Выбрать главу

— Гэта няважна, ваша высокапраасвяшчэнства, — ціха сказаў Дэн. — Усё роўна вы мне прыклад сапраўднага пастыра. Проста, мне здаецца, вы не зразумелі, пра што я гаварыў. Мне ідэал — зусім не нейкі бяздушны аўтамат, недаступны слабасцям чалавечае плоці. Я гаварыў пра тое, што вы пакутавалі і гэтым узвысіліся. Можа, гэта гучыць самаўпэўнена? Праўда, я гэтага не хацеў. Калі я зняважыў вас, даруйце. Вельмі цяжка знайсці патрэбныя словы!

Я хацеў сказаць, каб стаць сапраўдным пастырам, трэба гады і цяжкія пакуты і ўвесь час трэба мець перад сабою ідэал і помніць пра госпада.

Зазваніў тэлефон; няцвёрдаю рукою кардынал зняў трубку, загаварыў па-італьянску.

— Так, дзякуй, мы зараз жа прыедзем. — Ён падняўся. — Пара піць чай, і нас чакае мой даўні друг. Ён, мабыць, самы важны служыцель царквы пасля папы. Я гаварыў яму, што ты прыедзеш, і ён выказаў жаданне з табою пазнаёміцца.

— Дзякуй, ваша высокапраасвяшчэнства.

I яны пайшлі калідорамі, потым прыгожымі садамі, зусім не такімі, як у Драгедзе, міма высокіх кіпарысаў і таполяў, міма акуратных прамавугольных газонаў, уздоўж якіх вялі простыя шырокія галерэі, мошчаныя імшыстымі каменнымі плітамі; ішлі міма гатычных арак, пад мосцікамі ў стылі Адраджэння. Дэн прагна ўсё гэта паглынаў, усё яго зачароўвала. Дзіўны свет, так не падобны на Аўстралію, старажытны, вечны.

Хоць ішлі хутка, гэта заняло добрых пятнаццаць мінут, увайшлі ў палац, падняліся па велічнай мармуровай лесвіцы, уздоўж сцен, увешаных бясцэннымі габеленамі. Віторыё Скарбанца, кардыналу ды Канціні-Верчэзе, ужо мінула шэсцьдзесят шэсць, ён пакутаваў ад раматусу і страціў колішнюю стройнасць і рухавасць, але розум яго, жывы і востры, быў той самы. На каленях у яго, мурлыкаючы, скруцілася цяперашняя любіміца, сібірская дымчатая кошка Наташа. Ён не мог падняцца насустрач наведнікам, a таму толькі ветліва ўсміхнуўся і зрабіў знак увайсці. Зірнуў на даўно мілы яму Ральфаў твар, потым на Дэна О’Ніла, вочы яго расшырыліся, потым звузіліся, нерухомым паглядам упіліся ў юнака. Спалохана страпянулася сэрца, рука, ветліва пададзеная гасцям, міжволі прыціснулася да грудзей, быццам абараняючы гэтае сэрца ад болю, — кардынал сядзеў і анямела, бяздумна глядзеў на маладую копію Ральфа дэ Брыкасара.

— Віторыё, вы нездаровыя? — з трывогаю папытаўся Ральф, асцярожна ўзяўся за кволае запясце, намацваючы пульс.

— Ніколечкі. Дробязь, мінутны боль. Сядайце, сядайце.

— Найперш дазвольце паказаць вам Дэна О’Ніла, як я вам ужо расказваў, ён — сын майго вельмі даўняга блізкага сябра. Дэн, гэта яго высокапраасвяшчэнства кардынал ды Канціні-Верчэзе.

Дэн апусціўся на калені, прытуліўся губамі да кардыналавага пярсцёнка; цераз схіленую залацістую галаву кардынал Віторыё паглядзеў на Ральфа, угледзеўся ў твар так пільна, так дапытліва, як не ўглядаўся ўжо многа гадоў. I стала трошкі лягчэй: дык, значыць, яна нічога яму не сказала. А сам ён, канешне, не здагадваецца, што імгненна падумае кожны, хто ўбачыць іх побач. He здагадаюцца, ведама, што гэта бацька і сын, але адразу зразумеюць — блізкая кроўная роднасць. Бедны Ральф! Ён жа ніколі не бачыў збоку свае паходкі, выразу твару, ніколі не заўважаў, як торгаецца яго левае брыво. Сапраўды міласэрны гасподзь, што стварае людзей слепакамі.

– Сядайце. Зараз пададуць чай. Значыць, малады чалавек, вы жадаеце прыняць сан і папрасілі падтрымкі ў кардынала дэ Брыкасара?

— Так, ваша высокапраасвяшчэнства.

— Вы мудра выбралі. Пры такім настаўніку з вамі не здарыцца нічога благога. Але мне здаецца, вас нешта трывожыць, сын мой, — можа, бянтэжаць незнаёмыя абставіны?

Дэн усміхнуўся Ральфаваю ўсмешкаю, у ёй толькі не было, мусіць, характэрнага Ральфу свядомага жадання зачараваць, і ўсё ж гэта была Ральфава ўсмешка, і старое стомленае сэрца здрыганулася, быццам яго мімаходзь сцебанулі калючым дротам.

— Я ашаломлены, ваша высокапраасвяшчэнства. Раней я і ўявіць не мог, як высока стаяць кардыналы. Мне і не снілася, што мяне сустрэнуць у аэрапорце і што я буду піць чай з вамі!

— Ведама, гэта не зусім звычайна... можа нават растрывожыць, разумею. А вось і чай! — Ён з задавальненнем сачыў, як на століку расстаўляюць усё, што патрэбна, потым перасцярог, падняўшы палец. — Не-не! «Гаспадынькаю» буду я сам. Як вам наліць, Дэн?

— Таксама як Ральфу, — сказаў Дэн і пачырванеў да вушэй. — Даруйце, ваша высокапраасвяшчэнства, я незнарок агаварыўся.

— Нічога, Дэн, кардынал ды Канціні-Верчэзе разумее. Мы з табою пазнаёміліся некалі проста як Дэн і Ральф і таму толькі лепей пазналі адзін аднаго, праўда? А царкоўнае абыходжанне нам яшчэ новае. Я хачу, каб у прыватным жыцці мы заставаліся адзін аднаму Ральфам і Дэнам. Монсеньёр не будзе пярэчыць — праўда, Віторыё?

— Праўда. Я і сам люблю называць людзей па імені. Але вернемся да таго, што я гаварыў пра высокапастаўленых сяброў, сын мой. Якую б семінарыю вы ні выбралі, калі вы туды паступіце, даўняя дружба з нашым Ральфам можа паставіць вас трохі ў няёмкае становішча. Вельмі цяжка будзе даваць тлумачэнні кожны раз, як нехта нешта заўважыць наконт гэтага. Гасподзь часам дазваляе нам ману дзеля выратавання, — кардынал Віторыё ўсміхнуўся, бліснуў залатымі зубамі, — і для ўсеагульнае зручнасці я за тое, каб мы пакарысталіся такою маленькаю бяскрыўднаю выдумкаю. Растлумачыць проста і зразумела тонкія повязі дружбы — задача не з лёгкіх. Затое вельмі лёгка і проста растлумачыць повязі крэўнага сваяцтва. А таму скажам усім, што кардынал дэ Брыкасар даводзіцца вам родным дзядзькам, друг мой Дэн, гэтак і вырашылі, — з ласкаваю ўсмешкаю дагаварыў кардынал Віторыё.

Дэн яўна быў ашаломлены і збянтэжаны, кардынал Ральф пакорна схіліў галаву.

— He расчаруйцеся ў вялікіх свету гэтага, сын мой, — мякка сказаў кардынал Віторыё. — I ў іх ёсць свае слабасці, і яны таксама для зручнасці часам карыстаюцца бяскрыўднаю маною дзеля выратавання. Вы цяпер атрымалі вельмі карысны ўрок, хоць, відаць, наўрад ці ім калі-небудзь пакарыстаецеся. Аднак вам трэба зразумець, што мы, паны ў чырвоным адзенні, дыпламаты да мозгу касцей. Паверце, сын мой, я клапачуся толькі пра вас. Злосць і зайздрасць жывуць не толькі ў свецкіх інстытутах, але і ў духоўных семінарыях. Вам давядзецца цярпець нядобразычлівасць сваіх семінарыстаў, ад таго, што яны будуць лічыць Ральфа вашым дзядзькам, братам вашае мацеры, але давялося б выцерпець многа болей, калі б думалі, што вас не яднаюць крэўныя сувязі. Усе мы найперш людзі — і тут, гэтаксама як і ў любым іншым асяроддзі, вы будзеце мець справу з людзьмі.

Дэн схіліў галаву, потым выцягнуў руку, хацеў быў пагладзіць кошку, але прыпыніўся.

— Можна, ваша высокапраасвяшчэнства? Я люблю кошак.

Нельга было б знайсці шляху правільнейшага і карацейшага да старога, нязменнага ў сваёй улюбёнасці сэрца.

— Можна. Прызнаюся, мне яна становіцца цяжкаватая. Яна вялікая ласуха — праўда, Наташа? Ідзі да Дэна, ён маладзейшы і дужэйшы.

Джасціне не так проста было перанесціся з усімі сваімі манаткамі з паўднёвага паўшар’я ў паўночнае, як Дэну; ён пражыў у Рыме ўжо два месяцы, калі сястра кончыла сезон у Калаўдэнскім тэатры і не без шкадавання развіталася са сваёю кватэраю ў Босуэл-гардэнс.

— I адкуль у мяне набралася гэтулькі барахла? — дзівілася яна, складваючы раскіданыя па пакоі сукенкі, газеты, каробкі.

Мэгі, седзячы на кукішках на падлозе, падняла галаву, яна трымала ў руках каробку з драцянымі мачалкамі, што шараваць каструлі.

— А гэта навошта табе пад ложкам?

На расчырванелы даччын твар раптам найшла вялікая палёгка.

— Ох, слава табе божа! Вунь яны дзе! А я думала, іх злопаў дарагі пудзель нашай місіс Дзівайн, ён ужо цэлы тыдзень нешта кісне, і я проста баялася сказаць, што мае мачалкі недзе дзеліся. Была ўпэўненая, што ён іх зжор, гэты сабачына лопае ўсё, што не можа злопаць яго самога. А ўвогуле, я ані не засмуцілася б, калі б ён выправіўся да прабацькоў, — дадала яна задумліва.

Мэгі, усё яшчэ седзячы на кукішках, засмяялася.

— Ну-ну, Джас! З табою не замаркоцішся. — Яна кінула каробку з мачалкамі на ложак, дзе ўжо ляжалі кучы ўсяго-ўсялякага. — Ты не шануеш Драгеды, любая мая. А мы стараліся, прывучалі цябе да чысціні і акуратнасці.