Выбрать главу

А ён зусім не збіраўся яе даганяць, хоць яна, мабыць, гэтага баялася. Балелі разадраныя да крыві запясці. Ён прамакнуў іх па чарзе насоўкаю, сцепануў плячамі, схаваў насоўку з плямамі і пастаяў, прыслухаўся да болю. Трохі пачакаўшы, дастаў партсігар, закурыў і павольна пайшоў па вуліцы. Ніводзін сустрэчны не здагадаўся б па яго твары пра тое, што ён адчувае ў гэтыя хвіліны. Усё, чаго ён жадаў, да чаго імкнуўся, было ўжо ў руках — і вось страчана. Дурное дзяўчо. Калі яна, нарэшце, пасталее? Усё адчуваць, на ўсё адгукнуцца — і ад усяго адмовіцца...

Але ён быў па натуры ігрок, з тых, што ўмеюць і прайграваць, і выйграваць. Доўгіх сем гадоў ён чакаў, перад тым як на Дэнавым пасвячэнні адчуў у ёй перамену і вырашыў паспрабаваць шчасця. I, відаць, паспяшаўся. Ну, нічога. Усё яшчэ можа абярнуцца інакш — заўтра або, з норавам Джасціны, праз год, праз два. Што-што, а здавацца ён не думае. Трэба толькі быць напагатове, і нейкім разам шчасце яму ўсміхнецца.

У ім усё дрыжала ад бязгучнага смеху: бязглуздая бялявая балбатлівая саракагадовая бочка! Незразумела, чаму гэта сарвалася з языка, хіба толькі таму, што даўным-даўно гэтыя словы сказала яму колішняя жонка. У такіх, бач, заўсёды бываюць камяні ў печані. Яна і сама пакутавала ад гэтых камянёў, бедная Анэліза, аднак ёй жа было ўсе пяцьдзесят, і яна цёмнавалосая, худая і надзіва стрыманая — замкнутая, нібы яе закаркавалі наглуха, як джына ў бутэльцы. Навошта я цяпер думаю пра Анэлізу? Кампанія, якую я цярпліва вёў столькі гадоў, скончылася правалам, і я дасягнуў не большага поспеху, чым нябога Анэліза. Ну, нічога, паненка Джасціна О’Ніл! Пажывём — пабачым.

У вокнах у палацы гарыць святло; трэба пайсці пагаварыць некалькі хвілін з кардыналам Ральфам, на выгляд ён вельмі пастарэў. Пэўна, нездаровы. Мусіць, трэба было б яго пераканаць паказацца ўрачам. У Ліана зашчымела сэрца, але не з-за Джасціны — яна маладая, наперадзе яшчэ даволі часу. З-за кардынала Ральфа, на вачах у якога прыняў сан родны сын, а ён пра гэта не здагадваецца.

Было яшчэ рана, у вестыбюлі гасцініцы поўна народу. Джасціна, ужо ў туфлях, паспешна прайшла да лесвіцы, апусціўшы галаву, узбегла наверх. Некалькі хвілін дрыжачымі рукамі корпалася ў сумачцы, не знаходзячы ключа, падумала ўжо, што трэба спусціцца да парцье, зноў вытрымаць погляды ўсяго гэтага натоўпу. Але ключ аказаўся ў сумцы, яна яго ўбачыла, пэўна, толькі на дваццаты раз.

Нарэшце яна ў сябе ў нумары, вобмацкам дайшла да ложка, села на край, патроху стала збірацца з думкамі. Пераконвала сябе, што адчувае агіду, абурэнне, расчараванне, панурым нерухомым поглядам утаропілася на чатырохвугольнік слабага святла — начное неба ў акне; хацелася лаяцца, хацелася плакаць. Ніколі ўжо не будзе як раней, і ў гэтым трагедыя. Страчаны самы блізкі сябар. Здрадніцтва.

Пустыя, хлуслівыя словы, раптам яна зразумела, чаму так перапалохалася, уцякла ад Ліана, нібы ён не пацалаваў яе, а хацеў забіць. Гэта сапраўднае! Такое адчуванне, нібы нарэшце яна дома, а яна не хоча вяртацца дадому — і не хоча звязваць сябе каханнем. Дом — гэта тупік, і каханне — тупік. Болей таго, хоць прызнанне гэта даволі зневажальнае: бадай, яна і не ўмее кахаць. Калі б яна была на гэта здатная, пэўна, раз-другі асцярожнасць ёй здрадзіла б; пэўна, хоць раз-другі ў ёй заварушылася б пачуццё мацнейшае, чым паблажлівая прыхільнасць да яе не вельмі шматлікіх палюбоўнікаў... Джасціне цяпер і ў галаву не прыйшло, што невыпадкова яна выбірала палюбоўнікаў, ніколькі не небяспечных яе незалежнасці, да якой яна сама сябе прывучала і з якой моцна звыклася, і ўжо лічыла, нібы гэта ў яе ад прыроды. Упершыню ў жыцці ёй няма на што абаперціся, няма з чым параўнаць. Нішто ў мінулым не цешыць, ні разу там не ўзгарэлася моцнае, глыбокае пачуццё — ні ў ёй самой, ні ў кім-небудзь з гэтых мімалётных палюбоўнікаў. He памагаюць і ўспаміны пра Драгеду, там яна гэтаксама ад усіх адгароджвалася.

Правільна, ад Ліана абавязкова трэба было ўцячы. Сказаць «але», аддаць сябе пад яго ўладу, а пасля бачыць, як ён пераканаецца, якая яна няздольная на вялікае каханне, і адхіснецца? Нясцерпна! Ён зразумее, якая яна на самай справе, і гэта загубіць яго каханне. Нясцерпна — згадзіцца і потым быць адхіленай раз і назаўсёды. Куды лепей адхіліцца самой. Так, прынамсі, не страціш гонару, a гонару ў Джасціны ані не меней, чым у яе маці. Ніколі, ніколі Ліан не павінен даведацца, якая яна на самай справе, пад маскай дзёрзкай легкадумнасці.

Ён закахаўся ў тую Джасціну, якую бачыць; яна не давала яму падставы западозрыць, якое мора сумненняў хаваецца за легкадумнай знешнасцю. Пра гэта здагадваецца — не, ведае — толькі Дэн.

Яна нізка нахілілася, прыціснулася лобам да прахалоднага начнога століка, па твары ў яе цяклі слёзы. Вось таму яна так любіць Дэна. Ён ведае сапраўдную Джасціну і ўсё роўна яе любіць. Памагаюць і кроўныя сувязі, і ўсё іх жыццё, столькі агульных успамінаў і складанасцей, нягод і радасцей. А Ліан — чужы, ён не звязаны з ёю, як Дэн і нават як астатняя радня. Ён зусім не абавязаны яе кахаць.

Джасціна ўсхліпнула, выцерла далонню мокрыя шчокі, паціснула плячамі і ўзялася за нялёгкую задачу — трэба запхнуць тое, што адбылося, куды-небудзь у самы далёкі куток памяці — і не варушыць, не ўспамінаць. Яна гэта ўмее, усё жыццё яна ўдасканальвала гэтую тэхніку. Толькі трэба вечна быць нечым занятай, трэба, каб цябе паглыналі розныя справы і не было калі думаць пра тое, што ўсярэдзіне. Джасціна падняла руку, шчоўкнула ўключальнікам настольнай лямпы.

Відаць, нехта з дзядзькоў прынёс гэта пісьмо ў пакой, вось яно ляжыць на начным століку — блакітны авіяпаштовы канверт, уверсе марка з партрэтам каралевы Лізаветы.

«Джасціна-сэрцайка! — пісаў Клайд Далцінхем-Робертс. — Вяртайся ў лона роднага тэатра, ты нам вельмі патрэбная! Прыязджай зараз жа! У рэпертуары новага сезона ёсць адна беспрытульная роля, і, шапну табе на вушка, я вельмі падазраю, што ты не супраць будзеш яе выканаць. Як наконт Дэздэмоны, сэрцайка? З Маркам Сімпсанам у ролі твайго Атэла? Рэпетыцыі ў галоўных удзельнікаў пачынаюцца наступным тыднем — ведама, калі табе гэта цікава».

Калі ёй гэта цікава! Сыграць Дэздэмону! Дэздэмону — у Лондане! I Атэла — сам Марк Сімпсан! Такое шчасце выпадае раз у жыцці. Яна мігам адчула сябе на сёмым небе, тое, што здарылася з Ліанам, ужо не мае значэння, не, дакладней, набывае зусім другі сэнс. Можа, калі быць вельмі, вельмі асцярожнай, удасца зберагчы Ліанава каханне; выдатная, праслаўленая актрыса заўсёды занятая, у яе застаецца не вельмі многа часу на палюбоўнікаў. Трэба паспрабаваць. Калі яна заўважыць, што ён вось-вось зразумее праўду, заўсёды застаецца шлях да адступлення. Каб не страціць Ліана, тым болей — гэтага новага Ліана, яна гатовая на ўсё, толькі маску сваю нізашто не скіне.

А між іншым такую навіну не грэх адсвяткаваць. Зноў сустрэцца твар у твар з Ліанам пакуль што не хапае храбрасці, але ёсць і яшчэ людзі, якія парадуюцца яе святу. Такім чынам, яна надзела туфлі, прайшла па калідоры ў агульную гасціную дзядзькоў і, як толькі Пэтсі адчыніў ёй дзверы, раскінула рукі, усміхнулася асляпляльнаю ўсмешкай і сказала:

— Стаўце піва, я буду Дэздэмонаю!

Імгненне ўсе маўчалі, потым Боб сказаў ласкавым голасам:

— Гэта слаўна, Джасціна!

Але радасць яе не патухла, наадварот, у ёй расло нястрымнае захапленне. Джасціна са смехам уселася ў крэсла, уважліва агледзела дзядзькоў. Да чаго мілы народ! Ведама, яе навіна нічога ім не гаворыць. Яны паняцця не маюць, хто такая Дэздэмона. Калі б яна цяпер аб’явіла, што выходзіць замуж, Боб адказаў бы прыкладна тое самае.

Колькі яна сябе помніць, яны заўсёды былі пад бокам, на жаль, яна заўсёды глядзела на іх з пагардай, гэтаксама як і на ўсё ў Драгедзе. Дзядзькі — гэта нешта ў множным ліку, што не мае ніякіх адносін да Джасціны О’Ніл. Проста члены нейкага таварыства — то заязджаюць на Галоўную сядзібу, то зноў знікаюць, сарамліва ўсміхаюцца ёй, Джасціне, пры сустрэчы, але ўвільваюць ад размоў з ёю. Цяпер яна разумее — не тое каб яна ім не падабалася, проста яны адчуваюць, што яна зусім другая, і ім з ёю няёмка. А вось тут, у Рыме, які ім чужы, а ёй знаёмы і прывычны, яна пачынае лепей іх разумець.