Выбрать главу

Ён адкінуўся ў крэсле, слухаў, што расказвае яму Боб пра стрыжку авечак, і, паколькі абавязкі гаспадара ён узяў на сябе, а ёй болей не было чаго рабіць, Джасціна з цікаўнасцю да яго прыглядалася. Звычайна яна заўважала вонкавыя асаблівасці на новым твары з першага позірку, але часам гэтая пільнасць ёй здраджвала, і людзі незаўважна ўваходзілі ў яе жыццё і займалі там трывалае месца раней, чым яна паспявала зрабіць першае важнае заключэнне пра іх аблічча. I тады, бывае, пройдуць гады, пакуль ёй зноў надарыцца паглядзець на чалавека свежым вокам, як на незнаёмага. Гэтак глядзіць яна цяпер на Ліана. Усяму віною, канешне, тая першая сустрэча: сярод гэтых кардыналаў, спалоханая, прыгнечаная, яна тады толькі грубіяніла, стараючыся дадаць сабе храбрасці. I паспела заўважыць толькі самае відавочнае — які ён моцны і каржакаваты, які смуглявы, якія ў яго густыя цёмныя валасы. А калі ён павёз яе вячэраць, выпадак для дакладных назіранняў быў страчаны: ён прымусіў яе ўбачыць ужо не рысы яго твару, а своеасаблівую асобу; яна вельмі занятая была тым, што вымаўляюць яго губы, каб глядзець, як гэтыя губы акрэслены.

I зусім ён не вырадак, вырашыла яна цяпер. Напэўна, яго аблічча зусім адпавядае сутнасці, у ім змяшалася ўсё самае добрае і самае кепскае. Быццам у якім-небудзь рымскім імператару. He дзіва, што гэтак любіць Рым. Тут яго духоўная радзіма. Шырокі твар, глыбока пасаджаныя вочы, рэзка выпучаныя скулы, нос невялікі, але з гарбінкаю. Густыя чорныя бровы не паўтараюць выгіну вачніцы, яны зусім простыя. Чорныя і доўгія-доўгія, зусім дзявочыя вейкі, і прыгожыя цёмныя вочы, а павекі амаль заўсёды прыспушчаныя і хаваюць яго думкі. Але самы прыгожы на гэтым твары рот — не вельмі пухлы і не танкагубы, не вялікі і не маленькі, але на рэдкасць прыгожа і выразна акрэслены і неяк дзіўна цвёрда стулены; здаецца, перастаў бы Ліан сачыць за сабою, не сціскаў бы ён вуснаў так шчытна — і яны выдалі б усе яго тайны, і стала б ясна, які ён папраўдзе. Да таго цікава разбіраць па рысачках твар, які ўжо такі знаёмы і якога, выяўляецца, зусім не ведаеш.

Джасціна ачнулася ад задумёнасці і заўважыла, што ён пільна сочыць, як яна яго разглядвае — адчуванне такое, быццам на вачах узброенага камянямі натоўпу з цябе садралі сукенку! Хвіліну ён глядзеў ёй проста ў вочы шырока расплюшчанымі, насцярожанымі вачыма, не тое каб здзіўлена, хутчэй выпрабавальна. Потым спакойна перавёў позірк на Боба і папытаўся пра нешта не вельмі важнае наконт забалочаных зямель. Джасціна ў думках страсянула сябе за каўнер — не выдумляй лішняга! Але аказалася, гэта вельмі заманліва — у чалавеку, які шмат гадоў быў проста другам, раптам убачыць магчымага палюбоўніка. I думка гэтая зусім не была агідная.

У Артура Лестрэнджа было нямала пераемнікаў, і з імі яе ўжо не разбіраў смех. О, я прайшла немалую дарогу пасля тае памятнае ночы. Толькі вось пытанне — ці прасунулася я хоць на крок наперад? Гэта вельмі прыемна, калі ў цябе ёсць мужчына, і на халеру Дэнавы развагі пра тое, што мужчына павінен быць адзін-адзіны. Я не збіраюся звязваць сябе з адным-адзіным, а таму не буду спаць з Ліанам, — не, нізашто. Надта многае ад гэтага зменіцца, і я страчу сябра. А сябар мне патрэбен, без сябра я не магу. Мне трэба зберагчы яго, як я зберагла Дэна, хай побач будзе мужчына, які фізічна нічога мне не значыць.

Сабор гэты мог умясціць дваццаць тысяч чалавек, і не было б цесна. Няма на свеце другога храма боскага, у стварэнне якога ўклалі б столькі часу, і роздумаў, і генія; перад ім блякнуць язычніцкія старажытныя творы. Напраўду, пры параўнанні яны здаюцца мізэрнымі. Столькі любові, столькі працы. Базіліка Брамантэ, купал Мікеланджэла, каланада Берніні. Яны праслаўляюць веліч не толькі Бога, але і Чалавека. Глыбока пад гэтым confessio[13], у маленькім каменным магільным склепе, пахаваны сам святы Пётр; тут каранавалі некалі Карла Вялікага. Здаецца, рэха галасоў, якія даўно адгучалі, яшчэ дыхае ў патоках святла, якое пранікае знадворку, даўно нежывыя пальцы яшчэ гладзяць бронзу промняў за галоўным алтаром і песцяць бронзавыя кручаныя калоны baldacchino[14].

Ён ляжыць ніц на прыступках нібы мёртвы. Пра што ён думае? Можа, яго мучыць недарэчны ў гэты час боль таму, што не прыехала маці? Кардынал Ральф паглядзеў праз слёзы і зразумеў — болю цяпер няма. Балюча было раней, безумоўна; ведама, балюча будзе потым. Але цяпер болю няма. Усё ў хлопчыку сканцэнтравана на гэтай хвіліне, на цудзе. I ўся яго істота напоўнена богам. Сёння адзіны, непаўторны дзень у яго жыцці, і толькі адно важна — даць свяшчэннае абяцанне, усё жыццё і душу сваю прысвяціць богу. Мусіць, яму гэта пад сілу, але ці многім гэта папраўдзе ўдалося? Толькі не кардыналу Ральфу, хоць ён і дагэтуль помніць, якім свяшчэнным захапленнем напоўнены быў ён сам у час пасвячэння. Ён пылка спрабаваў аддаць усяго сябе — і, аднак, нешта ўтаіў.

He, маё пасвячэнне было не настолькі ўзвышанае, але ў гэтым хлопчыку я ўсё перажыву нанава. Ён — сапраўднае дзіва, гэта ж нешта незвычайнае: ён пражыў сярод нас столькі гадоў і, наперакор усім нашым страхам за яго, не нажыў ніводнага непрыхільніка, не тое што ворага. Ён усіх любіць, і яго ўсе любяць. Ніколі яму не прыходзіла ў голаў, што гэта — рэдкі, выключны выпадак. А калі ён трапіў да нас упершыню, ён быў не настолькі ўпэўнены ў сабе; гэта мы далі яму ўпэўненасць, і, бадай, у гэтым наша апраўданне. Многіх тут пасвяцілі ў духоўны сан, тысячы і тысячы пастыраў выйшлі з гэтых сцен, але з ім усё іначай. О Мэгі! Ну чаму ты не прыехала, чаму не ўбачыш, які дар прынесла ты госпаду — дар, якога не мог прынесці я, таму што я сам аддадзены госпаду? I, напэўна, таму толькі ён сёння не ведае болю. Таму што сёння мне дадзена сіла ўзяць яго боль сабе, збавіць яго ад пакуты. Я плачу яго слязамі, я смуткую замест яго. Так і павінна быць.

Потым Ральф павярнуўся, паглядзеў на драгедскіх, яны сядзелі побач, на ўсіх цёмныя, нязвыклага тут выгляду касцюмы. Боб, Джэк, Х’югі, Джымс, Пэтсі. Пустое крэсла — Мэгі няма, пасля Фрэнк. Адзіная жанчына з сям’і Кліры — Джасціна, полымя валасоў прытушана чорным карункавым шалікам. Поплеч з ёю Ліан. I поўна незнаёмых, але яны ўсёй душой падзяляюць сёння пачуцці тых, хто прыехаў з Драгеды. А для яго сёння ўсё асаблівае, сёння ў яго дзень незвычайны. Амаль такое адчуванне, нібы ён аддае роднага сына. Ральф усміхнуўся, уздыхнуў. Што адчувае цяпер Віторыё, пасвячаючы Дэна ў сан?

Можа, таму, што яму сёння так нясцерпна не хапала маці, на ўрачыстым прыёме, які наладзілі ў яго гонар кардынал Віторыё і Ральф, Дэн пастараўся найперш перакінуцца хоць некалькімі словамі з Джасцінай. У чорнай сутане, з беласнежнай паласой над суцэльным чорным каўняром, ён проста выдатны, падумала сястра; і, аднак, ані не падобны на свяшчэнніка. Хутчэй на акцёра ў ролі свяшчэнніка; але гэта пакуль не заглянеш яму ў вочы. А ў вачах і напраўду нейкае ўнутранае ззянне, нешта яго змяняе, і разумееш — ён не проста прыгожы, ён адзіны, другога такога няма.

— Ваша прападобнасць айцец О’Ніл, — сказала Джасціна.

— Я яшчэ да гэтага не прывык, Джас.

— Можна зразумець. У мяне ніколі ў жыцці не было такога адчування, як цяпер у саборы святога Пятра, а ўжо як гэта было для цябе — і ўявіць не магу.

— Ну, пэўна, можаш, дзесьці ў сабе. Калі б зусім не магла, ты не стала б такой выдатнай актрысай. Але ў цябе, Джас, гэта ідзе ад падсвядомасці, а ў свядомасць прарываецца толькі тады, калі табе самой трэба ўсё асэнсаваць.

Яны сядзелі ўдваіх на канапцы ў далёкім кутку, ніхто не падыходзіў і не замінаў ім.

Памаўчаўшы, Дэн сказаў:

— Я вельмі рады, што і Фрэнк прыехаў. — Фрэнк тым часам ажыўлена размаўляў з Ліанам, ніколі яшчэ пляменнік і пляменніца не бачылі яго такога. — У мяне ёсць знаёмы стары свяшчэннік, колішні бежанец з Румыніі, — гаварыў далей Дэн, — ён неяк вельмі асабліва гаворыць іншы раз пра чалавека «няшчасны», з такім спачуваннем... He ведаю чаму, але я заўсёды так гавару сабе пра нашага Фрэнка. А праўда, Джас, чаму гэта так?