Выбрать главу

Яна ласкава пагладзіла яго голую да локця руку.

— Ральф, мілы, я разумею. Ведаю, усё ведаю... у кожным з нас ёсць нешта такое — хоць крычы, хоць плач, a рады яму не дасі. Ведаеш, як тая птушка ў старадаўняй кельцкай легендзе: кідаецца грудзямі на цярновую калючку і з пранізаным сэрцам заліваецца песняю і памірае. Яна не можа іначай, такі яе лёс. Няхай сабе мы і самі ведаем, што спатыкаемся, ведаем нават раней, чым першы раз ступілі, але ж гэтае веданне ўсё роўна нічому не можа перашкодзіць, нічога не можа змяніць, праўда? Кожны спявае сваю песеньку і верыць, што ніколі свет не чуў нічога прыгажэйшага. Няўжо ты не разумееш? Мы самі сабе ствараем церні і нават не задумваемся, колькі нам гэта будзе каштаваць. А потым толькі і застаецца цярпець і ўгаворваць сябе, што мучымся недарэмна.

— Вось гэтага я і не разумею. Пакут. — Ён апусціў вочы, паглядзеў на маленькую руку — яна так пяшчотна гладзіць яго руку, і ад гэтага так баліць, не вытрываць. — Навошта гэтыя пакуты, Мэгі?

— Папытайся ў госпада бога, Ральф, — сказала Мэгі. — Ён дык знаток пакут, ці праўда? Гэта ён стварыў нас такімі. Ён стварыў наш свет. Выходзіць, ён стварыў і пакуты.

Быў суботні вечар, а таму Боб, Джэк, Х’югі, Джымс і Пэтсі з’ехаліся на вячэру. Раніцаю павінен быў прыехаць айцец Уоці адслужыць імшу, але Боб пазваніў яму і сказаў, што нікога не будзе дома. Нявінная хлусня дзеля таго, каб кардыналаў прыезд не атрымаў агалоскі. Пяцёра братоў Кліры з гадамі сталі яшчэ болей падобныя на Пэдзі — негаваркія, цвёрдыя і вынослівыя, як сама зямля. А як яны любяць Дэна! Вачэй з яго не зводзяць, нават праводзілі вачыма да дзвярэй, калі ён пайшоў спаць. Адразу відаць, яны толькі і мараць пра той час, калі ён пасталее і разам з імі пачне гаспадарыць у Драгедзе.

Кардынал Ральф зразумеў таксама, чаму так варожа глядзіць на яго Джасціна. Дэн усёю душою горнецца да яго, ловіць кожнае яго слова, не адыходзіць ні на крок, і сястра проста раўнуе.

Калі дзеці пайшлі наверх, Ральф абвёў усіх вачыма — пяцярых братоў, Мэгі, Фіёну.

— Пакіньце на хвіліну свае паперы, Фія, — сказаў ён. — Ідзіце сюды, пасядзіце з намі. Я хачу пагаварыць з вамі з усімі.

Як і некалі, Фія была яшчэ стройная, зграбная, толькі не такія высокія сталі грудзі і не такая тонкая талія — яна не растаўсцела, проста адчуваюцца гады. Моўчкі села яна ў глыбокае абшытае крэмаваю тканінаю крэсла насупраць кардынала, Мэгі сядзела побач, браты, плячо ў плячо, тут таксама, на мармуровай лаве.

— Гэта датычыцца Фрэнка.

Імя нібыта павісла над імі ў паветры, адгукнулася далёкім рэхам.

— Што датычыцца Фрэнка? — спакойна папыталася Фія.

Мэгі апусціла вязанне на калені, зірнула на мацеру, потым на кардынала. Сілы болей няма трываць гэты спакой.

— Гаварыце ж, Ральф, — спехам сказала яна.

— Фрэнк адседзеў у турме амаль трыццаць гадоў, вы разумееце, што гэта такое? — сказаў дэ Брыкасар. — Я ведаю, мае памочнікі паведамлялі вам пра яго, як было дамоўлена, але я прасіў іх не прычыняць вам лішняга болю. Напраўду, не бачу, якая карысць была б Фрэнку ці вам, калі б вы ведалі пра ўсе цяжкія падрабязнасці, як нярадасна і адзінока яму жылося, бо тут ніхто з нас нічым не мог памагчы. Я думаю, яго выпусцілі б яшчэ некалькі гадоў назад, але ў свае першыя гады ў гоўлбернскай турме ён заслужыў благую славу, надта ён быў буяны, неўтаймоўны. Нават у час вайны, калі іншых зняволеных пусцілі на фронт, бедалагу Фрэнку і тут адмовілі.

Фія падняла галаву.

— Такі ў яго нораў, — як заўсёды, спакойна сказала яна.

Ральф памаўчаў, здавалася, ён не ведае, што гаварыць далей, і, пакуль ён падбіраў патрэбныя словы, усе глядзелі на яго са страхам і надзеяй, але не за Фрэнка яны трывожыліся.

— Мусіць, вы не разумееце, што пасля столькіх гадоў прывяло мяне ў Аўстралію, — загаварыў нарэшце кардынал, не гледзячы на Мэгі. — Ведаю, я не заўсёды належным чынам клапаціўся пра тое, як складваецца ваша жыццё. Яшчэ з тых дзён, як я першы раз пазнаёміўся з вашаю сям’ёю, я думаў болей пра сябе, найперш пра сябе. А калі найсвяцейшы папа за маю працу на карысць царквы пашанаваў мяне кардынальскай мантыяй, я папытаўся ў сябе — што магу я зрабіць сям’і Кліры, чым даказаць, што лёсы іх я прымаю блізка да сэрца. — Ральф перавёў дух, вочы яго былі прыкаваныя не да Мэгі, а да Фіёны. — Я вярнуўся ў Аўстралію, каб зрабіць усё, што мне пад сілу, дзеля Фрэнка.

Помніце, Фія, што я вам гаварыў, калі памерлі Пэдзі і Сцюарт? Дваццаць гадоў прайшло, а я ўсё не мог забыць, якія ў вас тады былі вочы. Такая жывая душа, такая сіла духу загублена.

— Праўда, — вырвалася ў Боба, ён не спускаў вачэй з мацеры. — Гэта праўда.

— Цяпер Фрэнка ўмоўна вызваляць, — сказаў дэ Брыкасар. — Толькі гэтым я і мог даказаць вам, як блізка да сэрца я ўсё прымаю.

Калі ён спадзяваўся, што ў цемры, у якую на доўгія гады апушчана была Фія, адразу ўспыхне асляпляльнае святло, яго чакала расчараванне; спачатку замігала толькі слабенькая іскарка, можа, пад цяжарам пражытага жыцця ёй ніколі ўжо і не разгарэцца. Але такім незвычайным, нястрымным святлом заззялі вочы ў сыноў, што Ральф зразумеў — ён жыве недарэмна, падобнага пачуцця ён не зведваў з часоў вайны, калі ўсю ноч прагаварыў з маладзенькім нямецкім салдатам, які носіць незвычайна гучнае, звонкае імя.

— Дзякуй вам, — сказала Фія.

— Вы прымеце яго, калі ён вернецца ў Драгеду? — папытаўся Ральф у братоў Кліры.

— Тут яго дом, дзе ж яшчэ яму быць, — сказаў Боб, як кажуць пра тое, што само па сабе зразумелае.

Усе згодна кіўнулі галавамі, толькі Фія нібыта нечым завабленая была, бачным ёй адной.

— Фрэнк стаў зусім другі, — мякка прадаўжаў Ральф. — Перш чым прыехаць сюды, я пабываў у Гоўлберне, сказаў, што яго выпускаюць, і даў зразумець, што ў Драгедзе ўсе даўным-даўно ведаюць, дзе ён і чаму. Ён не быў ні абураны, ні засмучаны, па адным гэтым вы можаце зразумець, як моцна ён перамяніўся. Ён толькі... удзячны. I вельмі хоча зноў убачыць усіх родных, асабліва вас, Фія.

— Калі яго выпускаюць? — папытаўся Боб і адкашляўся. Відаць было: ён і рады за маці, і апасаецца — што прынясе ім Фрэнкава вяртанне.

— Праз тыдзень ці два. Ён прыедзе вячэрнім паштовым. Я прапаноўваў яму ляцець, але ён сказаў, што лепей прыедзе цягніком.

— Мы з Пэтсі яго сустрэнем, — з запалам падрадзіўся Джымс, але адразу расчаравана дадаў: — Ох, мы ж не ведаем яго ў твар!

— He, я сама яго сустрэну, — сказала Фія. — Я паеду адна. He такая ўжо я драхлая старая, змагу давесці машыну да Джылі.

— Мама правільна кажа, — рашуча ўмяшалася Мэгі,перабіваючы братоў, якія паспрабавалі былі хорам запярэчыць. — Няхай мама адна яго стрэне. Ёй трэба першай яго ўбачыць.

— Ну, мне трэба яшчэ папрацаваць, — хмурна сказала Фія, паднялася і адышла да пісьмовага стала.

Пяцёра братоў усталі разам, як адзін чалавек. Боб старанна пазяхнуў.

— А нам пара спаць, так я думаю, — сказаў ён. Потым сарамліва ўсміхнуўся Ральфу. — Раніцаю вы адслужыце імшу, а мы паслухаем, проста як некалі.

Мэгі склала вязанне і паднялася:

— Я таксама іду спаць, Ральф. Добрай ночы.

— Добрай ночы, Мэгі. — Ён правёў яе вачыма, потым павярнуўся да Фіёны, якая ўжо схілілася над пісьмовым сталом. — Добрай ночы, Фія.

— Што? Вы мне? Прабачце, я не чула.

— Я сказаў, добрай ночы.

— А-а. Добрай ночы, Ральф.

Яму не хацелася падымацца наверх услед за Мэгі.

— Я, мабыць, трошкі прайдуся перад сном. Ведаеце што, Фія?

— Ага? — рассеяна выпусціла яна.

— Вам ні на мінуту не ўдалося мяне ашукаць.

Яна пагардліва пырхнула, страшнавата прагучаў гэты кароткі смяшок.

— Вось як? He ведаю, не ведаю.

Позні час, неба поўнае зорак. Паўднёвыя зоркі ідуць па сваёй дарозе ў вышыні. Ён назаўсёды іх страціў, а яны і тыя самыя, надта далёкія, яны не грэюць, недасягальныя — не суцяшаюць. Яны бліжэй да бога, што згубіўся між імі няўлоўным воблачкам пары. Доўга стаяў Ральф пад зоркамі, задраўшы галаву, слухаў шэпт ветру ў лісцях дрэў, усміхаўся.