Выбрать главу

Адчуваючы, як у ёй расце пачуццё да іх, якое, мусіць, можна назваць любоўю, Джасціна пераводзіла позірк з аднаго ўсмешлівага, маршчыністага твару на другі. Вось Боб — галоўная сіла, якая ўсіх натхняе, гаспадар Драгеды, але як неназойліва, непрыкметна іграе ён гэту ролю; вось Джэк — здаецца, ён толькі і робіць, што ходзіць за Бобам па пятах, а можа, проста яны добра ладзяць; Х’югі — у ім, у адрозненне ад двух старэйшых, ёсць нейкая свавольная жылка, і ўсё ж ён вельмі на іх падобны; Джымс і Пэтсі — дзве часткі аднаго цэлага, толькі адзін навідавоку, а другі — непрыкметны маўчун; і, урэшце, ціхі, пагаслы бедалага Фрэнк, адзіны сярод іх, каго, здаецца, мучаць страхі і няўпэўненасць. Усе яны, апрача Джымса і Пэтсі, ужо сівеюць, у Боба і ў Фрэнка валасы ўжо зусім белыя. Але ўсё роўна амаль такімі самымі яна памятае дзядзькоў з дзяцінства.

— Ну, не ведаю, ці трэба даваць табе піва, — у роздуме сказаў Боб; ён стаяў насупраць Джасціны з пляшкаю ў руцэ.

Яшчэ некалькі гадзін назад гэтыя словы яе расцвялілі б, але цяпер яна вельмі шчаслівая, каб крыўдаваць.

— Паслухай, мілы, я разумею, табе проста ў галаву не прыходзіла пачаставаць і мяне, калі вы тут пілі з Ліанам, але, далібог, я ўжо вырасла вялікая і ад піва не ап’янею. Можаш мне наліць, грэху не будзе, — дагаварыла яна з усмешкаю.

— А дзе Ліан? — папытаўся Джымс, прымаючы ад Боба поўны келіх і перадаючы пляменніцы.

— Я з ім пасварылася.

— З Ліанам?!

— Ага. Але я сама вінаватая. Пазней пайду папрашу прабачэння.

Ніхто з дзядзькоў не курыў. Хоць раней Джасціна ніколі не прасіла піва, але здаралася, пакуль усе яны гаварылі з Ліанам, сядзела і задзірліва курыла; а вось цяпер не хапае мужнасці дастаць цыгарэты, даволі і гэтай маленькай перамогі; да смерці хочацца выпіць заваяванае піва нагбом, але пад іх запытальнымі позіркамі гэта рызыкоўна. Адпівай па кропельцы, Джасціна, як і трэба рабіць добра выхаванай асобе, нават калі горла ў цябе сухое, як благая пропаведзь.

— Добры хлопец гэты Ліан, — сказаў Х’югі, вочы яго хітра бліснулі.

I раптам Джасціна з жахам зразумела, чаму яна так вырасла ў іх вачах: яна знайшла паклонніка, якога яны радыя бачыць членам сям’і.

— Ага, добры, — адазвалася яна коратка і перамяніла гаворку: — Слаўны дзень быў сёння, праўда?

Усе, нават Фрэнк, дружна заківалі галовамі, але, відаць, не хацелі разважаць на гэтую тэму. Усе яны відавочна стаміліся, аднак ёй ані не шкада, што яна паддалася парыву і заглянула да іх. Такія-сякія пачуцці траха не зніклі, трэба зноў імі авалодаць, і можна няблага папрактыкавацца на дзядзьках. Вось чаму блага, калі ты востраў: забываеш, што і за межамі тваіх берагоў нешта адбываецца.

— А што гэта — Дэздэмона? — папытаўся Фрэнк з цёмнага кутка, куды, па сваёй звычцы, забіўся.

Джасціна пусцілася ў маляўнічыя апісанні, нацешылася з іх жахаў, калі яны даведаліся, што на кожным спектаклі яе будуць душыць, і ўспомніла, як яны, пэўна, стаміліся, толькі праз паўгадзіны, калі Пэтсі пазяхнуў.

— Мне пара. — Яна паставіла пусты келіх. Другога ёй не давалі, відаць, жанчынам болей за адну порцыю піва не прынята. — Дзякуй, што слухалі маю балбатню.

Жадаючы Бобу добрай ночы, яна яго пацалавала, і ён вельмі здзівіўся і збянтэжыўся; Джэк адступіў, але быў лёгка затрыманы, а Х’югі прыняў такі знак увагі з найвялікшым задавальненнем. Джымс пачырванеў як рак, але сцерпеў цішком. Пэтсі яна не толькі пацалавала пры развітанні, але і моцна абняла, ён жа і сам крыху востраў. Фрэнк, спрабуючы пазбегнуць пацалунка, крута адвярнуўся; але калі Джасціна яго абняла, ёй адчуўся прыглушаны водгук, нібы варухнулася ў ім таемнае хваляванне, якога ў другіх не было і ў паміне. Небарака Фрэнк, ну чаму ён такі?

Калі выйшла ад іх, яна на хвілінку прыхілілася да сцяны. Ліан яе кахае. Але калі яна паспрабавала яму пазваніць, тэлефаністка сказала — абанент выехаў у Бая.

Няважна. Можа, так нават лепей — пачакаць да Лондана і ўжо там з ім сустрэцца. Папрасіць прабачэння па пошце, пакаянным лістом, і запрасіць павячэраць, калі ён наступным разам трапіць у Англію. Яшчэ вельмі многа незразумелага ў Ліане, але адно можна сказаць пэўна: ён прыйдзе, бо зусім незлапамятны. А яшчэ як стаў вялікім спецыялістам па замежных справах, дык у Англію прыязджае пастаянна.

— Пажывём — пабачым, мілы, — сказала яна, гледзячы ў люстэрка, у якім замест свайго бачыла Ліанаў твар. — He буду я Джасціна О’Ніл, калі я не зраблю Англію важнейшаю за ўсе твае замежныя справы.

Ёй няўцям было, што Ліан якраз і паставіў сабе мэту змяніць ёй прозвішча. У яе склаліся свае звычкі, свой лад жыцця, у якім не было месца замужжу. Яна не здагадвалася, што Ліан хоча зрабіць з яе Джасціну Хартгейм. Толькі бясконца ўспамінала той яго пацалунак і марыла зноў зведаць такое.

Трэба будзе яшчэ сказаць Дэну, што яна не зможа паехаць з ім у Грэцыю, але гэта не мае значэння. Дэн зразумее, ён заўсёды ўсё разумее. Вось толькі ці назаве яна яму ўсе прычыны, якія перашкаджаюць ёй паехаць. Ён абавязкова прачытае ёй самую суровую пропаведзь, а яна, пры ўсёй сваёй любові да брата, проста не можа нічога такога выслухваць. ён хоча, каб яна выйшла за Ліана замуж, і, калі сказаць, што ў яе другія планы, павязе яе ў Грэцыю, хоць і сілком. Чаго Дэн не пачуе, праз тое і засмучацца не будзе.

«Мілы Лівень, — гаварылася ў запісцы, — даруйце, што я тым вечарам уцякла, як ашалелая, сама не ведаю, што на мяне найшло. Пэўна, знервавалася, ужо вельмі цяжкі выдаўся дзень. Калі ласка, прабачце, я сябе паказала сапраўднаю доўбняю. Мне сорамна, што я падняла такі вэрхал з-за дробязі. Падазраю, што і вы ў той дзень былі ўзрушаны, адсюль прызнанне ў каханні і іншае. Дык вось, вы мне даруйце, і я вам таксама дарую. Калі ласка, астанёмся сябрамі. Нават думаць не магу, каб нам з вамі пасварыцца. Калі будзеце ў Лондане, прыходзьце да мяне вячэраць, і мы заключым самы сапраўдны мірны дагавор».

Подпіс, як заўсёды, просты: «Джасціна». Ніякіх ласкавых слоў — яны ў яе не ў звычцы. Насупіўшы бровы, Ліан учытваўся ў няхітрыя абыякавыя радкі, нібы спрабаваў скрозь іх разгледзець, што ў яе было наўме, калі яна іх пісала. Безумоўна, гэта — прапанова дружбы, але ці толькі? А што яшчэ? Ён уздыхнуў і міжволі сабе прызнаўся — больш, пэўна, амаль нічога. Ён страшэнна яе напалохаў; яна хоча захаваць яго сяброўства, значыць, ён нямала ёй значыць, але вельмі, вельмі няпэўна, каб яна папраўдзе разумела, што ў яе да яго за пачуццё. Цяпер яна ўжо ведае: ён яе кахае; калі б яна разабралася, зразумела, што і сама яго кахае, яна б так проста і напісала. Аднак чаму ж яна не паехала з Дэнам у Грэцыю, а вярнулася ў Лондан? He трэба было б ашуквацца надзеяй, што гэта з-за яго... але, наперакор сумненням, надзея станавілася ўсё больш радаснай, настрой настолькі прыўзняўся, што Ліан выклікаў сакратарку. Дзесяць гадзін раніцы па Грынвічу, у гэты час, пэўна, можна застаць Джасціну дома.

— Злучыце мяне з лонданскаю кватэрай міс О’Ніл, — распарадзіўся ён і некалькі секунд чакаў, бровы сышліся над пераноссем у адну выразную лінію.

— Лівень! — У Джасцініным голасе адкрытая радасць. — Атрымалі мой ліст?

— Вось толькі.

Крыху памаўчала, папыталася:

— I вы хутка прыедзеце павячэраць са мною?

— Я буду ў Англіі ў гэтую пятніцу і ў суботу. Даю вам вельмі кароткі тэрмін?

— He, калі вас задавальняе суботні вечар. Пятніца адпадае, я рэпецірую Дэздэмону.

— Дэздэмону?

— Ага, вы ж нічога не ведаеце! Клайд напісаў мне ў Рым і прапанаваў сыграць. У ролі Атэла Марк Сімпсан, ставіць сам Клайд. Слаўна, праўда? Я першым жа самалётам вярнулася ў Лондан.

Ён прыкрыў вочы рукою, — добра, што сакратарка ў сябе, у прыёмнай перад яго кабінетам, і не бачыць яго твару.

— Джасціна, herzchen, гэта проста цудоўная навіна. — Ён пастараўся, каб голас яго прагучаў з захапленнем. — А я дзівіўся, што такое прывяло вас зноў у Лондан.

— Ну, Дэн усё зразумеў, — бесклапотна сказала Джасціна, — я думаю, ён нават рады пабыць адзін. Ён выдумаў нейкую байку, нібы я яму патрэбная, таму што стану даймаць яго і прымушу з’ездзіць дадому, але, па-мойму, проста ён баіцца, раптам я падумаю, што цяпер, калі ён стаў свяшчэннікам, навошта я яму.

— Вельмі можа быць, — ветліва згадзіўся Ліан.