Выбрать главу

Яна зірнула раз, другі. Парывіста прыціснула да вуснаў кулак, прыкусіла костачкі пальцаў, неяк захліпнулася стогнам.

— Ну-ну, нічога, мая краса! Усё прайшло, цяпер ужо моцна балець не будзе, — шапнуў Артур.

Грудзі ў яе сутаргава калаціліся, быццам ад плачу; ён абняў яе мацней, неразборліва замармытаў ёй нейкія ласкавыя словы.

Раптам Джасціна адкінула галаву, жаласна застагнала і зайшлася залівістым, нястрымным смехам. I чым бяссільней злаваўся збянтэжаны, ашалелы Артур, тым адчайней яна рагатала, рагатала да слёз і толькі ледзь паказвала пальцам на люстэрка ў нагах за ложкам. Усё цела яе здрыгалася — але, на жаль, трохі не гэтак, як смакаваў наперад злашчасны Артур.

У многіх адносінах Джасціна была намнога бліжэй да Дэна, чым маці, але тое, што абое яны адчувалі да мацеры, заставалася само па сабе. Пачуццё гэтае ніколечкі не замінала і не пярэчыла таму, што звязвала брата і сястру. Тое, другое, паяднала іх вельмі рана і трывала, і з гадамі толькі мацнела. Калі Мэгі вызвалілася нарэшце ад працы на выганах, якая гадамі не давала ёй ні адпачынку, ні часу, дзеці падраслі ўжо настолькі, што вучыліся пісаць за кухонным сталом місіс Сміт, а падтрымку і суцяшэнне назаўсёды прывыклі знаходзіць адно ў аднаго.

Характары ў іх былі вельмі розныя, але нямала агульных густаў і схільнасцяў, а калі яны ў густах разыходзіліся, дык ставіліся да гэтага памяркоўна: чуццё падказвала паважаць дзівацтвы другога і нават цаніць несупадзенне, інакш ім аднаму з адным стала б, напэўна, сумнавата. Яны выдатна вывучылі адно аднаго. У Джасціны было натуральна асуджаць заганы ў другіх і не заўважаць іх у сабе, у Дэна ж натуральна разумець і дараваць чужыя заганы, але бязлітасна асуджаць свае. Джасціна ў сабе адчувала непераможную сілу, Дэн сябе лічыў безнадзейна слабым.

I нейкім чынам з усяго гэтага нарадзілася ледзь не ідэальная дружба, тая, у якой няма на свеце немагчымага. Але Джасціна была куды болей гаваркая, а таму Дэн дазнаваўся пра яе і пра яе пачуцці намнога болей, чым яна — пра яго. У сэнсе маралі яна была часам тупаватая, не прызнавала нічога святога, і Дэн лічыў, што павінен абудзіць у сястры затоенае сумленне. А таму ён пакорліва выслухоўваў усё, што яна ні гаварыла, з пяшчотаю і спагадаю, якія злавалі б яе бязмежна, калі б яна пра іх здагадвалася. Але яна нічога такога не заўважала; яна выкладвала цярпліваму слухачу выключна ўсё з таго даўняга часу, калі малы толькі-толькі навучыўся слухаць і нешта разумець.

— Угадай, што я ўчора рабіла вечарам? — папыталася яна, клапатліва папраўляючы шыракаполы саламяны капялюш, каб твар і шыя заставаліся ў цяні.

— Першы раз выступала ў галоўнай ролі? — сказаў Дэн.

— Доўбня! Няўжо я не паклікала б, каб ты паглядзеў! Гадай яшчэ.

— Злаўчылася нарэшце — не дала Бобі набіць Білі?

— Холадна, холадна.

Дэн паціснуў плячыма, яму ўжо трохі надакучыла.

— Паняцця не маю.

Яны сядзелі на траве ў царкоўным садзе, каля вялізнага гатычнага Храма прасвятое дзевы. Дэн па тэлефоне папярэдзіў сястру, што будзе слухаць нейкую асаблівую службу — ці не прыйдзе Джасціна да храма трошкі раней, яны б пабачыліся? Джасціна, ведама, згадзілася, ёй не цярпелася расказаць пра сваю прыгоду.

Дэн вучыўся ў Рыверв’ю-коледжы апошні год, да заканчэння заставалася зусім нядоўга; ён быў цяпер старастам школы, капітанам крыкетнай каманды, і рэгбі, і тэніснай, і па ручным мячы. I ў дадатак яшчэ першы вучань у класе. Яму мінула семнаццаць, рост — шэсць футаў і два дзюймы, звонкі хлапечы голас даўно перайшоў у барытон, і пры гэтым Дэн шчасліва пазбегнуў напасці пераходнага ўзросту: ні прышчоў, ні няўклюднасці, ні вытырклага кадыка. Пушок на шчоках такі светлы, што брыцца яшчэ неабавязкова, але ў астатнім гэта ўжо не хлапчук, а дарослы юнак. Толькі па форменным адзенні і пазнаеш, што ён яшчэ школьнік.

Дзень выдаўся сонечны. Дэн зняў саламяны капялюш, выцягнуўся на траве; Джасціна, седзячы побач, сагнулася, абхапіла калені рукамі, ад страху перад вяснушкамі трэба хаваць ад сонца кожную лапінку аголенай скуры. Дэн ляніва праплюшчыў адно сіняе вока, паглядзеў на сястру.

— Што ж ты ўчора вечарам рабіла, Джас?

— Страціла сваю цнатлівасць. Па крайняй меры, гэтак я думаю.

Абодва вокі шырока расплюшчыліся.

— Вось доўбня!

— Пф-ф! I даўно пара. Ну як я стану добраю актрысаю, калі паняцця не маю, што адбываецца паміж мужчынам і жанчынаю?

— Трэба было б паберагчы сябе дзеля таго, за каго ты выйдзеш замуж.

Джасціна прыкра зморшчылася.

— Ты нейкі выкапень, Дэн, іншы раз проста няёмка слухаць. Можа, з тым, за каго я выйду замуж, сустрэнуся я толькі ў сорак гадоў? А да таго часу што загадаеце рабіць? Замарынаваць сябе, ці што? Ты што ж, сам збіраешся берагчы нявіннасць да жаніцьбы?

— Наўрад ці я калі-небудзь ажанюся.

— Ну і я наўрад ці выйду замуж. I што тады? Перавязаць нявіннасць блакітнаю стужкаю і схаваць у куфар разам з пасагам, якога ў мяне зусім няма? Я не хачу да самай смерці толькі гадаць, што ды як.

Дэн шырока ўсміхнуўся.

— Ну, цяпер табе ўжо не давядзецца гадаць.

Ён перавярнуўся на жывот, падпёр падбародак далонню і ўважліва паглядзеў на сястру, твар у яго стаў лагодны, заклапочаны.

— I як, нішто? Ці страшна? Вельмі было агідна?

Губы ў яе задрыжалі, яна трохі памаўчала, успамінаючы.

— He, зусім не агідна. Дый не страшна. Але, далібог, не разумею, чаму ўсе гэтак захлёбваюцца ад захаплення. Даволі прыемна, і толькі. А я ж не кінулася да першага стрэчнага, выбірала з толкам — ён вельмі прывабны і не хлапчук, чалавек спрактыкаваны.

Дэн уздыхнуў.

— Ты і праўда доўбня, Джасціна. Мне было б куды спакайней, калі б ты сказала: «У ім няма нічога асаблівага, але мы пазнаёміліся, і я проста не ўтрывала». Я нават магу зразумець, што ты не хочаш чакаць замужжа, але ўсё-такі гэтага трэба захацець таму, што цябе пацягнула да чалавека, Джас. А не проста каб паспрабаваць, як гэта робіцца. He дзіва, што табе не было ніякай радасці.

Вясёлая ўрачыстасць сплыла з Джасцінінага твару.

— О, каб цябе чорт узяў, ты ўсё сапсаваў, цяпер я і праўда адчуваю сябе пагана. Калі б я цябе не ведала, я б падумала, ты хочаш утаптаць мяне ў гразь... ну, не мяне, дык мае тэорыі.

— Але ты мяне ведаеш, праўда? Ніколі я не стану ўтоптваць цябе ў гразь, але разважаеш ты іншы раз па-дурному, дурней і не прыдумаеш. — I Дэн закончыў паволі, урачыста: — Я — голас твайго сумлення, Джасціна О’Ніл.

— Вось гэта праўда, доўбня. — Забыўшыся, што трэба хавацца ад сонца, Джасціна адкінулася на траву побач з братам так, каб ён не бачыў яе твару. — Слухай, ты ж разумееш, чаму я гэта зрабіла. Праўда?

— Ох, Джасі, — пачаў ён з сумам, але яна не дала яму дагаварыць, перабіла горача, сярдзіта:

— Я ніколі, ніколі, ніколі нікога не палюблю! Толькі паспрабуй палюбіць чалавека — і ён цябе забівае. Толькі адчуй, што без некага жыць не можаш, — і ён цябе забівае. Гавару табе, у гэтым людзі ўсе аднолькавыя!

Яго заўсёды мучыла, што яна адчувае — лёс абдзяліў яе любоўю, мучыла тым мацней, што ён ведаў — гэта праз яго. Калі можна назваць нейкую самую важкую прычыну, па якой сястра так многа яму значыла, галоўнае, мусіць, было адно — яе любоў да яго ні разу, ні на імгненне не азмрочылі ні зайздрасць, ні рэўнасць. Дэн вельмі пакутаваў: яго дык любяць усе, ён — цэнтр Драгеды, а Джасціна недзе ўбаку, у цяні. Колькі ён маліўся, каб стала іначай, але малітвы нічога не мянялі. Вера яго ад гэтага не меншала, толькі яшчэ вастрэйшае стала разуменне, што давядзецца калі-небудзь заплаціць за гэтую любоў, якая так шчодра выліваецца на яго на шкоду Джасціне. Яна трымалася малайцом, яна нават сама сябе пераканала, быццам ёй і так добра — наводшыбе, у цяні, але Дэн адчуваў, як ёй балюча. Ён ведаў. У ёй вельмі, вельмі многае вартае любові, а ў ім — так мала. Безнадзейна было дашуквацца іншых прычын, і Дэн вырашыў: ільвіная доля даецца яму за тое, што ён прыгожы і намнога лагаднейшы, лягчэй ладзіць з мацераю і з усімі ў Драгедзе. I яшчэ таму, што ён мужчына. Нічога не выпадала з-пад яго ўвагі — хіба толькі тое, чаго ён проста не мог ведаць; ніколі і нікому Джасціна гэтак не давяралася, за ўсё жыццё ніхто болей не стаў ёй так душэўна блізкі.