Выбрать главу

— Хто, Ральф? Ніколі ён не здагадаецца! Гэта ўжо ва ўсякім выпадку застанецца пры мне. Я пасылаю яму майго сына — майго, і толькі. Свайго сына ён ад мяне не атрымае.

— He гняві багоў, Мэгі,багі раўнівыя, — мякка сказала Эн. — Можа, яны яшчэ не расквіталіся з вамі.

— Што яшчэ яны могуць мне зрабіць? — горка запярэчыла Мэгі.

Джасціна, пачуўшы навіну, ашалела, хоць у апошнія тры-чатыры гады яна ўпотайкі здагадвалася, што гэта можа здарыцца. На Мэгі Дэнава рашэнне абвалілася як гром з яснага неба, але Джасціне гэта быў ледзяны душ, якога яна даўно чакала.

Яны ж разам вучыліся ў сіднейскай школе, і яшчэ тады Дэн даверыў ёй многае, пра што ніколі не загаворваў з мацераю. Джасціна ведала, як многа значыць Дэну рэлігія — і не толькі бог, але і містычны сэнс каталіцкіх абрадаў. Калі б ён быў выхаваны нават як пратэстант, думала яна, ён непазбежна перайшоў бы ў каталіцкую веру, якая адна можа спатоліць нешта, закладзенае ў яго душы, такі ўжо ён па самой прыродзе сваёй. Суровы бог кальвіністаў не падыходзіць Дэну. Дэнаў бог асвечаны блікамі рознакаляровых вітражоў, ахутаны ладанам, які курыцца, убраны ў карункі і залатыя вышыўкі, апеты ў тонкай музыцы, і просьбы да яго ўзносяцца ў гучных лацінскіх вершах.

I яшчэ ліхая насмешка лёсу: чалавек надораны незвычайнаю прыгажосцю, а бядуе пра гэта, як пра жорсткую перашкоду, нібыта ён — калека. Іменна гэтак ставіцца да свае знешнасці Дэн. Любое ўпамінанне пра гэтую знешнасць абурае яго; мусіць, ён хацеў бы лепей быць вырадкам, каб ніяк не прывабліваць людзей сваім выглядам. Сястра часткова яго разумела і, можа, таму, што яе прафесія неаддзельная ад пэўнага самалюбавання, нават адабрала, што ў Дэна гэтага няма. Але ніяк не магла зразумець, чаму ён не проста абыякавы да свае знешнасці, а ставіцца да яе з нейкаю лютаю агідаю.

I голас полу ў ім таксама яўна прыглушаны, а чаму — таксама незразумела: ці то ён навучыўся выдатна сублімаваць свае пачуцці, ці то ў гэтым прыгожым целе не хапае нечага істотнага, што вырабляецца толькі мозгам. Напэўна, першая прычына, нездарма Дэн увесь час займаецца якім-небудзь спортам, які забірае многа сілы, і вечарам кладзецца ў пасцель, знямоглы ад стомы. Джасціна добра ведала, што ад прыроды брат зусім «нармальны», іначай кажучы, не схільны да аднаполае любові, ведала нават, якія дзяўчаты яму падабаюцца — высокія, пышныя, цёмнавалосыя. Але ўсе пачуцці ў ім прыглушаны; ён не заўважае, якія навобмацак рэчы, што ён трымае ў руках, не адчувае пахаў, не мае асаблівага задавальнення ад формаў і колераў таго, што навокал яго. Вельмі раптоўна і моцна трэба яго ўразіць, каб яго пацягнула да жанчыны, і толькі ў такія рэдкія хвіліны ён як быццам разумее, што ёсць на свеце зусім зямныя адчуванні і перажыванні, з якімі амаль усе людзі стараюцца не расставацца як мага даўжэй.

Дэн пра ўсё сказаў сястры пасля спектакля, за кулісамі Калаўдэнскага тэатра. У той дзень атрымана была згода Рыма; Дэну не цярпелася падзяліцца навіною з Джасцінаю, хоць ён і ведаў, што ёй гэта зусім не спадабаецца. Раней ён гаварыў ёй пра свае мары і імкненні куды меней, чым хацеў бы, бо яна адразу пачынала злавацца. Але ў той вечар, за кулісамі, ён ужо не мог стрымаць радасці.

— Доўбня, — з агідаю сказала Джасціна.

— Нічога другога я не хачу.

— Ёлупень.

— Ад таго, што ты мяне лаеш, нічога не зменіцца, Джас.

— Думаеш, я гэтага не разумею? Проста лаянка памагае трохі адвесці душу, мне патрэбна хоць якая-небудзь разрадка.

— Я думаў, ты няблага разрадзіла свае пачуцці на сцэне ў ролі Электры. Ты вельмі добра выконвала, Джас.

— Пасля цяперашняй навіны выканаю яшчэ лепей, — і маркотна паабяцала Джасціна. — Ты што ж, пойдзеш у коледж святога Патрыка?

— He, я еду ў Рым, да кардынала дэ Брыкасара. Мама ўжо ўсё ўладзіла.

— Што ты, Дэн! У такую даль!

— А чаму і табе не паехаць ну хоць бы ў Англію? Пры тваёй падрыхтоўцы і здольнасцях напэўна ўжо не так цяжка паступіць у якую-небудзь трупу.

Джасціна сядзела перад люстэркам, яшчэ ў уборы Электры, здымала грым; дзіўна падведзеныя, у чорных кругах, незвычайныя вочы яе здаваліся яшчэ болей незвычайнымі. Яна паволі кіўнула.

— Ды, мабыць, і я магу паехаць, праўда? — задумліва сказала яна. — Даўно пара... у Аўстраліі становіцца цеснавата... Правільна, дружа! Ты пацэліў! Англія дык Англія!

— Выдатна! Ты толькі падумай! У мяне ж будуць канікулы, у духоўных семінарыях семінарыстаў адпускаюць, усё роўна як ва універсітэтах. Мы вымеркуем так, каб адпачыць разам, пападарожнічаем трохі па Еўропе, а потым з’ездзім дадому, у Драгеду. Я ўсё-ўсё абдумаў, Джас! Калі яшчэ і ты будзеш паблізу, усё проста выдатна!

Джасціна заўсміхалася.

— Дзіва што! Калі я не змагу з табою пабалбатаць, хіба гэта жыццё?

— Вось-вось, нездарма я баяўся, што ты гэтак скажаш. — Дэн таксама ўсміхнуўся. — He, сур’ёзна, Джас, ты мяне непакоіш. Хачу, каб ты была бліжэй і нам можна было б хоць зрэдку бачыцца. A то хто ж стане ў цябе голасам сумлення?

Ён праслізнуў паміж шлемам антычнага воіна і жахліваю маскаю Піфіі, сеў на падлозе, сціснуўся ў камячок, каб меней займаць месца, — цяпер ён бачыў сястрын твар і ні ў кога не блытаўся пад нагамі. У Калаўдэнскім тэатры толькі ў дзвюх «зорак» былі асобныя прыбіральні, а Джасціна пакуль яшчэ не стала зоркаю. Яна адзявалася ў агульным артыстычным пакоі, дзе безупынку сноўдаліся яе таварышкі.

— Каб яго чорт узяў, гэтага кардынала дэ Брыкасара! — сказала яна са злосцю, — Я яго з першага пагляду зненавідзела.

Дэн засмяяўся.

— Нічога падобнага, гэта ты выдумляеш.

— He, зненавідзела!

— Нічога падобнага. Цётка Эн мне аднаго разу на каляды расказвала, а ты не ведаеш.

— Чаго я не ведаю? — апасліва папыталася Джасціна.

— Калі ты была маленькая, ён паіў цябе з пляшачкі і закалыхаў і ты заснула ў яго на руках. Цётка Эн кажа, маленькая ты была страшная капрызуля і цярпець не магла, калі цябе бралі на рукі, а калі ён цябе ўзяў, табе нават вельмі спадабалася.

— Хлусы!

— He, не хлусы. — Дэн усміхнуўся, — А цяпер, папраўдзе, чаго ты яго ўжо гэтак ненавідзіш?

— Ненавіджу, і ўсё. Худы стары сцярвятнік, мяне ад яго ванітуе.

— А мне ён падабаецца. I заўсёды падабаўся. Айцец Уоці называе яго — сапраўдны пастыр. I я таксама гэтак думаю.

— Пайшоў ён...

— Джасціна!!!

— Ага, нарэшце зняважылі твае найлепшыя пачуцці! Ты думаў, я і слоў гэтакіх не ведаю.

Вочы ў Дэна заіскрыліся смехам.

— А ты ведаеш, што гэта значыць? Ну, Джасі, давай растлумач мне!

Калі Дэн пачаў яе пацвельваць, Джасціна стрываць не змагла, яе вочы таксама весела заблішчалі.

— Ну, можа, ты збіраешся стаць святым, доўбня няшчасная, але калі ты да гэтага часу не ведаеш, што гэта такое, дык лепей і не дазнавайся.

Дэн стаў сур’ёзны.

— He бойся, не буду.

Каля яго паявілася пара стройных жаночых ножак, крута павярнулася. Дэн падняў вочы, загарэўся чырванню, адвёў вочы, сказаў абыякава:

— А, Марта, прывітанне.

— Прывітанне.

Дзяўчына была надзіва прыгожая, талентам не вылучалася, але адным сваім паяўленнем на сцэне ўпрыгожвала любы спектакль; яна была нібыта створана для Дэна, і Джасціна не раз чула, як ён ёю захапляўся. Высокая, тое, што кінакрытыкі называюць секс-бомба — вельмі чорныя валасы, чорныя вочы, беласнежная скура, высокія грудзі.

Марта ўселася на край Джасцінінага стала, спакусліва закінула нагу на нагу перад самым носам у Дэна і скіравала на яго прыхільны пагляд, гэта яго яўна бянтэжыла. Госпадзі, такі прыгожы хлопец! Дзіўна, адкуль у непрыгожай Джас узяўся такі прыгажунчык брат? Мабыць, яму не болей за васемнаццаць, і гэта, мусіць, будзе спакушэнне дзіцяці, — ну і напляваць!

— Можа, зойдзеце да мяне, вып’еце кавы і яшчэ чаго-небудзь? — прапанавала Марта, гледзячы зверху ўніз на Дэна. — Я вам абаім кажу, — неахвотна дадала яна.

Джасціна рашуча пакруціла галавою, у вачах у яе ўспыхнула нейкая нявыказаная думка.

— He, дзякуй, няма мне калі. Давядзецца табе задаволіцца адным Дэнам.

Але і Дэн пакруціў галавою гэтаксама рашуча, аднак не без шкадавання, відаць, спакуса і праўда была вялікая.

— Дзякуй, Марта, але я не маю часу. — Ён зірнуў на гадзіннік, як на якар выратавання. — Ох, мне трэба бегчы. Ты хутка, Джас?