Выбрать главу

Ён уцалеў і збярог жывую душу не на тое, каб зноў гібець у беднасці і невядомасці. Бо Ліан быў не проста вельмі славалюбны, ён быў у пэўным сэнсе геній. Ён пайшоў працаваць у фірму Грундзіга і стаў вывучаць галіну, якая захапіла яго з першай хвіліны, як ён дазнаўся, што такое радар, — электроніку. У галаве ў яго раілася мноства ідэй, але ён не пажадаў прадаць іх Грундзігу за мільённую долю сапраўднага кошту. He, ён старанна вывучыў рынак, потым ажаніўся з удавою чалавека, які ўхітрыўся зберагчы дзве невялікія фабрыкі радыёпрыёмнікаў, і сам заняўся гэтаю вытворчасцю. Яму было толькі трошкі за дваццаць, але гэта не бяда. Разважаў ён як чалавек сталы і дасведчаны, a ў хаосе пасляваеннай Германіі перад тымі, хто малады, адкрывалася нямала магчымасцей.

Шлюб быў грамадзянскі, а таму каталіцкая царква дала яму дазвол на развод; у 1951 годзе ён заплаціў Анэлізе Хартгейм у два разы болей, чым каштавалі ў той час дзве фабрыкі яе нябожчыка мужа, і развёўся з ёю. Аднак другі раз не жаніўся.

Усё, што перажыў хлапчук Хартгейм на грозных ледзяных палях Расіі, не зрабіла з яго бяздушнай карыкатуры на чалавека; толькі спынілася ў росце і развіцці ўсё, што было ў яго ў натуры добрае і пяшчотнае, а на першы план выступілі іншыя якасці — розум, суровасць, рашучасць. Той, каму няма чаго траціць, можа ўсяго дамагчыся, таго, хто не адчувае болю, нішто не раніць. Ва ўсякім разе, гэтак гаварыў сам Хартгейм. А напраўду ён вельмі падобны быў на чалавека, якога сустрэў у Рыме ў 1943 годзе; як Ральф дэ Брыкасар, аступаючыся, ён сам разумеў гэта. Аднак разуменне, што ён можа зрабіць благі ўчынак, ні на міг яго не спыняла, ён толькі моўчкі мучыўся, караў сябе і гэтым расплачваўся за поспехі ў справах. Многім здасца, што за гэта не варта плаціць такою дарагою цаною, але ён гатовы быў адпакутаваць удвая болей. Яшчэ надыдзе дзень — ён будзе кіраваць Германіяй і зробіць яе такою, пра якую марыць, ён выкараніць арыйска-лютэранскую мараль, увядзе памяркоўны светапогляд, шырыню поглядаў. Ён не мог абяцаць, што перастане грашыць, і таму яго не прымалі да споведзі і не даравалі грахоў, але, як ні дзіўна, ён не пакінуў колішняе веры, а пад канец у руках у яго сканцэнтраваліся такія грошы і такая ўлада, што ўжо не магло быць гаворкі пра вінаватасць, ён прыйшоў на споведзь, пакаяўся і атрымаў дараванне.

У 1955 годзе Хартгейм — адзін з самых багатых і ўплывовых дзеячаў Заходняй Германіі, толькі што выбраны дэпутат Бонскага парламента, і вось ён зноў у Рыме. Трэба знайсці кардынала дэ Брыкасара, хай убачыць, які плён прынеслі яго малітвы. Пазней Хартгейм не мог прыпомніць, якою загадзя маляваў сабе гэтую сустрэчу, бо з першай і да апошняй хвіліны разумеў адно — Ральф дэ Брыкасар у ім расчараваны. Ён і сам разумеў, што расчараваў кардынала, пытацца не было патрэбы. Аднак слоў, якія сказаў яму Ральф дэ Брыкасар на развітанне, ён не чакаў.

— Я маліўся, каб ваша доля была лепшая за маю, вы ж былі зусім маладыя. Няма такое мэты, якую апраўдвалі б любыя сродкі. Але, мабыць, насенне нашай гібелі пасеяна яшчэ да нашага нараджэння.

Вярнуўшыся да сябе ў гасцініцу, Хартгейм расплакаўся, а потым падумаў ужо спакойна: з мінулым кончана, цяпер я стану такі, як ён спадзяваўся. Часам яму гэта ўдавалася, часам — не. Але ён стараўся. Дружбаю, якая звязала яго з многімі людзьмі ў Ватыкане, ён стаў даражыць болей за ўсё на свеце і імкнуўся ў Рым кожны раз, калі адны толькі гэтыя людзі маглі суцешыць яго ў беспрасветным адчаі. Суцешыць. Дзіўную знаходзіў ён у іх уцеху. Яго не песцілі, не гаварылі яму ласкавых слоў. Гаючы бальзам уліваўся проста ў душу, нібыта сябры разумелі, у чым яго пакута.

I ў гэты цёплы вечар, правёўшы Джасціну ў пансіён, ён блукаў па вуліцах Рыма і думаў, што назаўсёды застанецца ёй удзячны. Бо калі ўдзень за чаем яна ў яго на вачах храбра трывала сапраўднае катаванне, у душы ў яго зварухнулася спагада. Маленькае страшыдла, параненае, але не пераможанае. Ці разумеюць яны, што яна варты ім праціўнік? Яму здалося — гэтак любавацца і ганарыцца ён мог бы роднаю дачкою, шкада толькі, няма ў яго дачкі. Вось ён і перахапіў яе ў Дэна, звёз, каб паглядзець, як яна будзе трымацца пасля сустрэчы з гнятучаю веліччу царквы, з Дэнам, якога яна ніколі раней не бачыла, з Дэнам, які ніколі болей не будзе непадзельна ёй блізкі душою.

У богу, у якога ён, Ліан, верыць, думалася яму, найлепшае тое, што ён можа ўсё дараваць, ён даруе Джасціне яе бязбожнасць, а яму, Ліану, што ён замкнуў усе свае пачуцці на замок да часу, пакуль не палічыць патрэбным зноў даць ім выйсце. Адзін час ён з жахам думаў, што ключ згубіў назаўсёды. Ліан усміхнуўся, шпурнуў цыгарэту. Ключ... Што ж, іншы раз ключы бываюць вельмі дзіўнай формы. Можа, спатрэбіцца кожная кучаравая завітушка гэтай вогненна-рыжай галавы, каб адамкнуць хітры механізм, можа, у сценах, дзе рдзелі кардынальскія ўборы, гасподзь бог даў яму рдзяны вогненны ключ.

Дзень праляцеў як адно імгненне. Але зірнуўшы на гадзіннік, Ліан пераканаўся, што яшчэ не позна — і, ведама, цяпер, калі яго святасць папа пры смерці, той, хто валодае ў Ватыкане велізарнаю ўладаю, яшчэ не спіць, як і яго любіміца кошка, якая не спіць начамі. У маленькім пакоі ў замку Кастэль Гандольфа чутна страшная перадсмяротная ікаўка, перадсмяротныя сутаргі крывяць бледны, худы, аскетычны твар таго, хто доўгія гады ўвенчаны быў папскаю тыяраю. Што б там ні казалі, а ў ім была веліч. I калі ён любіў немцаў, калі ён і цяпер з задавальненнем слухае нямецкую мову, хіба гэта што-небудзь мяняе? He Ліану Хартгейму пра гэта разважаць.

Але таго, што яму цяпер трэба дазнацца, у Кастэль Гандольфа яму не скажуць. I ён падымаецца па мармуровых усходцах, у барвовыя і пунсовыя пакоі, каб пагаварыць з Віторыё Скарбанца, кардыналам ды Канціні-Верчэзе. З тым, хто, можа, стане новым папам. Вось ужо амаль тры гады сочыць Ліан, як пагляд гэтых мудрых, ласкавых цёмных вачэй з нязменнаю пяшчотаю скіраваны на адзін твар; выходзіць, адказу лепей шукаць у Віторыё, а не ў кардынала дэ Брыкасара.

— Ніколі ў жыцці не думала, што скажу такія словы, але, дзякаваць богу, нарэшце мы едзем у Драгеду! — заявіла Джасціна; яна наадрэз адмовілася кінуць манетку ў фантан Трэві як зарука абавязковага вяртання. — Мы ж хацелі пабываць у Іспаніі і ў Францыі, а да гэтага часу тырчым у Рыме, і я тут зусім лішняя, проста як пупок. Недарэчнасць нейкая!

— Гм-м, вы лічыце, пупок — штука лішняя? Зрэшты, помніцца, такое думкі прытрымліваўся і Сакрат, — сказаў Ліан.

— Сакрат? Праўда? He помню! Вось цікава, а я дык думала, што прачытала траха не ўсяго Платона.

Джасціна гнутка павярнулася, паглядзела на яго і вырашыла, што нядбайнае адзенне гуляшчага турыста болей яму пасуе, чым строгі касцюм, у якім ён паяўляецца ў Ватыкане.

— Гэта праўда: Сакрат быў цвёрда перакананы, што пупкі нікому не патрэбныя. Для доказу ён нават адвінціў свой і выкінуў.

Губы ў Джасціны ўсмешліва зварухнуліся.

— I што з гэтага выйшла?

— З яго звалілася тога.

— Усе хлусы! — Яна засмяялася. — У Афінах тады ніхто не насіў тогі. Але я з жахам адчуваю, што ў гэтым вашым анекдоце хаваецца нейкае павучанне. — Усмешка збегла з яе твару. — Нашто вы траціце на мяне час, Лівень?

— Вось упартая! Я ж вам растлумачыў, маё імя вымаўляецца не Лівень, а Ліан.

— Ды не, вы не зразумелі... — Джасціна задумліва глядзела на іскрыстыя струмяні фантана, на брудны басейн, у які накідалі процьму брудных манет. — Былі вы калі-небудзь у Аўстраліі?