Выбрать главу

А ў Дэна былі добрыя намеры, і папраўдзе пісаў ён часта. Адна бяда — ён забываўся пасылаць плён свае працы, і ў Драгедзе па два, па тры месяцы не атрымлівалі ад яго ні слова, а потым зараз прыходзіла дзесятак пісем. Балбатуха Джасціна пісала даўжэзныя пасланні-споведзі, надзвычай дасціпныя, але ў іх усё падавалася так аголена, груба, што чытачы чырванелі і спалохана ахалі. Мэгі пісала і сыну і дачцэ толькі раз у два тыдні. Пісем ад бабулі Джасціна не атрымлівала ніколі, а Дэн атрымліваў, і нават часта. Яму ўвесь час пісалі і ўсе дзядзькі — пра зямлю, пра авечак, пра здароўе ўсіх драгедскіх жанчын; відаць, лічылі сваім абавязкам запэўніць пляменніка, што дома ўсё ў поўным парадку. Аднак яны не пісалі пра гэта Джасціне — яна толькі здзівілася б. Што ж да місіс Сміт, Міні, Кэт і Мюлер, дык іх перапіска з Джасцінаю і Дэнам складвалася гэтак, як і трэба было чакаць.

Адно задавальненне — чытаць пісьмы, цяжкая праца — пісаць. Цяжкая ўсім, апрача Джасціны, яе толькі злосць брала, што яна ні ад кога не атрымлівае такіх пісем, якіх ёй хочацца, тоўстых, падрабязных і адкрытых. I якраз ад Джасціны ў Драгедзе найболей ведалі пра Дэна: яго пісьмы былі абстрактныя. А Джасціна малявала самую сутнасць.

«Сёння ў Лондан прыляцеў Ліан, — напісала яна аднаго разу, — ён гаворыць, што на мінулым тыдні бачыўся ў Рыме з Дэнам. Ён увогуле часцей сустракаецца з Дэнам, чым са мною. Рым — мэта ўсіх яго падарожжаў, а Лондан толькі так, прыпынак. Прызнацца, найболей праз Ліана кожны год перад тым, як ехаць дадому, я сустракаюся з Дэнам у Рыме. Дэн ахвотна заехаў бы па мяне ў Лондан, але калі Ліан у Рыме, я на гэта не згаджаюся. Ведама, я эгаістка. Але вы не ўяўляеце, колькі ўцехі дае мне Ліан.

Ён з тых маіх знаёмых — такіх раз, два, і ўсё, — хто не, мне паблажкі, і мне шкада, што мы так рэдка бачымся.

У адным Ліан шчаслівейшы за мяне. Ён сустракаецца з Дэнавымі таварышамі па семінарыі там, куды мне ходу няма. Мусіць, Дэн баіцца, што я тут на месцы загублю іх нявіннасць. Або яны загубяць маю нявіннасць. Ха! Хіба толькі яны ўбачылі б мяне ў касцюме Чарміян. Я ў ім лялечка, каб вы толькі бачылі. Такая сучасная Тэда Бара. Два маленечкія шчыткі толькі-толькі прыкрываюць саскі, і безліч усялякіх ланцужкоў, і яшчэ такая штука — па-мойму, гэта пояс нявіннасці, ва ўсякім разе, без кусачыкаў пад яго не залезеш. Ды яшчэ парык — доўгія чорныя валасы, і ўсё цела пафарбавана пад смуглявы загар, і ў гэтых дзвюх з палавінаю бляшках выгляд у мяне такі, што ў гледачоў дух займае.

Пра што гэта я? Ага, значыць, Ліан на тым тыдні ў Рыме сустрэў Дэна з яго аднакашнікамі. Яны ўсёю кампаніяй выправіліся на п’янку. За ўсё плаціў Ліан, настаяў на сваім, каб Дэн не бянтэжыўся. Ну і вечарок быў. Ніякіх жанчын, ведама, але ўсё астатняе — як павінна быць. Вы толькі ўявіце. Дэн стаіць на каленях у нейкім паршывым рымскім бары перад вазаю з жоўтымі нарцысамі і дэкламуе:

Нарцыс мой мілы, мы завянем,

Бо ваша вабнасць хутка плача...[11]

Добрых дзесяць мінут ён стараўся ўспомніць гэтыя радкі і нічога не зблытаць, потым адчаяўся, узяў адзін нарцыс у зубы і пусціўся ў скокі. Гэта Дэн, вы ўяўляеце?! Ліан кажа, такое зусім бяскрыўднае і проста патрэбнае, нельга ж толькі працаваць і ніяк не весяліцца, ну і гэтак далей. Калі жанчыны выключаны, трэба добра выпіць. Так лічыць Ліан. He думайце, што гэта часта бывае, нічога падобнага, вельмі рэдка, і, як я зразумела, у такіх выпадках Ліан верхаводзіць і сам іх пільнуе, бо яны ўсе проста ёлупні жаўтаротыя. Але я здорава пасмяялася — уяўляеце, Дэн з нарцысам у зубах скача фламенка, і ў гэты час арэолу святасці на ім як не было!»

Восем гадоў прабыў Дэн у Рыме, перш чым прыняў сан, і напачатку ўсім здавалася, што гэтыя гады ніколі не скончацца. I, аднак, восем гадоў пранесліся куды хутчэй, чым маглі ўявіць у Драгедзе. Што ён будзе рабіць потым, калі стане свяшчэннікам, ніхто добра не ведаў, але напэўна вернецца ў Аўстралію. Толькі Мэгі і Джасціна падазравалі, што ён захоча застацца ў Італіі, але Мэгі ўсё ж удавалася заглушыць гэтае апасенне — Дэн кожны год з такою радасцю прыязджае дадому на канікулы. Ён жа аўстраліец, ведама ж, ён захоча вярнуцца на радзіму. Джасціна зусім другое. Няма чаго і думаць, каб яна назаўсёды вярнулася дадому. Яна актрыса, у Аўстраліі яна на сцэне не вылучыцца. А Дэн можа аддавацца свайму прызванню абы-дзе.

Дык вось, на восьмы год ніхто не строіў планаў — як будуць дзеці забаўляцца, калі прыедуць на канікулы; наадварот, надумаліся ўсёю сям’ёю паехаць у Рым і ўбачыць сваімі вачыма, як Дэн прыме сан.

— Мы кончыліся пшыкам, — заявіла Мэгі.

— Даруйце, дарагая, як вы сказалі? — перапытала Эн.

Яны сядзелі ва ўтульным кутку на верандзе і чыталі, але кніга Мэгі даўно ўжо ляжала забытая ў яе на каленях, а яна рассеяна сачыла, як дзве сітаўкі весела бегаюць па поплаве. Год выдаўся дажджлівы, чарвякоў — процьма, і не прыпомніш, каб гэтак багата і вольна жылося птушынаму народу. Рознагалосыя спевы і шчэбет не змаўкалі ад цямна да цямна.

— Я сказала, мы кончыліся пшыкам, — злавесна паўтарыла Мэгі. — Як адсырэлая шуціха на феерверку. Усе надзеі пайшлі прахам! Хто б падумаў у тысяча дзевяцьсот дваццаць першым, калі мы прыехалі ў Драгеду, што гэтым кончыцца?

— Я ўсё-такі не разумею.

— У мамы з татам было шасцёра сыноў ды яшчэ я. Праз год нарадзіліся яшчэ два сыны. Чаго трэба было чакаць? Будуць дзесяткі дзяцей, паўсотні ўнукаў? А цяпер глядзіце. Хэл і Сцюарт памерлі, астатнія мае браты, відаць, жаніцца не збіраюцца, і вось я — адзіная, хто не мае права перадаць па спадчыне нашу фамілію, — адна магу даць Драгедзе наследнікаў. Але ўсявышнім багам і гэтага мала. У мяне сын і дачка. Можна чакаць хоць некалькі ўнукаў. Уга, дзе вы бачылі! Мой сын становіцца свяшчэннікам, а дачка з яе прафесіяй увесь век пражыве ў дзеўках. I зноў Драгеда застанецца ні з чым.

— Няма чаго дзівіцца, — сказала Эн. — Урэшце, чаго можна чакаць ад вашых братоў? Толькі тырчаць на выганах, палахлівыя, як кенгуру, ніколі не сустракаюцца з дзяўчатамі, з якімі можна было б ажаніцца. А Джымса і Пэтсі яшчэ і вайна прыгняла. Можаце ўявіць, каб Джымс ажаніўся, калі ён ведае, што ў Пэтсі гэтага ніколі не будзе? Вельмі яны прывязаныя адзін да аднаго. Дый праца на зямлі таксама робіць мужчын бясполымі, траха не ўсю сілу забірае, а яе не так і многа. У самым простым, чыста фізічным сэнсе. Вы ніколі пра гэта не задумваліся, Мэгі? Груба кажучы, ваша сям’я не створана для бурнага сексуальнага жыцця. I Дэн з Джасцінаю такія самыя. Я хачу сказаць, іншыя людзі толькі тое і ведаюць, што за гэтым ганяюцца, як марцовыя каты, а ў вас у родзе нічога такога няма. Зрэшты, Джасціна яшчэ можа выйсці замуж. Мусіць, яна незвычайна прывязана да гэтага немца, да Ліана.

— Вось іменна, вы якраз пацэлілі. — Мэгі не прымала ніякіх суцяшэнняў. — Яна незвычайна да яго прывязана. I не болей. Урэшце, яны знаёмыя ўжо сем гадоў. Калі б яна збіралася за яго замуж, яны б ужо даўным-даўно пажаніліся.

— Вы думаеце? Я някепска ведаю Джасціну. (Эн гаварыла чыстую праўду, у Драгедзе ніхто, у тым ліку і Фія з Мэгі, не разумеў Джасціну так, як яна.) Я думаю, яна баіцца палюбіць тою любоўю, якую вядзе за сабою замужжа, і, прызнаюся, я ў захапленні ад гэтага Ліана. Ён, відаць, яе раскусіў. He, я не магу сказаць напэўна, што ён у яе закаханы, але калі ўжо закаханы, у яго хапае розуму чакаць, пакуль яна пасталее, каб зрабіць такі крок. — Эн нахілілася ў крэсле, забытая кніга ўпала на кафляную падлогу. — Чуеце, чуеце гэтую птушку? Па-мойму, салаўю і то да яе далёка... — I, счакаўшы, выказала тое, што ўжо многія тыдні было ў яе на душы: — Мэгі, чаму вам не паехаць у Рым? Вам трэба было б быць там, калі Дэн прыме сан.

— Я ў Рым не паеду! — праз зубы адказала Мэгі. — Я ніколі болей нікуды не крануся з Драгеды.

— Ну што вы, Мэгі! Дэн так замаркоціцца! Калі ласка, паедзьце! Калі вы не паедзеце, там не будзе ні аднае жанчыны з Драгеды, вы адна яшчэ маладая і можаце ляцець. Паверце, калі б я, старая разваліна, магла спадзявацца, што вытрымаю такое падарожжа, я ўжо была б у гэтым самалёце.

— Прыехаць у Рым і глядзець, як святкуюць перамогу Ральфа дэ Брыкасара? Ды я хутчэй памру!

— Мэгі, Мэгі! Ведама, вы расчараваныя, але нашто ж адводзіць душу на ім і на родным сыне? Вы ж аднаго разу прызналіся, што самі ва ўсім вінаватыя. Дык уціхамірце сваю гордасць і едзьце ў Рым, зрабіце ласку.