі адбегся ярдаў на дваццаць, і тут трава вакол яго ўзляцела ашмоццем, зрэзаная кулямётнаю чаргою; Джымс бачыў — брат крута павярнуўся на адным месцы, ускінуў рукі ў неба, быццам молячы. Ад пояса да каленяў ён заліўся яркаю чырвонаю крывёю.

— Пэтсі, Пэтсі! — адчайна закрычаў Джымс.

Кожнаю клетачкаю цела ён у сабе адчуў кулі, якія скасілі брата, — гэта ён сам страчвае жывую кроў, гэта ён памірае.

Ён ірвануўся — скокнуць, бегчы, але салдацкая вывучка напомніла пра асцярожнасць, ён з размаху распластаўся ў траве, і тут зноў застрачыў кулямёт.

— Пэтсі, Пэтсі, ты цэлы? — закрычаў ён як дурань, ён жа бачыў, колькі лінула крыві.

Ды вось дзіва — у адказ слаба данеслася:

— Ага.

I Джымс паволі папоўз у высокай духмянай траве, прыслухоўваючыся, як яна шастае на ветры, як шастае, расступаючыся перад ім.

Нарэшце ён дапоўз да Пэтсі, прыпаў галавою да яго голага пляча і заплакаў.

— Кінь, — сказаў Пэтсі. — Я яшчэ жывы.

— Вельмі блага? — папытаўся Джымс, увесь калоцячыся, сцягнуў з брата набрынялыя крывёю шорты і паглядзеў на акрываўленае цела.

— Ва ўсякім разе памерці я нібыта не памру.

З усіх бакоў падбеглі таварышы, тыя, што гулялі ў крыкет, не паспелі зняць накаленнікаў і пальчатак; нехта пабег назад па насілкі, астатнія моўчкі рынуліся ў канец прагаліны, на той кулямёт. З кулямётчыкам расправіліся бязлітасна — усе любілі маўчуна Харпа. Калі з ім будзе блага, Джымс таксама ніколі не акрыяе.

А дзень выдаўся такі слаўны, паласаты папугайчык даўно паляцеў, але іншыя птушкі чырыкалі і шчабяталі, іх прымушала змоўкнуць толькі страляніна.

— Твайму Пэтсі страшэнна пашанцавала, — трохі счакаўшы, сказаў Джымсу доктар, — У яго пацэліла з дзесятак куль, але амаль усе заселі ў мякаці ў сцёгнах. Дзве ці тры трапілі вышэй, але, мабыць, заселі ў тазавай косці ці ў мышцы. Наколькі магу цяпер меркаваць, ні кішак, ні мачавога пузыра не зачапіла. Вось толькі...

— Ну, што там? — нецярпліва перапыніў Джымс; яго ўсё яшчэ калаціла, ён быў бледны, аж сіні.

— Цяпер яшчэ цяжка сказаць напэўна, і я не такі геніяльны хірург, як некаторыя ў Морсбі. Тыя разбяруцца і скажуць табе. Справа ў тым, што пашкоджаны мачавы канал і дробныя нервы ў пахвіне. Безумоўна, яго можна залатаць і зацыраваць, будзе як новенькі, апрача гэтых самых нерваў. Іх, на жаль, не вельмі ўжо залатаеш. — Доктар адкашляўся. — Я што хачу сказаць, магчыма, ён назаўсёды застанецца полава неадчувальны.

Джымс апусціў галаву, слёзы заслалі яму вочы.

— Добра, што ён хоць застаўся жывы.

Ён атрымаў водпуск, каб ляцець з братам у порт Морсбі і заставацца пры ім, пакуль дактары не вырашаць, што Пэтсі ачуньвае. Раненне аказалася такое, што напраўду гэта можна было лічыць цудам. Кулі рассеяліся ўнізе жывата, але ні адна не прабіла брушыны. Аднак дывізійны доктар не памыліўся: вобласць таза стала амаль неадчувальная. I ніхто не мог прадбачыць, наколькі адчувальнасць адновіцца.

— Гэта ўжо не так важна, — сказаў Пэтсі з насілак, калі яго неслі да самалёта на Сідней. — Усё роўна я ніколі надта не прагнуў жаніцца. А ты глядзі, Джымс, беражы сябе, чуеш? Мне так не хочацца пакідаць цябе аднаго.

— He бойся, Пэтсі, я не прападу, — усміхнуўся Джымс і моцна сціснуў брату руку. — Чорт, трэба ж, да канца вайны застаюся без самага лепшага таварыша. Я напішу табе, як яно далей пойдзе. А ты кланяйся за мяне місіс Сміт, і Мэгі, і маме, і ўсім братам, добра? Усё-такі табе пашанцавала — вяртаешся ў нашу Драгеду.

Фія і місіс Сміт вылецелі ў Сідней сустракаць амерыканскі самалёт, які прывёз туды Пэтсі з Таўнсвіла; Фія прабыла ў Сіднеі толькі некалькі дзён, а місіс Сміт пасялілася ў гасцініцы побач з ваенным шпіталем. Пэтсі праляжаў тут тры месяцы. Ён сваё адваяваў. Многа слёз праліла місіс Сміт; але можна было сяму-таму і парадавацца. У пэўным сэнсе ён ніколі не зможа жыць поўным жыццём, але ўсё астатняе даступнае яму — ён будзе хадзіць, бегаць, ездзіць верхам. А да жаніцьбы, відаць, мужчыны ў сям’і Кліры не вельмі ахвочыя. Калі Пэтсі выпісалі са шпіталя, Мэгі прыехала па яго з Джылі ў «ролс-ройсе», і ўдзвюх з місіс Сміт яны зручна ўладкавалі яго на заднім сядзенні, сярод кучы газет і часопісаў, і ўхуталі коўдрамі; цяпер яны малілі лёс яшчэ пра адну міласць: няхай і Джымс таксама вернецца дадому.

16

Толькі калі паўнамоцны прадстаўнік імператара Хірахіта падпісаў дакумент на капітуляцыю Японіі, у Джыланбаўне паверылі, што вайна і на самай справе скончана. Гэта стала вядома ў нядзелю другога верасня 1945-га, роўна праз шэсць гадоў пасля пачатку. Шэсць пакутлівых гадоў. Колькі незаменных страт: ніколі ўжо не вернуцца ні Роры, сын Домініка О’Рорка, ні сын Хоры Хоўптана Джон, ні Кермак, сын Ідэна Кармайкла. Малодшы сын Роса Маккуіна Энгус ніколі болей не зможа хадзіць; сын Энтані Кінга Дэвід будзе хадзіць, але ўжо не ўбачыць, куды ідзе; у Пэтсі, сына Пэдзі Кліры, ніколі не будзе дзяцей. А колькі ёсць такіх, чые раны не відны воку, але такія самыя глыбокія, такіх, што пакінулі сваю хату вясёлыя, радасныя, а з вайны вярнуліся прыціхлыя, скупыя на словы і амаль развучыліся смяяцца. Калі вайна пачалася, хіба снілася каму-небудзь, што гэта так надоўга і такія цяжкія будуць страты?

Джыланбаўнцы не вельмі забабонныя, але нават самых зацятых вальнадумцаў прабралі дрыжыкі. Бо ў той самы дзень, як скончылася вайна, скончылася і самая доўгая за ўсю гісторыю Аўстраліі засуха. Амаль дзесяць гадоў не прайшло ні аднаго добрага дажджу, а ў гэты дзень неба скрозь завалаклі чорныя, непраглядныя хмары, загрукатаў гром, і прагную зямлю ўкрылі патокі на дванаццаць цаляў глыбінёю. Калі ападкаў выпадае на цалю, гэта яшчэ не абавязкова канец засухі, другога дажджу можа і не быць, але дванаццаць цаляў — гэта значыць, што вырасце трава.

Мэгі, Фія, Боб, Джэк, Х’югі і Пэтсі стаялі на верандзе і ў навальнічнай цемры глядзелі на гэты лівень і ўдыхалі яго невыказна прыемны пах, пах высахлай, патрэсканай зямлі, якая нарэшце спатоліла смагу. Коні, авечкі, каровы і свінні прутчэй упіраліся нагамі ў расквашаную зямлю і, здрыгаючыся ўсёю скураю, з асалодаю падстаўляліся пад жыватворныя струмені; амаль усе яны з самага нараджэння не ведалі, што такое дождж. На могілках змыла ўвесь пыл, зноў забялеў мармур, абмыліся ад пылу распасцёртыя крылы спакойнага Батычэліевага анёла. Рэчка ўзнялася, забурліла, шум яе змяшаўся з лопатам ліўню. Дождж, дождж! Дождж. Быццам велічэзная дзіўная рука даравала нарэшце доўгачаканае хараство. Дождж — блаславенне і цуд. Бо дождж — гэта значыць, трава, а трава — гэта жыццё.