Выбрать главу

Эўзон, грэчаская мяжа, потым Фесалонікі. Італьянскія газеты даўно ўжо крычалі, што ў Грэцыі выспявае пераварот; Дэн стаяў каля акна сваёй спальні ў гасцініцы, глядзеў, як у змроку фесаланікійскай ночы неспакойна мітусяцца ўзад і ўперад тысячы запаленых факелаў, і быў рады, што Джасціна з ім не паехала.

— Па-пан-дрэу! Па-пан-дрэу! Па-пан-дрэу! — далёка за поўнач роў натоўп у святле факелаў.

Але перавароты адбываюцца ў гарадах, у асяроддзі народных мас і галечы, а пасечаныя шрамамі землі Фесалійскай раўніны, мусіць, і цяпер такія самыя, якімі бачылі іх легіёны Цэзара, ідучы па спаленым іржэўніку да Фарсалы, насустрач Пампеевым войскам. Пастухі спяць у цяні шатроў з казіных шкураў, на дахах старэнькіх-старэнькіх белых домікаў стаяць на адной назе буслы, і ўсё навокал засохла, задыхаецца ад страшэннай смагі. У высокім небе — ні воблачка, на пабурэлых пад спякотным сонцам прасторах ні дрэўца, усё так нагадвае Аўстралію. I Дэн удыхаў усё гэта на поўныя грудзі, і ўжо ўсміхаўся ад думкі, што паедзе дадому. Ён пагаворыць з мамаю, і яна яго зразумее.

Над Ларысаю ён убачыў зверху мора, спыніў машыну і выйшаў. Мора распасціралася да выгнутага дугою гарызонту, празрыстым прыемным аквамарынам было афарбаванае каля берагоў, а далей яно было цёмнае, нібы віно, як у Гамера, з ліловымі плямамі колеру вінаградных гронак. Далёка ўнізе, на яркай травяной зелені, асляпляльна бялеў у сонечных промнях маленькі круглы храм з калонамі, а на горным схіле ззаду ў Дэна, выстаяўшы стагоддзі, была відаць хмурная крэпасць часоў крыжакоў. Ты прыгожая, Грэцыя, як я ні люблю Італію, ты яшчэ прыгажэйшая. I ты на векі вечныя — калыска ўсяго.

Яму не цярпелася трапіць у Афіны, і ён на поўнай хуткасці пагнаў сваю чырвоную спартыўную машыну па крутых звілістых дарогах Дамакос і, пераадолеўшы перавал, пачаў спускацца ў Беотыю; яго ашаламіла адкрытая ва ўсёй непаўторнай красе шырыня аліўкавых гаёў, рыжых горных схілаў, велічных вяршынь. Але як ні спяшаўся Дэн, ён спыніўся перад помнікам Леаніду і яго спартанцам, якія загінулі пры Фермапілах; дзіўна, нешта ў гэтым помніку напамінала Галівуд. «Незнаёмец, — было напісана на камені, — ідзі і паведамі жыхарам Спарты, што тут мы палеглі, іх паслухаўшыся загаду». Словы гэтыя зачапілі нейкую таемную струну ў Дэнавай душы, здалося — ён ужо чуў іх у нейкай другой сувязі; яго праймалі дрыжыкі, і ён заспяшаўся далей.

Спёка слабела, і Дэн спыніўся ненадоўга над Каменай Воўрай, паплаваў у празрыстай вадзе вузкага праліва, за якім віднелася Эўбея; пэўна, тут і прайшла тысяча караблёў, якія плылі з Алісы да Троі. Бурлівая моцная плынь імкнулася да мора; відаць, Гамеравым героям не даводзілася многа працаваць вёсламі. У пляжнай раздзявальні Дэна збянтэжыла вельмі старая жанчына ў чорным, яна з захапленнем забуркавала і ўсё хацела пагладзіць яго па плячы; ён не ведаў, як хутчэй ад яе ўцячы. Цяпер людзі ўжо не казалі яму ў вочы, які ён прыгожы, і амаль заўсёды ўдавалася пра гэта забываць. Ён наспех купіў у крамцы два вялізныя пірожныя з заварным крэмам, паехаў далей уздоўж атычнага берага і ўрэшце, на захадзе сонца ўехаў у Афіны; сонца залаціла велізарную скалу, увянчаную неацэннаю каланадай.

Але ў Афінах паветра насычана было злым узбуджэннем, і зневажальныя былі адкрытыя жаночыя захапленні, рымлянкі ўсё ж далікатнейшыя, стрыманейшыя. На вуліцах узбударажаныя натоўпы, там і сям успыхваюць сутычкі, нямала людзей, настроеных варожа і рашуча — яны за Папандрэу. He, Афіны на сябе не падобныя, лепей адсюль выбрацца. Дэн паставіў сваю машыну ў платны гараж і на пароме выправіўся на Крыт.

I тут, сярод гор, сярод аліўкавых гаёў і духмянага чабору, ён урэшце знайшоў жаданы спакой. Доўга тросся ён у аўтобусе, дзе кудахталі звязаныя за ногі куры і ў нос біў часночны пах, потым знайшоў маленькую выбеленую вапнай гасцініцу з паўкруглай каланадаю і трыма столікамі на брукаваным каменнымі плітамі двары перад ёю, пад вялікімі парусінавымі парасонамі; гірляндамі, нібы святочныя ліхтары, усюды паразвешаныя былі яркія ўзорныя сумкі. На глебе, вельмі сухой і беднай для еўрапейскага дрэва, растуць перцавыя дрэвы і аўстралійскія эўкаліпты, завезеныя сюды з далёкай паўднёвай зямлі. Модна стракочуць цыкады. Уздымаюцца і кружацца хмары рудога пылу.

Начамі Дэн спаў у маленькім, нібы манаская келля, пакоіку з насцеж расчыненымі аканіцамі; на золку, калі нішто не парушала цішыні, адзінока служыў імшу; увесь дзень хадзіў. Ніхто не замінаў яму, і ён нікому не замінаў; Але вяскоўцы доўга праводзілі яго здзіўленымі позіркамі, і на тварах, зрэзаных маршчынамі, з’яўляліся ўсмешкі. Было горача, і вельмі ціха, і вельмі сонна. Бязмежны спакой. Так праходзіў дзень за днём, нібы ружанцы слізгалі ў цёмных задубелых пальцах крыцкага селяніна.

Дэн ціха маліўся, малітва была прадаўжэннем таго пачуцця, якое яго перапаўняла, думкі — як ружанцы і дні — як ружанцы. Божа, праўда, я твой. Дзякуй табе за ўсё, што ты мне падараваў. За велікадушнага кардынала, за яго падтрымку, за яго шчодрую дружбу і нязменную любоў. За Рым, за шчасце наблізіцца да самога сэрца твайго, упасці перад табою ніц ва ўпадабаным тваім храме, адчуць сябе часцінкаю царквы тваёй. Ты даў мне болей, чым я заслугоўваю, што ж зраблю я дзеля цябе, чым перадам усю меру маёй падзякі? Я вельмі мала пакутаваў. З таго часу, як я стаў служыць табе, усё маё жыццё — няспынная і бязвоблачная радасць. Я прагну зведаць пакуты, ты, які столькі пакутаваў, гэта зразумееш. Толькі праз пакуты я змагу ўзвысіцца над сабою, лепей спасцігнуць цябе. Гэта і ёсць зямное жыццё — толькі пераход да таго, каб спасцігнуць таямніцу тваю. Пратні грудзі мае сваім кап'ём, засадзі яго так глыбока, каб мне ўжо не пад сілу было вырваць вастрыё! Дай мне пакутаваць... Я ад усіх адцураўся дзеля цябе, нават ад маці, і ад сястры, і ад кардынала. Ты адзіны пакута мая і радасць мая. Пераўтвары мяне ў пыл, і стану славіць тваё ўлюбёнае імя. Знішчы мяне, і ўсцешуся. Я люблю цябе, божа, толькі цябе...

Дэн падышоў да маленькай бухты, дзе так слаўна было плаваць, залацісты паўмесяц пясчанага берага замыкалі па краях дзве скалы; ён пастаяў крыху, гледзячы ўдалечыню, паверх Міжземнага мора, — там за цёмнай лініяй гарызонту, пэўна, Лівія. Лёгкімі скачкамі ён спусціўся па прыступках на пясок, скінуў тэнісныя туфлі, узяў іх у рукі і пайшоў босы па мяккім падатлівым пяску да таго месца, дзе заўсёды пакідаў абутак, сарочку і шорты. Непадалёк ляжалі на сонцы чырвоныя, нібы вараныя ракі, два маладыя англічане, гаварылі пра нешта, па-оксфардску расцягваючы словы; яшчэ далей дзве жанчыны ляніва перагаворваліся па-нямецку. Дэн зірнуў на жанчын, сарамліва падцягнуў купальныя трусікі, міжволі заўважыў, што яны адразу замоўклі, селі, папраўляючы валасы, і ўсміхнуліся яму.

— Як вада? — папытаўся ён у англічан, хоць у думках называў іх, як усе аўстралійцы, зняважліва — «помі». Гэтыя двое, пэўна, трывала асталяваліся на Крыце, на пляж прыходзяць кожны дзень.

— Выдатная, стары. Толькі асцерагайцеся плыні, для нас яна вельмі моцная. Напэўна, недзе штарміць.

— Дзякуй.

Дэн усміхнуўся, пабег насустрач бяскрыўднай гуллівай рабізне і, не падымаючы пырскаў, як і павінен рабіць выдатны плывец, апусціўся ў неглыбокую ваду.

Дзіва, які падманны бывае спакой вады. Плынь аказалася каварнай, ён адчуў, яго нібы хапае за ногі, цягне ўглыбіню; але яго, першакласнага плыўца, гэта не трывожыла. Нізка апусціўшы галаву, ён плыў у вадзе, цешыўся прахалодаю, цешыўся свабодаю. Потым азірнуўся на бераг — абедзве немкі, нацягваючы гумавыя шапачкі, са смехам беглі да вады.

Дэн прыклаў рукі рупарам да рота і закрычаў ім па-нямецку, каб заставаліся на мелкаводдзі, плынь вельмі моцная. Яны са смехам памахалі ў адказ. Ён зноў апусціў галаву і паплыў, і тут яму здаўся крык. Але ён праплыў яшчэ крыху, потым памарудзіў — глыбінная плынь тут была слабейшая — і ён паплыў стоячы. Ага, не здалося, ззаду гукаюць — ён павярнуўся, абедзве жанчыны з адчаем трапечуцца, твары перакрыўленыя ад крыку, адна ўскінула рукі і знікае ў вадзе. На беразе англічане падняліся і неахвотна ідуць да вады.

Дэн імгненна перавярнуўся на жывот, імклівымі ўзмахамі паплыў да жанчын, якія танулі, бліжэй, бліжэй. Спалоханыя рукі выцягнуліся да яго, учапіліся, пацягнулі на дно; ён злаўчыўся, ухапіў адну жанчыну за талію і паспеў лёгка стукнуць па падбародку, каб яна, ашаломленая, перастала мітусіцца, другую тузануў за шлейку ў купальніку, выцяў каленам па спіне, так што ў яе перахапіла дыханне. Кашляючы і задыхаючыся — пакуль яго амаль не ўтапілі, ён наглытаўся вады, — ён перавярнуўся на спіну і, нібы на буксіры, павалок свой бездапаможны груз да берага.