Выбрать главу

Яму не хацелася праходзіць міма Фіёны, і ён падняўся наверх па лесвіцы ў другім крыле дома; а яе лямпа ўсё гарэла, цёмны сілуэт схіліўся над пісьмовым сталом — яна яшчэ працавала. Бедная Фія. Так страшна ёй, напэўна, цяпер легчы ў пасцель — але, можа, калі Фрэнк будзе ўжо дома, ёй палягчэе. Можа...

Наверсе Ральфа аглушыла глыбокая цішыня; дзеля тых, каму захочацца блукаць сярод ночы, гарэла на стале каля акна маленькая лямпа; у акно залятаў начны ветрык, парусам надзімаў фіранкі, і кволае полымя здрыгвалася пад хрустальным абажурам. Ральф прайшоў міма, пад нагамі ляжаў шчытны дыван, і хады не было чуваць.

Дзверы ў Мэгі былі адчыненыя, адтуль у калідор таксама падала святло; імгненне Ральф стаяў на парозе, засланяючы святло, потым ступіў у пакой, зачыніў і замкнуў за сабой дзверы. Мэгі ў свабодным халаціку сядзела каля акна, гледзячы ў цемру, але адразу павярнула галаву і глядзела, як ён увайшоў і сеў на край ложка. Потым паволі паднялася, падышла.

— Дай я памагу табе сцягнуць боты. Вось таму я ніколі не езджу ў высокіх. Сама іх не сцягнеш без сцягача, а ад сцягача добры абутак псуецца.

— Ты знарок носіш гэты колер, Мэгі?

— Попел ружы? — Яна ўсміхнулася. — Гэта заўсёды быў мой любімы колер. I ён падыходзіць да маіх валасоў.

Ён абапёрся на яе плячо, і яна сцягнула з яго бот, потым другі.

— Дык ты не сумнявалася, што я да цябе прыйду, Мэгі?

— Я ж табе сказала. У Драгедзе ты мой. Калі б ты не прыйшоў, павер мне, я сама да цябе прыйшла б.

Мэгі цераз галаву сцягнула з яго кашулю, на хвіліну далонь яе з прыемнаю асалодаю легла на яго голую спіну; потым яна адышла, патушыла святло, а Ральф павесіў сваё адзенне на спінку крэсла. Ён чуў яе рухі ў цемры, зашамацеў скінуты халацік. А заўтра раніцаю я буду служыць імшу. Але да раніцы яшчэ далёка, і чараўніцтва ў службе даўно не засталося. А цяпер — толькі ноч і Мэгі. Жаданая.

I гэта таксама — святое прычасце.

Дэн быў расчараваны.

— Я думаў, вы надзенеце чырвоную сутану! — сказаў ён.

— Іншы раз я яе надзяваю, Дэн, але толькі калі служу імшу ў сябе ў палацы. А калі я не ў Ватыкане, надзяваю чорную сутану і толькі падпяразваюся чырвоным, вось як цяпер.

— У вас там і праўда палац?

— Праўда.

— I там усюды запальваюць свечкі?

— Ага, але ж і ў Драгедзе запальваюць.

— Ну, у Драгедзе, — незадаволена паўтарыў Дэн. — Пэўна ўжо нашым да тых далёка. Вось каб мне ўбачыць ваш палац і вас у чырвонай сутане.

Кардынал дэ Брыкасар усміхнуўся.

— Хто ведае, Дэн, можа, калі-небудзь і ўбачыш.

Дзіўны выраз затаіўся ў вачах гэтага хлопчыка, быццам ён заўсёды глядзеў аднекуль здалёку. Паварочваючыся да слухачоў у час імшы, Ральф заўважыў — гэты дзіўны выраз стаў яшчэ яснейшы, але не пазнаў яго, толькі адчуў нешта вельмі знаёмае. Hi адзін чалавек на свеце, хай сабе гэта мужчына ці жанчына, не бачыць сябе ў люстэрку такога, які ён на самай справе.

На каляды ў Драгедзе, як, зрэшты, і на кожныя каляды, чакалі ў госці Людвіга і Эн Мюлераў. Усе ў доме рыхтаваліся адсвяткаваць гэты дзень бесклапотна і весела, як не было ўжо шмат гадоў; Міні з Кэт за працаю даволі немузычна напявалі, пухлы твар місіс Сміт штохвіліны расплываўся ва ўсмешцы, Мэгі маўкліва аддала Дэна ў Ральфава распараджэнне, нават Фія нібыта павесялела і не ўвесь час сядзела, быццам прыкаваная, за пісьмовым сталом. Мужчыны знаходзілі прычыну, каб начаваць цяпер дома, бо вечарамі, пасля позняй вячэры, у гасцёўні не змаўкалі размовы, і місіс Сміт з задавальненнем частавала на ноч гледзячы падсмажаным хлебам з сырам, пульхнымі, адразу з полымя аладкамі і плюшкамі з разынкамі. Ральф пратэставаў — залішне яго кормяць, каб хоць не растаўсцець, — але за першыя тры дні само паветра ў Драгедзе, яе трапезы і яе насельнікі змянілі яго, і ён ужо не здаваўся такім змардаваным і змучаным, якім сюды прыехаў.

Чацвёрты дзень выдаўся вельмі гарачы. Ральф з Дэнам паехалі прыгнаць з выгану адну атару, Джасціна змрочна зашылася ў сховішча пад перцавым дрэвам, а Мэгі прылегла адпачыць на верандзе. Яе размарыла, ва ўсім целе і на душы — шчаслівая лёгкасць. Жанчына можа добра абыходзіцца без гэтага гадамі, але так слаўна, калі з табою — той, адзіны. У гадзіны, калі з ёю Ральф, трапятліва жыве ўся яе істота, недатыкальная толькі тая яе частка, якая належыць Дэну; ды вось бяда, калі з ёю Дэн, трапятліва жыве ўся яе істота, апрача тае часткі, што належыць Ральфу. I толькі калі яны з ёю абодва разам, вось як цяпер, яна папраўдзе жыве поўным жыццём. Што ж, вельмі зразумела. Дэн яе сын, а Ральф — каханы.

Толькі адзін цень азмрочвае яе шчасце — Ральф нічога не зразумеў. I яна маўчыць, не жадаючы выдаць тайну. Калі ён не бачыць сам, нашто яму гаварыць? Чым ён гэта заслужыў? Як мог ён хоць на хвіліну падумаць, быццам яна па сваёй ахвоце вярнулася тады да Люка? He, гэта кропля перапоўніла чару. He заслугоўвае ён, каб яна адкрыла яму праўду, калі мог так пра яе падумаць. Былі хвіліны, калі яна адчувала на сабе насмешлівы мацерын пагляд, але ў адказ глядзела ў гэтыя светлыя, трошкі пабляклыя вочы са спакойным выклікам. Фія разумее, яна дык усё разумее. Разумее, што ёсць ва ўсім гэтым і доля нянавісці, крыўда, жаданне адплаціць за доўгія адзінокія гады. Вечна гэты Ральф дэ Брыкасар ганяўся за прывідамі, за зіхатліваю вясёлкаю, за месяцам з неба — дык што ж, падаць яму самы прыгожы, самы прамяністы дарунак — сына? З якое ласкі? Няхай застаецца жабраком. Няхай нават не ведае, якая горкая яго страта.

Пачуліся тэлефонныя званкі — умоўны выклік Драгеды; Мэгі ляніва ўслухоўвалася, потым спахапілася, што мацеры, мусіць, няма паблізу, неахвотна ўстала і падышла.

— Калі ласка, місіс Фіёну Кліры, — папрасіў мужчынскі голас.

Мэгі паклікала яе, і Фіёна ўзяла трубку.

— Фіёна Кліры каля тэлефона, — сказала яна і мінуту-другую моўчкі стаяла і слухала, кроў паволі адлівала ад яе твару, а ён стаў нейкі маленькі, безабаронны, як у тыя ўжо далёкія дні пасля гібелі Пэдзі і Сцюарта. — Дзякуй вам, — сказала яна і павесіла трубку.

— Што там такое, мама?

— Фрэнка вызвалілі. Ён прыязджае сёння, сіднейскім начным паштовым. — Фія паглядзела на гадзіннік. — Ужо трэцяя гадзіна, хутка мне трэба ехаць.

— Давай я паеду з табою, — прапанавала Мэгі; калі сама такая шчаслівая, не вытрываць, гледзячы на засмучаную маці, а гэтая ж сустрэча напэўна нясе ўжо ёй не толькі радасць.

— He, Мэгі, я спраўлюся адна. Глядзі дома, і пачакайце нас вячэраць.

— А гэта добра, што Фрэнк вяртаецца якраз на каляды, праўда, мама?

— Праўда, — сказала Фія, — добра.

Мала хто цяпер ездзіў начным паштовым, калі можна было ляцець, і калі цягнік, высаджваючы на глухіх станцыях і паўстанках па некалькі пасажыраў, болей за ўсё другога класа, з пыхканнем адолеў шэсцьсот міль ад Сіднея да Джылі, у ім амаль нікога ўжо не засталося.

Начальнік станцыі меў шапачнае знаёмства з місіс Кліры, але яму і ў галаву не прыйшло б загаварыць з ёю першаму, ён толькі здалёку глядзеў, як яна спусцілася па драўляных усходцах з моста, перакінутага над пуцямі, і адзінока застыла на пероне. He маладзенькая, але элегантная, падумаў ён; модная сукенка і капялюш, і туфлі на высокім абцасе. Яшчэ зграбная, і маршчын на твары нямнога на яе гады; вось што значыць багатая фермерка, лёгка ёй жывецца, ад лёгкага жыцця жанчыны не старэюць.

Чамусьці і Фрэнк хутчэй пазнаў маці ў твар, чым яна яго, хоць сэрцам яна імгненна яго пазнала. Фрэнку было ўжо пяцьдзесят два, і тую пару, калі канчалася маладосць, і амаль усе сталыя свае гады ён пражыў далёка ад дому. I вось стаіць ён пад яркім джыланбаўнскім сонцам, надта бледны і худы, адны косці; валасы вельмі рэдкія, лоб з залысінаю; гаматны касцюм вісіць на хадарлявым целе, у якім, нягледзячы на малы рост, яшчэ ўгадваецца сіла; прыгожыя рукі з доўгімі пальцамі сціснулі палі шэрага фетравага капелюша. Ён не горбіцца і з выгляду не хворы, але вось стаіць, бездапаможна круціць у руках капялюш і, мабыць, не чакае, што яго сустрэнуць, і не ведае, што рабіць далей.

Фія, стрыманая, спакойная, хутка прайшла па пероне.

— Добрага здароўя, Фрэнк.

Ён падняў вочы, калісьці яны бліскалі такім жывым, гарачым агнём. Цяпер з пастарэлага твару глядзелі зусім другія вочы. Патухлыя, пакорныя, непамерна стомленыя. Яны скіраваліся на Фіёну, і дзіўны стаў гэты пагляд — пакутніцкі, безабаронны, поўны малення, як перад смерцю.