Выбрать главу

Ведама, мама значыць ёй многа болей, чым яна прызнаецца самой сабе.

Але я ўсё выкуплю, думаў Дэн. Я дык нічым не абдзелены. Трэба неяк за гэта заплаціць, неяк ёй за ўсё кампенсаваць.

Ён нечакана зірнуў на гадзіннік, спрытна падняўся: які ні вялікі яго доўг сястры, яшчэ большы доўг перад богам.

— Мне пара, Джас.

— От гэта твая паршывая царква! Перарасцеш ты калі-небудзь гэтую дурную гульню?

— Спадзяюся, што не.

— Калі мы цяпер убачымся?

— Ну, сёння пятніца, так што як заўсёды — заўтра ў адзінаццаць тут.

— Добра. Будзь разумненькі.

Ён ужо надзеў саламяны капялюш і выправіўся ісці, але пачуўшы гэтыя словы, з усмешкаю азірнуўся:

— Ды хіба я не разумненькі?

Джасціна весела ўсміхнулася ў адказ:

— Ну што ты! Ты казачна добры, такіх на свеце не бывае! Гэта я вечна што-небудзь ды адпалю. Да заўтра!

Вялізныя дзверы ў Храме прасвятое дзевы абабіты былі чырвонаю скураю; Дэн цішком адчыніў адны і прашмыгнуў усярэдзіну. Можна было і яшчэ некалькі мінут пабыць з Джасцінаю, але Дэн любіў прыходзіць у царкву раней, пакуль яшчэ не поўна народу і не перакочваюцца ў ёй уздыхі і кашаль, шамаценне адзення і шэпт. Вельмі добра аднаму. Толькі рызнічы запальвае свечкі на галоўным алтары — дыякан, адразу вызначыў Дэн. Укленчыў перад алтаром, перахрысціўся і ціха прайшоў між лаўкамі.

Ён стаў на калені, абапёрся лобам на складзеныя рукі і аддаўся плыні думак. Гэта не была ўсвядомленая малітва, проста ўвесь ён зліўся з тым няўлоўным і, аднак, выразна адчувальным, невыказным, свяшчэнным, чым, здавалася яму, напоена тут само паветра. Быццам ён, Дэн, ператварыўся ў агеньчык адной з маленькіх лампад, што трапечуцца за чырвоным шклом і, здаецца, вось-вось патухнуць, але, жывячыся ўвесь час нямногімі кроплямі, нястомна выпраменьваюць далёка ў змрок сваё малое, але надзейнае святло. У царкве Дэну заўсёды станавілася ўтульна, ён раствараўся ў цішыні, забываўся пра сваё чалавечае «я». Толькі ў царкве ён на месцы і не ў разладзе з самім сабою і яго пакідае боль. Вейкі ў яго апусціліся, ён заплюшчыў вочы.

З галерэі, ад аргана, пачулася шаргаценне ног, шумна ўздыхнулі мяхі — рыхтаваўся да свае працы арганіст. Хлопчыкі з хору збіраліся загадзя, трэба было яшчэ раз прарэпеціраваць перад пачаткам. Чакалася, як заўсёды па пятніцах, толькі звычайная дзённая служба, але адпраўляў яе адзін з выкладчыкаў Рыверв’ю-коледжа, ён у дружбе быў з Дэнам, і Дэн хацеў яго паслухаць.

Арган выдыхнуў некалькі моцных акордаў, потым, усё цішэй, цішэй, загучалі пералівы акампанементу, і ў змрок, пад каменныя карункі скляпення, узляцеў адзінокі дзіцячы голас, слабы, высокі, пяшчотны, голас бясконцае, незямное чысціні — тыя нямногія, хто быў цяпер у вялізным пустым храме, міжволі заплюшчылі вочы, бядуючы па страчанай чысціні, па нявіннасці, якая ўжо не вернецца.

Panis angelicus,

Fit panis hominum,

Dat panis coelicus

Figuris tcrminum,

O res mirabilis,

Manducat Dominus

Pauper, pauper,

Servus et humilis...

Хлеб анёлаў, нябесны хлеб, о дзіва. З бяздоння жалю цябе я клічу, о божа, пачуй мяне! Прыхілі слых свой, паслухай маю просьбу. He пакінь мяне, божа, не пакінь мяне. Бо ты мой уладыка, а я пакорны твой слуга. У вачах тваіх узвышае адна толькі дабрадзейнасць. Ты не глядзіш, прыгожыя ці брыдкія з твару твае слугі. Табе важна адно толькі сэрца. Толькі ў табе вылечванне, толькі ў табе я знаходжу спакой.

Адзінока мне, божа. Прашу цябе, няхай скончыцца хутчэй жыццё, бо жыццё — гэта боль. Ніхто не разумее, што мне, так шчодра адоранаму, гэтак пакутліва-балюча жыць. Але ты разумееш, і толькі тваё суцяшэнне падтрымлівае мяне. Што б ні патрабаваў ты ў мяне, божа, я ўсё аддам, бо люблю цябе. I калі магу нешта прасіць у цябе, прашу толькі аднаго — усё іншае забыць навек, у табе знайсці забыццё.

— Чаму ты прыціхла, мама? — папытаўся Дэн, — Пра што ты задумалася? Пра Драгеду?

— He, — сонна адазвалася Мэгі. — Пра тое, што я старэю. Сёння раніцаю знайшла ў сябе з паўдзесятка сівых валасоў, і косці ныюць.

— Ты ніколі не будзеш старая, мама, — спакойна запэўніў Дэн.

— Добра было б, каб гэтак, любы, толькі, на жаль, ты памыляешся. Мяне стала цягнуць сюды, да вады, а гэта першая прыкмета старасці.

Яны ляжалі пад цёплым зімовым сонцам на траве каля Копанкі, на разасланых ручніках. Каля таго берага шырокае чары вада шумела, віравала, кіпела, ад яе ішоў едкі пах серы і патроху слабеў, раствараўся ў паветры. Плаваць тут, у сажалцы — зімою гэта была самая вялікая асалода. Усе хваробы і немачы старасці як рукою здымае, падумала Мэгі, павярнулася, легла на спіну, галавою ў цень вялізнага паваленага дрэва, на якім даўным-даўно сядзела яна з айцом Ральфам. Вельмі даўно гэта было; не ўдалося абудзіць у сабе хоць бы самага слабенькага водгаласу таго, што ўжо напэўна адчувала яна, калі Ральф яе пацалаваў.

Яна пачула, што Дэн устае, і расплюшчыла вочы. Ён заўсёды быў яе любы, чароўны малы; з гордасцю сачыла яна, як ён расце і мяняецца, але ўсе перамены, з дня на дзень усё болей прыкметныя адзнакі сталасці бачыліся ёй скрозь колішняе аблічча таго самага смяшлівага малога. Hi разу яшчэ не прыходзіла ёй у галаву, што ён ва ўсіх адносінах ужо даўно не дзіця.

I толькі цяпер, калі ён стаў перад ёю на ўвесь рост у адных купальных трусах, на фоне яркага неба, яна раптам зразумела.

Мой ты божа, усё кончылася! I дзяцінства, і юнацтва. Ён дарослы, ён мужчына. Гордасць, злосць, затоенае сапраўды жаночае замілаванне, страх ад прадчування нейкай немінучай бяды, гнеў, захапленне, журба — усё гэта і яшчэ шмат чаго адчула Мэгі, гледзячы на сына. Страшна гэта — нарадзіць мужчыну, яшчэ страшней нарадзіць яго такога. Такога надзіва мужнага, такога надзіва прыгожага.

Выліты Ральф дэ Брыкасар, і нешта ад яе таксама. Як магла яна не адчуць хвалявання, пазнаўшы ў гэтым яшчэ вельмі маладым целе другое, з якім яе ядналі некалі любоўныя абдымкі? Яна заплюшчыла вочы, засаромелася, зазлавалася на сябе за тое, што ўбачыла ў сыне мужчыну. Няўжо і ён цяпер бачыць у ёй жанчыну, ці яна і цяпер яму толькі загадкавы сімвал — мама? О, каб на яго чорт, каб на яго! Як ён смеў стаць дарослым?

Яна зноў расплюшчыла вочы і раптам папыталася:

— Ты ўжо што-небудзь ведаеш пра жанчын, Дэн?

Ён усміхнуўся.

— Адкуль бяруцца пчолкі і пташкі?

— Ну, маючы сястрою Джасціну, самыя простыя звесткі, ты, ведама, атрымаў. Варта ей было першы раз разгарнуць падручнік фізіялогіі — і яна пайшла выкладваць свае веды кожнаму стрэчнаму. He, я пра другое — ты ўжо спрабаваў карыстацца яе лекцыямі на практыцы?

Дэн пакруціў галавою, сеў на траву каля мацеры, зірнуў ёй у вочы.

— Дзіўна, што ты пра гэта папыталася, мама. Я даўно хацеў пра гэта з табою пагаварыць, ды ўсё не ведаў, як пачаць.

— Табе яшчэ толькі васемнаццаць, мілы. Ці не ранавата пераходзіць ад тэорыі да практыкі? (Толькі васемнаццаць. Толькі. Але ж ён — мужчына, ці ж не праўда?)

— Вось пра гэта я і хацеў з табою пагаварыць. Пра тое, каб зусім не пераходзіць да практыкі.

Такі ледзяны вецер дзьме з гор. Чамусьці яна толькі цяпер гэта заўважыла. Дзе ж яе халат?

— Зусім не пераходзіць да практыкі, — паўтарыла яна глуха, і гэта было не пытанне.

— Вось іменна. He хачу гэтага, ніколі. He тое каб я пра гэта зусім не думаў і мне не хацелася б мець жонку і дзяцей. Хочацца. Але я не магу. Бо нельга адразу ўмясціць любоў да жонкі і дзяцей і любоў да бога, такую, якой я хачу яго любіць. Я даўно гэта зразумеў. Нават не помню, калі я гэтага не разумеў, і чым сталейшы станаўлюся, тым большая мая любоў да бога. Гэта велічна і загадкава — любіць бога.

Мэгі ляжала і глядзела ў гэтыя спакойныя, вызваленыя сінія вочы. Такія некалі былі вочы ў Ральфа. Але гарыць у іх нейкі агонь, якога ў Ральфа ў вачах не было. А можа, ён палаў і ў Ральфавых вачах, але толькі ў васемнаццаць гадоў? Ці было гэта? Можа, такое толькі ў васемнаццаць і бывае? Калі яна ўвайшла ў Ральфава жыццё, ён быў ужо на дзесяць гадоў старэйшы. Але ж яе сын — містык, яна заўсёды гэта ведала. А Ральф і ў юнацтве наўрад ці схільны быў да містыкі. Мэгі праглынула камяк, што засеў у горле, шчытней укруцілася ў халат, холад адзіноты прабіраў да касцей.

— Вось я і папытаўся ў сябе, чым пакажу я богу ўсю сілу свае любові? Я доўга біўся, уцякаў ад адказу, я не хацеў яго бачыць. Бо мне хацелася і звычайнага чалавечага жыцця, вельмі хацелася. І ўсё-такі я ведаў, што павінен ахвяраваць, ведаў... Толькі адно я магу падарыць богу, толькі гэтым паказаць, што ў сэрцы маім нічога і ніколі не стане вышэй за яго. Аддаць адзінае, што з ім сапернічае, — вось ахвяра, якой бог ад мяне патрабуе. Я богаў слуга, і сапернікаў у яго не будзе. Я павінен быў выбіраць. Усім дазволіць ён мне валодаць і цешыцца, апрача аднаго. — Дэн уздыхнуў, скубучы залацістае перца драгедскай травы. — Я павінен паказаць яму, што разумею, чаму пры нараджэнні ён даў мне так многа. Павінен паказаць, што разумею, як мала значыць маё жыццё без яго.