Выбрать главу

— Вы якраз у пару, Ліан, — сказаў кардынал Віторыё ўсё яшчэ па-англійску і паказаў на крэсла па другую руку ад сябе. — Дарагая мая, — сказаў ён Джасціне, калі той пацалаваў яго пярсцёнак і падняўся, — пазнаёмцеся, гэта мой блізкі друг, гер Ліан Мёрлінг Хартгейм, Ліан, гэта Джасціна, Дэнава сястра.

Хартгейм цырымонна пакланіўся, цокнуў абцасамі, коратка, даволі холадна ўсміхнуўся Джасціне і сеў воддаль, так што яна са свайго крэсла не магла яго бачыць. Джасціна ўздыхнула з палёгкаю; а тут яшчэ Дэн са звыклаю прастатою апусціўся на падлогу каля крэсла кардынала дэ Брыкасара, якраз напроці яе. Пакуль яна бачыць хоць адзін знаёмы, а тым болей любы твар, ёй нічога не страшна. Аднак гэты пакой і людзі ў чырвоным, а цяпер яшчэ і гэты, смуглявы і пануры, пачыналі яе злаваць куды болей, чым супакойвала Дэнава прысутнасць: адгарадзіліся ад яе, даюць зразумець, што яна тут чужая! Што ж, яна перагнулася ў крэсле і зноў пачала чухаць кошку, адчуваючы, што кардынал Віторыё заўважыў яе злосць і гэта яго забаўляе.

— Яе апрацавалі, кацянят не будзе?

— Ведама.

— Ведама! Хоць не ведаю, чаго вы баяліся. Даволі ўжо толькі жыць у гэтых сценах, тут хто хочаш стане бясполы.

— Наадварот, мая дарагая, — з сапраўдным задавальненнем гледзячы на яе, запярэчыў кардынал Віторыё. Мы, людзі, самі зрабілі сябе псіхалагічна бясполымі.

— Дазвольце з вамі не згадзіцца, ваша высокапраасвяшчэнства.

— Значыць, наш сціплы гурток вам не спадабаўся?

— Ну, скажам так, я адчуваю сябе тут трошкі лішняю, ваша высокапраасвяшчэнства. Прыемна пабыць у вас у гасцях, але жыць тут заўсёды я б не хацела.

— He магу вас за гэта асуджаць. Я нават не ўпэўнены, што тут вам прыемна гасцяваць. Але вы да нас прывыкнеце, бо, спадзяюся, будзеце ў нас частаю госцяю.

Джасціна ўсміхнулася.

— Цярпець не магу быць выхаванаю, — прызналася яна. — Ува мне адразу абуджаюцца самыя шкодныя якасці характару... Дэн, ведама, ужо ад мяне жахаецца, я і не гледзячы на яго гэта адчуваю.

— Я толькі гадаў, ці надоўга хопіць твае выхаванасці, — ані не бянтэжачыся, адазваўся Дэн. — Джасціна ж увасоблены дух непакоры і супярэчнасці. Таму я і не жадаю лепшае сястры. Сам я зусім не бунтар, але захапляюся непакорнымі.

Хартгейм трохі перасунуў сваё крэсла, каб не губляць Джасціны з вачэй, калі яна перастала дурэць з кошкаю і выпрасталася. Рука з незнаёмым жаночым пахам ужо надакучыла пушыстай прыгажуні — і яна, не падымаючыся, гнуткім рухам перабралася з каленяў, абцягнутых чырвоным, на шэрыя, скруцілася ў клубок пад ласкаю моцных, шырокіх далоняў гера Хартгейма і замурлыкала так моцна, што ўсе засмяяліся.

— Такая ўжо я ўрадзілася, без ніякае выхаванасці, — сказала Джасціна, нясмеласці яна не паддавалася, як бы ні было ёй не па сабе.

— Матор у гэтага звера працуе выдатна, — заўважыў гер Хартгейм, вясёлая ўсмешка непазнавальна перамяніла яго твар. Па-англійску ён гаварыў выдатна, без ніякага акцэнту, хіба што «р» у яго гучала раскаціста, на амерыканскі лад.

Агульны смех яшчэ не аціх, калі падалі чай, наліваў яго, як ні дзіўна, Хартгейм і, падаючы кубачак Джасціне, паглядзеў на яе дружалюбней, чым у першую хвіліну знаёмства.

— У англічан чай сярод дня — самая важная трапеза, праўда? — сказаў ён ёй. — За кубачкам чаю многае адбываецца. Думаю, што гэта таму, што пасядзець за чаем, пагаварыць можна ледзь не ў любы час, паміж дзвюма і палавінаю шостай, а ад размоў смага мацнее.

Наступныя паўгадзіны пацвердзілі яго заўвагу, хоць Джасціна ў размову не ўключалася. Гаворка ішла пра слабое здароўе ў папы, потым пра халодную вайну, пасля пра эканамічны спад; усе чацвёра мужчын гаварылі так жвава, зацікаўлена, што Джасціна была ашаломлена — напэўна, вось што аб’ядноўвае іх усіх, нават Дэна, ён цяпер такі дзіўны, зусім незнаёмы. Ён актыўна ўдзельнічаў у размове, і ў Джасціны не выпала з-пад увагі, што трое старэйшых прыслухоўваюцца да яго надзіва ўважліва, ледзь не пакорна, як бы нават з вялікаю ўвагаю. У яго словах не было няведання ці наіўнасці, але адчувалася нешта вельмі сваё, ні на кога не падобнае... чыстае. Можа, яны так сур’ёзна, так уважліва да яго ставяцца таму, што ёсць у ім чысціня? Яму яна ўласцівая, а ім — не? Можа, гэта і праўда дабрачыннасць і яны ёю захапляюцца і тужаць па ёй? Гэтыя трое зусім розныя, і, аднак, усе яны намнога бліжэй адзін да аднаго, чым кожны з іх да Дэна. Але да таго цяжка прымаць Дэна так усур’ёз, як прымаюць яго гэтыя трое. Ведама, у многім ён болей падобны не на малодшага, а на старэйшага брата; і безумоўна яна адчувае — ён вельмі разумны, нават мудры, і сапраўды чысты. I раней яны двое заўсёды жылі адным агульным жыццём. А цяпер ён ад яе далёкі, і давядзецца да гэтага прывыкнуць.

— Калі вы хочаце перайсці да малітваў, Дэн, я правяду вашу сястру да гасцініцы, — нібыта распарадзіўся Ліан Мерлінг Хартгейм, не пытаючыся, што думаюць пра гэта астатнія.

I вось яна спускаецца па мармуровай лесвіцы з гэтым уладарным каржакаватым чужаком і не адважваецца загаварыць. На дварэ, у залатым ззянні рымскага захаду, ён бярэ яе пад руку і вядзе да чорнага зачыненага «мерседэса», і шафёр выцягваецца перад ім па стойцы «смірна».

— He заставацца ж вам першы вечар у Рыме адной, а ў Дэна другі клопат, — кажа ён, садзячыся ўслед за Джасцінаю ў машыну. — Вы стаміліся, разгубіліся ў новых абставінах, і спадарожнік вам не зашкодзіць.

— Вы, здаецца, не пакідаеце мне выбару, гер Хартгейм.

— Завіце мяне, калі ласка, проста Ліан.

— Вы, відаць, важная персона, у вас такая шыкоўная машына і асабісты шафёр.

— Вось стану канцлерам Заходняй Германіі, тады буду яшчэ важнейшая.

Джасціна пырхнула.

— Няўжо вы яшчэ не канцлер?

— Такая смеласць! Да канцлера я яшчэ не дарос.

— Хіба? — Джасціна павярнулася, агледзела яго збоку ўважлівым паглядам: праўда, смуглявая скура ў яго — гладкая і чыстая, як у юнака, вакол глыбока пасаджаных вачэй — ні маршчын, ні пухлявасці, якая прыходзіць з гадамі.

— Я пацяжэў і пасівеў, ды сівы я з шаснаццаці гадоў, a растаўсцеў, як перастаў галадаць. Мне толькі трыццаць адзін.

— Веру вам на слова, — сказала Джасціна і скінула туфлі. — Па-мойму, гэта ўсё роўна многа, мой чароўны ўзрост — усяго толькі дваццаць адзін.

— Вы страхоцце! — усміхнуўся Хартгейм.

— Трэба думаць. Мая мама таксама кажа, што я страхоцце, толькі мне не вельмі зразумела, хто з вас які сэнс укладвае ў гэтае слова, так што, будзьце ласкавыя, растлумачце мне ваш варыянт.

— А варыянт вашай мамы вам ужо вядомы?

— Яна б да смерці збянтэжылася, калі б я папыталася.

— А мяне, думаеце, ваша пытанне не бянтэжыць?

— Я моцна падазраю, што вы і самі страхоцце, гер Хартгейм, і наўрад ці вас можна чым-небудзь збянтэжыць.

— Страхоцце, — шэптам паўтарыў ён. — Што ж, добра, міс О’Ніл, пастараюся вам растлумачыць, што гэта значыць. Страхоцце — гэта той, хто наводзіць на другіх жах; ходзіць па галовах; адчувае сябе мацнейшым за ўсіх, апрача госпада бога; яго не грызе сумленне і ў яго вельмі слабое паняцце пра мараль.

— Па-мойму, усё гэта вельмі падобна на вас, — усміхнулася Джасціна. — А я не магу не мець паняцця пра сумленне і мараль. Я ж Дэнава сястра.

— Вы ніколечкі на яго не падобныя.

— Тым горай мне.

— Такая знешнасць, як у яго, не падышла б да вашага характару.

— Вы, безумоўна, праўду кажаце, але калі б у мяне была яго знешнасць, дык і характар атрымаўся б другі.