Выбрать главу

З зямлі прарос пяшчотна-зялёны пушок, маленькія парасткі пацягнуліся ў неба, пайшлі кусціцца, набракаць пупышкамі, падымаліся ўсё вышэй, зелянелі ўсё гусцей, потым пасвятлелі, наліліся сокамі — і зноў яна стаіць да каленяў людзям, то серабрыстая, то матавая, колеру кавы з малаком трава Драгеды. Галоўная сядзіба — зусім як пшанічнае поле, па якім прабягае дробная хваля ад маленькага дураслівага ветрыку, кветнікі вакол дома гараць найярчэйшымі фарбамі, распускаюцца вялізныя бутоны, прывідныя эўкаліпты, што дзевяць гадоў засаб стаялі панурыя, шэрыя, запыленыя, адразу зноў засвяціліся белізною і залацістаю зелянінаю. У цыстэрнах, пастаўленых марнатраўным шаленцам Майклам Карсанам, хапіла вады, каб кветнікі не загінулі, але пыл даўно ўкрыў кожны ліст і пялёстак, прыглушыў і зацьміў іх фарбы. Праўду людзі кажуць: запасы вады ў Драгедзе такія, што можна перажыць і дзесяць гадоў засухі — але гэта падыходзіць толькі да Вялікага дома.

Боб, Джэк, Х’югі і Пэтсі вярнуліся на выганы, пачалі прыкідваць, як лепей аднавіць атары; Фія адкаркавала новенькую пляшачку чорнага чарніла і наглуха заткнула коркам чырвонае, якім запісваліся страты; а Мэгі зразумела, што яе жыццё ў сядле падыходзіць да канца — хутка вернецца Джымс і паявяцца мужчыны, якім патрэбна праца.

Пасля цяжкіх дзевяці гадоў жывёлы засталося вельмі мала — уцалелі толькі пародзістыя вытворнікі, якіх ва ўсе часы трымалі ў стойлах, жменька адборных, першакласных быкоў і маркачоў. Боб выправіўся на ўсход, у краі, дзе не так моцна пацярпелі ад засухі, закупіць найлепшых чыстакроўных ярак. Вярнуўся Джымс. Нанялі васьмярых аўчароў. I Мэгі развіталася са сваім сядлом.

А неўзабаве яна атрымала пісьмо ад Люка — другое з таго часу, як пайшла ад яго.

«Я так думаю, засталося ўжо нядоўга, — пісаў Люк. — Яшчэ некалькі гадоў на плантацыях, і ў мяне будзе даволі грошай. Іншы раз пабольвае спіна, але я яшчэ магу падужацца з самымі моцнымі хлопцамі, сяку за дзень восем, a то і дзевяць тон. У нас з Арнэ ў падначаленні яшчэ дванаццаць арцеляў, і ўсе выдатны народ. Грошы цяпер здабываюцца куды лягчэй, у Еўропе такі попыт на цукар, што толькі паспявай падаваць. Я зарабляю болей за пяць тысяч фунтаў на год і амаль усе адкладваю. Цяпер ужо хутка я пасялюся ў Кайнуне, Мэг. Можа, калі я там уладкуюся, ты захочаш да мяне прыехаць. Ці займела ты тады ад мяне дзіця? Дзівата, да чаго жанчынам ахвота нараджаць дзяцей. Я так думаю, ад гэтага ў нас з табою ўсё і разладзілася, праўда? Напішы, як у цябе справы і як Драгеда вытрывала засуху. Твой Люк».

Мэгі сядзела на верандзе з гэтым пісьмом у руцэ, накіраваўшы невідушчы пагляд на ярка-зялёны поплаў, і тут з хаты выйшла Фія.

— Ну, што Люк?

— Тое самае, мама. Ані не перамяніўся. Зноў піша, што яму трэба яшчэ трохі папрацаваць на гэтых праклятых цукровых плантацыях, а потым ён купіць зямлю дзе-небудзь у Кайнуне.

— Па-твойму, гэта і праўда калі-небудзь будзе?

— Напэўна... урэшце прыйдзе такі дзень.

— I ты да яго вернешся, Мэгі?

— Нізашто на свеце.

Фія павярнула плеценае крэсла і села напроці дачкі, пільна на яе паглядзела. Воддаль пераклікаліся мужчыны, грукалі малаткі — нарэшце верхнія веранды зацягвалі густою сеткаю, каб абараніцца ад мух. Многія гады Фія ўпарта на гэта не згаджалася. Мухі мухамі, а яна не хацела нявечыць дом агіднаю драцяною сеткаю. Ды чым далей цягнулася засуха, тым мацней дапякалі мухі — і, нарэшце, за два тыдні да дажджу Фія здалася і наняла падрадчыка з арцеллю, няхай абароняць ад гэтае нечысці ўсю Галоўную сядзібу — не толькі вялікі дом, але і жытло сталых працаўнікоў, і баракі сезоннікаў.

А вось правесці ў дом электрычнасць яна не згаджалася, хоць з 1915 года побач ужо лапатала «трабашчалка» — так называлі стрыгалі рухавічок, які даваў ток у стрыгальню. Але ўявіць Драгеду без мяккага, рассеянага святла старых лямпаў? He, немагчыма. Зрэшты, сёе-тое новае на сядзібе паявілася: газавая пліта, газ да яе па заказе прывозілі ў балонах, і з дзесятак газавых халадзільнікаў; прамысловасць Аўстраліі яшчэ не зусім перабудавалася на мірны лад, але хутка і сюды прыйдуць навамодныя вынаходствы.

— Мэгі, а можа, табе развесціся з Люкам і выйсці зноў замуж? — папыталася раптам Фія. — Інек Дэвіс будзе рады і шчаслівы з табою ажаніцца, ён ніколі ні на адну дзяўчыну, апрача цябе, і не глядзеў.

Прыгожыя шэрыя вочы здзіўлена паглядзелі на маці.

— Мама, ды няўжо ты напраўду загаварыла са мною як з дарослаю?

Фія нават не ўсміхнулася, яна, як і раней, усміхалася не часта.

— Ну, калі ты да гэтага часу не стала дарослая, дык і не станеш ніколі. Па-мойму, ты ўжо сапраўдная дарослая жанчына. А я, відаць, старэю. Станаўлюся балбатлівая.

Мэгі засмяялася ад радасці — так добра, што маці загаварыла па-сяброўску, каб толькі яе не спалохаць!

— Гэта на цябе дождж падзейнічаў, мама. Напэўна дождж. Якое шчасце, што ўсюды зноў расце трава і паплавы нашы зноў зазелянелі! Праўда, шчасце?

— Ведама. Але ты мне не адказала. Чаму табе не развесціся з Люкам і не выйсці зноў замуж?

— Царква не дапускае разводу.

— Лухта! — крыкнула Фія, але крыкнула не сярдзіта. — Ты напалавіну мая дачка, а я ж не каталічка. He гавары глупства, Мэгі. Калі б ты сур’ёзна хацела выйсці зноў замуж, ты б проста развялася з Люкам.

— Напэўна. Але я болей не хачу замуж. У мяне ёсць дзеці, ёсць Драгеда, а болей мне нічога не трэба.

У кустах непадалёку звонка засмяяўся нехта зусім такім самым смехам, як Мэгі, але за густа навіслымі пунсовымі суквеццямі не відно было, хто смяецца.

— Чуеш? Гэта Дэн там, у кустах. Ведаеш, гэты малы ўжо трымаецца на кані ані не горай за мяне. Дэн! — крыкнула Мэгі. — Ты чаго там хаваешся, распуснік? Вылазь адтуль!

I ён выпаўз з-пад блізкага куста — рукі чорныя, усе ў зямлі, і губы таксама падазрона запэцканыя чорным.

— Мама, а ведаеш, зямля якая смачная? Праўда, мама, смачная, клянуся табе!

Ён падышоў і стаў перад Мэгі; у свае сем гадоў ён быў высокі, прыгожы і тоненькі, але моцны, з точаным фарфоравым тварыкам.

Паявілася Джасціна і стала поплеч з братам. Таксама на свае гады высокая, але не тое каб тоненькая, проста худая і ўся ў вяснушках. Пад гэтым густым карычневым россыпам не разабраць, які ж у яе твар, ад вяснушак зусім непрыкметныя залацістыя бровы і вейкі, але дзіўныя вочы такія самыя занадта светлыя, і пагляд іх выклікае тое самае трывожнае адчуванне, што і некалі, ледзь не з калыскі. Тварык эльфа абрамляе капа кучэраў, вогненна-рыжых, якраз як былі ў Пэдзі. Прыгожаю дзяўчынку ніяк не назавеш, але і забыць яе, убачыўшы хоць раз, не забудзеш — уражваюць не толькі вочы, але і выключная ўнутраная сіла. Суровая, рашучая, разумная і рэзкая, Джасціна і ў восем гадоў таксама мала, як у маленстве, лічыцца з тым, што пра яе падумаюць. Папраўдзе блізкі ёй толькі адзін чалавек на свеце — Дэн. Яго яна, як і раней, любіць, і, як і раней, лічыць, быццам ён непадзельная яе ўласнасць.

Праз гэта ў яе з мацераю заўсёды бываюць сутычкі. Джасціне было такім ударам, што маці перастала ездзіць па выганах і вярнулася да мацярынскіх абавязкаў. Пачаць з таго, што дзяўчынка, заўсёды і пры ўсіх абставінах упэўненая ў сваёй справядлівасці, нібыта ані не мае патрэбы ў мацеры. I не той у яе характар, каб раскрываць некаму душу ці чакаць пахвальбы. Мэгі ёй найперш саперніца, якая адымае ў яе Дэна. Куды лепей Джасціна ладзіць з бабуляю: вось гэта чалавек варты, не тыцкаецца не ў свае справы, разумее, што ў цябе і ў самое ёсць галава на плячах.

— Я яго не застаўляла есці зямлю, — сказала Джасціна.

— Ну, ад гэтага не паміраюць, Джасціна, але карысці таксама няма. — Мэгі паглядзела на сына. — Як гэта ты надумаўся, Дэн?