Выбрать главу

— Яго бацька быў жанаты чалавек. Намнога старэйшы за мяне, вядомы палітычны дзеяч. Імя вядомае, нават ты, напэўна, чула. У Новай Зеландыі поўна вуліц, названых на ўшанаванне яго памяці, знойдуцца нават два-тры гарады. Але гэтым разам я буду яго называць Пакеха. На мове маары гэта значыць «белы чалавек» — нічога, добра і так. Ён ужо памёр, канешне. Ува мне і самой ёсць кропля маарыйскай крыві, а Фрэнкаў бацька быў напалавіну маары. Па Фрэнку гэта было вельмі відаць, спадчыннасць атрымалася ж з двух бакоў. Ох, як я любіла гэтага чалавека! Можа, гэта быў кліч крыві, не ведаю. Ён быў прыгожы. Высокі, грыва чорных валасоў і чорныя, зіхатлівыя з усмешкаю вочы. У ім было ўсё, чаго не хапала Пэдзі, — культура, дасканаласць, выключная прывабнасць. Я яго любіла без памяці. I думала, што ўжо ніколі болей нікога не палюблю; і ўпівалася гэтым самападманам доўга, вельмі доўга, і працверазілася надта позна... — Голас здрадзіў ёй. Яна адвярнулася, некалькі мінут глядзела ў сад. — Я ў многім вінаватая, Мэгі, можаш мне паверыць.

— Значыць, вось чаму ты любіла Фрэнка болей за ўсіх нас, — сказала Мэгі.

— Я і сама гэтак думала — бо ён Пакехаў сын, а ўсе астатнія — дзеці Пэдзі. — Фія апусцілася ў крэсла, дзіўны журботны ці то стогн, ці то ўздых сарваўся ў яе з губ. — Дык вось, гісторыя паўтараецца. Праўда, я пасмяялася сама сабе, калі ўбачыла Дэна, можаш мне паверыць.

— Ты незвычайная жанчына, мама!

— Няўжо? — Крэсла рыпнула. — Скажу табе на вушка маленькі сакрэт, Мэгі. Незвычайная там ці самая звычайная, але я вельмі няшчасная жанчына. Ці па той, ці па другой прычыне, але я была няшчасная з таго самага дня, як сустрэла Пакеху. Найперш па сваёй віне. Я яго любіла, але не дай бог ні адной жанчыне зведаць у жыцці тое, што выпала на маю долю праз яго. I потым, Фрэнк... я даражыла адным Фрэнкам, а пра ўсіх вас і не думала. He думала пра Пэдзі, а ён — самае лепшае, што мне дадзена было ў жыцці. Але я тады гэтага не разумела. Толькі тое і рабіла, што параўноўвала яго з Пакехам. He, канешне, я была яму ўдзячная, і я не магла не бачыць, што ён выдатны чалавек... — Фія паціснула плячыма. — Ну добра, што было, тое прайшло. Проста я хацела сказаць — ты вінаватая, Мэгі. Хіба ты сама не разумееш, што вінаватая?

— He, не разумею. Па-мойму, вінаватая царква, калі адбірае ў свяшчэннікаў яшчэ і гэта.

— Забаўна, мы заўсёды гаворым пра царкву як пра саперніцу. Ты ўкрала мужчыну ў саперніцы, Мэгі, зусім як я некалі.

— Ральф нічым не звязаны быў ні з адною жанчынаю, толькі са мною. Царква — не жанчына, мама. Гэта не чалавек, проста такі інстытут.

— Дарэмна ты перада мною апраўдваешся. Я ведаю ўсё, што тут можна сказаць. Некалі я і сама гэтак разважала. Пра тое, каб Пакеха развёўся з жонкаю, не было чаго і думаць. Ён адзін з першых сярод маары стаў вялікім палітычным дзеячам; яму давялося выбіраць паміж мною і сваім народам. Які мужчына выстаіць перад такою спакусаю, адмовіцца ад велічы? Вось і твой Ральф выбраў царкву, гэтак? Што ж, я вырашыла — хай сабе, мне ўсё роўна. Вазьму ад Пакехі што магу, у мяне хоць будзе ад яго дзіця, дзіця мне нішто не перашкодзіць любіць.

I раптам у Мэгі закіпела нянавісць, дзікая крыўда выцесніла жаль да мацеры — значыць, тая лічыць, што і яна, Мэгі, таксама ўсё сапсавала, загубіла жыццё і сабе і сыну?! I яна сказала:

— Ну не, мама, я намнога хітрэйшая за цябе. У майго сына ёсць законнае імя, гэтага ў яго ніхто не адбярэ, нават Люк.

Фіёна Кліры анямела, вымавіла не адразу, праз зубы:

— Едка сказана! Дык вось ты якая, Мэгі! А паглядзець — такая пакорлівая, мухі не пакрыўдзіш. Што ж, праўда, мой бацька проста купіў мне мужа, каб даць Фрэнку імя і сплавіць мяне далей. Я гатовая была даць галаву на адрэз, што ты пра гэта не ведаеш. Адкуль ты дазналася?

— Гэта мой клопат.

— Але і ты паплацішся, Мэгі. Павер, расплаты не мінаваць. Табе гэта не пройдзе дарам, як не прайшло і мне. Я страціла Фрэнка, у мацеры не можа быць страты большай — мне нават убачыць яго нельга, а я так па ім тужу... Але пачакай! Ты сама страціш Дэна.

— He ўжо, пастараюся не страціць. Ты страціла Фрэнка таму, што ён не мог ужыцца з татам. А я паклапацілася, каб у Дэна не было ніякага таты, каб ніхто не мог яго закілзаць і запрэгчы. Я сама яго закілзаю і туга ўпрагу — у Драгеду. Ты думаеш, чаму я ўжо пакрысе раблю з яго аўчара? У Драгедзе ён у бяспецы, тут яму нічога не пагражае.

— А тату пагражала? А Сцюарту? Бяспекі на свеце няма, I калі Дэн захоча адсюль паехаць, ты яго не ўтрымаеш. Тата зусім не закілзваў Фрэнка. Нічога падобнага. Фрэнка нельга было закілзаць. I калі ты думаеш, быццам ты, жанчына, сумееш закілзаць сына Ральфа дэ Брыкасара, ты глыбока памыляешся. Сама падумай, гэта так ясна. Калі ні я, ні ты не змаглі ўтрымаць бацькоў, дзе нам утрымаць сыноў?

— Я страчу Дэна толькі ў адным выпадку, мама, калі ты прагаворышся. Але перш я цябе заб’ю, так і ведай.

— He трывожся, праз мяне табе зусім няма чаго ісці на вісельню. Я не збіраюся выдаваць твайго сакрэту; проста мне цікава глядзець на гэта збоку. Праўда, толькі гэтым я і занятая, дачка. На ўсё гляджу збоку.

— Ох, мама! Ну чаго ты стала такая? Такая ўсяму чужая, закрытая, нічым не хочаш падзяліцца!

Фія ўздыхнула.

— Ад таго, што здарылася вельмі даўно, за многа гадоў да твайго нараджэння, — сказала яна горка.

Але Мэгі проста пагразіла сціснутым кулаком.

— Ну не, і чуць не хачу! Пасля ўсяго, што ты мне тут расказала? Болей ты мяне не разжаліш гэтаю старою гісторыяй! Глупства, лухта! Чуеш, мама? Ты паўжыцця смакавала гэтыя свае пакуты, хопіць!

Фія ўсміхнулася ёй — весела, ад душы.

— Раней я думала, дачка — гэта так, між іншым, важна, што ў мяне ёсць сыны, але я памылілася. Ты мне даеш асаблівую ўцеху, Мэгі, сыны мне гэтага не дадуць. З дочкамі мы роўныя, ці разумееш? Сыны не тое. Сыны — проста безабаронныя лялькі, мы іх расстаўляем, як хочам, і збіваем адною пстрычкаю, калі ўздумаецца.

Мэгі вытрашчылася на маці.

— Ты такая бязлітасная. Тады скажы мне, ну а мы ў чым вінаватыя?

— У тым, што нарадзіліся на свет, — сказала Фія.

Тысячы і тысячы мужчын вярталіся дахаты, скідалі форму колеру хакі, шыракаполыя капелюшы і зноў надзявалі ўсё цывільнае. I лейбарысцкі ўрад, які ўсё яшчэ кіраваў дзяржавай, пачаў сур’ёзна прыглядацца да вялікіх маёнткаў на заходніх раўнінах, да буйных уладанняў у глыбіні краіны. Несправядліва, каб гэтулькі зямлі належала нейкай адной сям’і, калі многім аўстралійцам, якія сумленна выконвалі свой абавязак перад радзімаю, няма дзе галаву прыхінуць разам з іх сем’ямі, дый дзяржава зацікаўлена ў тым, каб людзі лепей гаспадарылі на зямлі. Прастору многа, краіна не меншая за ЗША, а насельніцтва ўсяго шэсць мільёнаў, і на шэсць мільёнаў — жменька зямельных тузоў, жменька такіх, каму належаць вялікія абшары. He, найбольшыя маёнткі павінны аддаць частку зямлі, падзяліцца сваімі незлічонымі акрамі з ветэранамі вайны.

У Бугеле са ста пяцідзесяці тысяч акраў засталося семдзесят: два салдаты, што вярнуліся з фронту, атрымалі ад Марціна Кінга па сорак тысяч акраў. Радней Ханіш мела сто дваццаць тысяч акраў, таму Рос Маккуін пазбаўляўся шасцідзесяці тысяч — імі надзялілі яшчэ двух учарашніх воінаў. Так яно і ішло. Ведама, урад неяк кампенсаваў землеўласнікам страты, але плаціў намнога танней, чым калі б яны самі прадавалі сваю зямлю. I гэта было крыўдна. Яшчэ як крыўдна! Але ўлады ў Канберы не слухалі ніякіх доказаў: такія велізарныя абшары, як Бугела і Радней Ханіш, трэба дзяліць. Ясна і зразумела, што аднаму ўладальніку не трэба гэтулькі зямлі, вунь жа ў джыланбаўнскай акрузе многія фермеры маюць меней чым па пяцьдзесят тысяч акраў—і, аднак, жывуць заможна.

I вось што сама крыўдна: відаць, цяпер учарашнія салдаты не адступяцца. Пасля першай сусветнай вайны ў большасці вялікіх маёнткаў таксама адрэзалі частку зямлі, але тады новаспечаныя гаспадары, не маючы ні ведаў, ні практыкі, не змаглі з толкам і выгадаю разводзіць на ёй жывёлу; паступова ветэраны страцілі надзею на поспех, і колішнія ўладальнікі за капейкі зноў скупілі адабраную ў іх зямлю. Але гэтым разам урад мае намер на свае сродкі падвучыць і накіраваць неспрактыкаваных фермераў.

Амаль усе ўладальнікі старых маёнткаў былі зацятымі прыхільнікамі Зялёнай партыі і перакананымі ненавіснікамі лейбарыстаў, лічылі, што гэта ўсе гараджане, рабочыя буйных прамысловых цэнтраў, прафсаюзныя верхаводы ды нікчэмныя інтэлігенты-марксісты. Тым мацней укалола адкрыццё, што ў сям’і Кліры, якая заведама галасуе за лейбарыстаў, не адрэжуць ні аднаго акра ад неабсяжных зямель. Бо Драгеда — уласнасць Рымскай каталіцкай царквы, а значыць, падзелу не падлягае. Лямант пратэсту данёсся да Канберы, але пачуты не быў. Землеўласнікам было нялёгка вытрываць такую пагарду: яны заўсёды лічылі сябе самаю ўплывоваю сілаю ў кулуарах парламента, а выявілася, сталічныя ўлады з імі зусім не лічацца. Уся сіла — у федэральнага ўрада, і прадстаўнікі штатаў нічога не могуць ад яго дамагчыся.