Выбрать главу

— Возьмуць, калі ты не будзеш супраць, — паспешліва запярэчыў Фрэнк і ва ўпор паглядзеў сваімі чорнымі вачамі на Пэдзі.

— Але я вельмі нават супраць. Ты ў нас цяпер яшчэ толькі адзін працуеш, і без тых грошай, якія ты зарабляеш, нам не абысціся, ты ж ведаеш.

— А мне ў арміі будуць плаціць!

Пэдзі засмяяўся:

— «Салдацкія грошы», га? Кавалю ў Вэгайне куды больш плацяць, чым салдату ў Еўропе.

— Але там мне, можа, выпадзе шанц стаць кім-небудзь вышэйшым за каваля! Другой надзеі ў мяне няма, тата!

— Лухта! Далібог, хлопец, ты сам не ведаеш, што гаворыш. Вайна страшная штука. Я родам з краіны, якая ваявала тысячу гадоў, і таму ведаю, што кажу. Ты што, хіба не чуў, што расказваюць удзельнікі бурскай вайны? Ты часцяком ездзіш у Вэгайн, дык наступны раз паслухай.

I, акрамя таго, мяне абурае, што для подлых англічан нашы салдаты проста гарматнае мяса — іх пасылаюць у самае пекла, а свае дарагія войскі берагуць. Глянь, як гэты бравы ваяка Чэрчыль пагнаў нашых салдат на нікому не патрэбны Галіпалі! З пяцідзесяці тысяч салдат дзесяць тысяч забітых! Удвая горш, чым расстраляць кожнага дзесятага! I з якой ласкі ты пойдзеш біцца за гэту старую маці-Англію на яе войнах? Што яна табе добрага зрабіла? Толькі і ведае, што смокча кроў са сваіх калоній. У Англіі на цябе ўсе пазіраць будуць звысоку, бо ты ўраджэнец калоніі. Новай Зеландыі гэтая вайна нічым не пагражае, і Аўстраліі таксама. Старой маці-Англіі толькі на карысць пайшло б, каб яе разграмілі. Даўно ўжо час расплаціцца ёй за тое гора, што яна прычыніла Ірландыі. Нават калі кайзер і прамаршыруе па Стрэндзе, я слязы не пралью.

— Але ж, тата, я вельмі хачу запісацца ў добраахвотнікі!

— Ты можаш сабе хацець, Фрэнк, што ўздумаеш, але запісвацца не пойдзеш. Так што выкінь гэтае глупства з галавы. На салдата ты ростам не ўдаўся.

Фрэнк густа пачырванеў, сцяў вусны; ён даўно ўжо мучыўся ад таго, што малы ростам. У школе заўсёды быў меншы за астатніх хлопчыкаў у класе і таму задзіраўся ўдвая часцей за любога з іх. Апошні час яму пачало кроіць сэрца страшнае падазрэнне, бо цяпер, калі яму семнаццаць, у ім былі тыя самыя пяць футаў тры цалі, што і ў чатырнаццаць, — можа, ён перастаў расці? Толькі аднаму яму было вядома, якія балючыя практыкаванні ён рабіў, дарэмна спрабуючы хоць крышачку выцягнуцца, і як ён пакутаваў душою ад марнасці надзей.

Тым часам праца ў кузні дала яму сілы не па росце; калі б нават Пэдзі знарок выбіраў Фрэнку занятак пад яго душэўны склад, ён і тады не мог бы зрабіць лепшага выбару. Маленькі, але моцны і дужы, ён яшчэ ні разу не зазнаў у бойцы паражэння і ў свае семнаццаць год праславіўся ўжо на ўвесь мыс Таранакі, Нават самыя рослыя і дужыя з тамашніх хлопцаў не маглі адолець яго, таму што ў бойцы яго саюзнікамі былі накіпелая ў ім злосць, крыўда на лёс, ушчэмленае самалюбства ды яшчэ магутныя мышцы, незвычайная кемлівасць, каварства і неадольная воля да перамогі.

Чым вышэйшыя ростам і больш упартыя былі яго праціўнікі, тым мацней хацеў ён узяць над імі верх і зняважыць. Равеснікі абыходзілі яго — усе ведалі яго задзірысты нораў. Апошні час Фрэнк і сам не стаў вадзіцца з аднагодкамі і пачаў задзірацца са старэйшымі хлопцамі, і ўсё наваколле не пераставала гаварыць пра тое, як ён змясіў Джыма Колінза, хоць таму ўжо дваццаць два і росту ў ім шэсць футаў без абцасаў, а сілы — каня ўзваліць сабе на плечы. З перабітай левай рукой і памятымі рэбрамі Фрэнк не пераставаў біць Джыма Колінза, пакуль той, пусціўшы сліну, не грымнуўся да яго ног акрываўленым комам, і давялося Фрэнка ўтрымаць, каб ён не піхнуў наском чаравіка ў твар непрытомнага ўжо праціўніка. Як толькі зажыла рука і знялі рамяні з рэбраў, Фрэнк пайшоў у горад і таксама падняў каня, каб паказаць, што не толькі Джыму гэта па сіле і што справа тут не ў росце.

Пэдзі ведаў, якая слава ідзе пра яго незвычайнага атожылка, і добра разумеў упартае імкненне Фрэнка дамагчыся ўсеагульнай павагі, і ўсё ж гневаўся, таму што бойкі перашкаджалі працы ў кузні. I сам невысокі ростам, Пэдзі некалі таксама даказваў сваю храбрасць кулакамі, але ў яго родных мясцінах у Ірландыі ён быў не з самых маленькіх, а ў Новую Зеландыю, дзе народ вышэйшы, ён прыехаў ужо дарослым. I думка, што ён не ўдаўся ростам, не мучыла яго так, як Фрэнка.

Цяпер Пэдзі асцярожна прыглядаўся да сына, марна стараючыся яго зразумець. Фрэнк ніколі не быў такі блізкі яго сэрцу, як астатнія дзеці, колькі ён ні стараўся ставіцца да ўсіх аднолькава. Ён ведаў, Фію гэта засмучала, яе трывожыла вечная маўклівая непрыязнь паміж імі, аднак нават любоў да жонкі не магла суняць непрыязнь да Фрэнка.

Прыгожа скроеная далонь Фрэнка засцярожліва прыкрыла разгорнутую газету, у вачах дзіўная сумесь просьбы і гордасці, занадта ўпартай, каб выказаць просьбу словамі. Які чужы твар у сына! Няма ў ім нічога ні-ад Кліры, ні ад Армстронгаў, хіба, можа, толькі нешта ў вачах крыху ад Фіі, калі б і ў яе вочы былі чорныя і гэтак іскрыліся і ўспыхвалі, як у Фрэнка, амаль без ніякай прычыны. Ужо чаго-чаго, а храбрасці гэтаму хлапцу не пазычаць.

Пасля таго, што сказаў Пэдзі пра рост Фрэнка, гутарка абарвалася; тушанае мяса елі ў нязвыклым маўчанні, нават Х’югі з Джэкам прыціхлі і толькі ледзь чутна перагаворваліся, але ў паўзах гучна хіхікалі. Мэгі зусім нічога не ела і ўтаропілася ў Фрэнка, нібыта баялася, што ён раптам возьме і знікне з вачэй. Фрэнк дзеля прыліку яшчэ крышачку пакалупаў у талерцы і, выбраўшы момант, папрасіў дазволу падняцца з-за стала. Праз хвіліну ад кладу дроў данёсся глухі стук сякеры: Фрэнк накінуўся на цвёрдыя калоды, якія Пэдзі нарыхтаваў на зіму, — дровы гэтыя гараць у печы павольна і даюць многа жару.

Усе думалі, што Мэгі пасля абеду спіць, але яна выбралася праз акно спальні і шмыгнула да кладу дроў. Гэтая частка двара адыгрывала важную ролю ў жыцці сям’і; амаль тысяча квадратных футаў зямлі была ўслана шчыльным слоем трэсак і кары, з аднаго боку ўзвышаліся рады яшчэ не распілаванага бярвення, а з другога — мазаічныя сцены акуратна складзеных пален, якраз на даўжыню скрыні для дроў, што стаяла на кухні каля пліты. А пасярод засталіся не выкарчаваныя тры пні — на іх, як на калодках, калолі дровы.

Мэгі ўбачыла Фрэнка не каля пнёў, а на таўшчэзным бервяне эўкаліпта — ён сек яго ўпоперак, каб можна было кавалкамі падцягнуць і пакласці на самы нізкі і шырокі пень. Камель на два футы таўшчынёй ляжаў на зямлі, замацаваны на тарцах жалезнымі кастылямі. Фрэнк стаяў на ім, шырока расставіўшы ногі, і сек якраз пасярэдзіне. Сякера са свістам мільгала ў паветры, і тапарышча, слізгаючы ў яго спацелых руках, выдавала нейкі рыплівы гук. Сталь бліскавіцай успыхвала над яго галавой, апускалася ўніз расплывістай цьмяна-сярэбранай плямай і высякала з цвёрдага, як жалеза, дрэва вялікія клінападобныя трэскі, быццам гэта быў не эўкаліпт, а сасна ці якое лісцёвае дрэва. Ва ўсе бакі разляталіся шчэпкі, па голых грудзях і спіне ручайкамі ліўся пот; лоб Фрэнк абвязаў хусцінкай, каб не залівала вочы. Такая работа — небяспечная: адзін няўдалы рух або нятрапны ўдар — і ступні няма. Запясці Фрэнк перавязаў скуранымі напульснікамі, каб яны затрымлівалі пот, што цёк па перадплеччы, але рукавіц не надзеў; маленькія, далікатныя рукі, здавалася, лёгка трымалі тапарышча, і кожны ўдар быў надзіва ўмелы і трапны.

Мэгі прысела на кукішкі каля скінутых Фрэнкам рубашкі і сподняй сарочкі і палахліва і з павагай пазірала на брата. Паблізу ляжалі на зямлі тры запасныя сякеры, бо нават самае вострае лязо тупіцца аб эўкаліпт вельмі хутка. Дзяўчынка ўзяла адну сякеру за ручку і падцягнула сабе на калені — ёй вельмі б хацелася секчы дрэва так спрытна, як Фрэнк. Сякера была цяжкая, і Мэгі насілу прыўзняла яе. У новазеландскіх сякер лязо толькі адно, затое наточанае так, што ім можна галіцца, двухлязовыя ж сякеры занадта лёгкія — імі эўкаліпт не рассячэш. А ў гэтай абух цяжкі, на цалю таўшчынёй, тапарышча трывала замацавана ў гняздзе цвёрдымі драўлянымі клінкамі. Нятуга насаджаная сякера пры замаху можа сарвацца з тапарышча — праляціць, як гарматнае ядро, і яшчэ заб’е каго.

Хутка змяркалася, і Фрэнк арудаваў сякерай амаль наўздагад, больш спадзеючыся на чуццё, чым на зрок; Мэгі спрытна ўхілялася ад шчэпак — даўно ўжо прывыкла — і цярпліва чакала, пакуль брат заўважыць яе. А той ужо напалавіну перасек бервяно, павярнуўся і перавёў дух, тады зноў занёс над галавой сякеру і пачаў секчы з другога боку. Шчыліну ён высякаў вузкую і глыбокую — так хутчэй і менш марнуецца дрэва; бліжэй да стрыжня клін сякеры амаль цалкам хаваўся ў шчыліне, і буйныя шчэпкі з кожным ударам разляталіся ўсё бліжэй ад яго, але Фрэнк не звяртаў на іх увагі і толькі яшчэ хутчэй сек. I раптам, неяк зусім неспадзявана, бервяно развалілася напалам, але ў тое ж імгненне Фрэнк пругка ўзвіўся ў паветра, ледзьве не раней, як сякера апошні раз угрызлася ў драўніну. Калі абедзве палавіны бервяна, апаўшы, уверсе сашчаміліся, Фрэнк апусціўся на зямлю і ўсміхнуўся, але не вельмі вясёлая была гэтая ўсмешка.