Выбрать главу

Англічане стаялі да плячэй у вадзе, да таго напалоханыя, што не адважваліся плысці далей, і Дэн зусім іх за гэта не дакараў. Пальцамі ног ён даткнуўся да дна і ўздыхнуў з палёгкаю. Знямогшыся, нечалавечым намаганнем выштурхнуў абедзвюх жанчын на бяспечнае месца. Яны хутка апрытомнелі і зноў залямантавалі, мітусліва запляскалі рукамі па вадзе. Чуць дыхаючы, Дэн усё ж такі сумеў усміхнуцца. Ён сваю справу зрабіў, няўмекі помі могуць паклапаціцца пра астатняе. А пакуль ён, цяжка дыхаючы, адпачываў, яго зноў падхапіла плынь і аднесла ад берага, ногі ўжо не даставалі да дна, нават калі Дэн увесь выпрастаўся, спрабуючы яго дастаць. Але, жыццё абедзвюх жанчын было на валаску. Калі б не было яго тут, яны б напэўна ўтапіліся: у англічан не хапала ці то сіл, ці то ўмення, яны б іх не выратавалі. А гэтыя жанчыны ўздумалі плысці толькі для таго, каб быць бліжэй да цябе, падказала нешта; пакуль яны цябе не бачылі, яны зусім не збіраліся лезці ў ваду. Гэта твая віна, што яны апынуліся ў небяспецы, твая віна.

Ён гушкаўся на хвалі, аддаючыся плыні, і раптам неймаверны боль працяў грудзі, востры, пякучы, нясцерпны, нібы гарачае кап’ё пракалола іх. Дэн ускрыкнуў, ускінуў рукі над галавою, напяў усе мышцы, але боль стаў мацнейшы, прымусіў апусціць рукі, потым цела звяла сутарга — кулакі падняліся пад пахі, сагнуліся калені. Сэрца! У мяне нешта з сэрцам, я паміраю! Сэрца! Я не хачу паміраць! Няўжо памерці так рана, мая праца нават яшчэ не пачатая, я не паспеў сябе праверыць! Божа, памажы мне! Я не хачу паміраць, не хачу паміраць!

Сутарга адпусціла; Дэн перавярнуўся на спіну, рукі яго свабодна ляжалі на вадзе, абмяклыя, нягледзячы на боль. Скрозь мокрыя вейкі ён глядзеў угору, у недасягальны купал нябёсаў. Вось яно, тваё кап’ё, пра якое я цябе маліў у сваёй гордасці ўсяго толькі за гадзіну таму назад. Дай мне пакуты, сказаў я, прымусь мяне пакутаваць. I вось прыходзіць пакута, а я ёй праціўлюся, не здольны на сапраўдную любоў. Гэта твой боль, о божа, я павінен прыняць яго, я не павінен яму працівіцца, не павінен працівіцца волі тваёй. Магутная рука твая, і гэты боль — твой, вось што ты, пэўна, перажыў на крыжы. Божа мой, божа, я — твой. Калі на тое воля твая, хай будзе так. Як дзіцянё, у рукі твае аддаюся. Ты вельмі добры да мяне. Што я зрабіў, чым заслужыў столькі міласці ад цябе і ад людзей, якія любяць мяне, як нікога другога? Чаму ты дараваў мне так многа, калі я не варты гэтага? Балюча, балюча! Ты такі добры да мяне, божа. Хай маё жыццё будзе кароткае, прасіў я, і яно было кароткае. I пакуты мае будуць кароткія, яны хутка скончацца. Хутка я ўбачу твар твой, але яшчэ ў гэтым жыцці дзякуй табе. Балюча! Божа, ты вельмі добры да мяне. Я люблю цябе, божа!

Страшэнныя дрыжыкі прабеглі па целе, якое нерухома заціхла ў чаканні. Вусны ў Дэна зварухнуліся, прашапталі імя божае, намагаліся ўсміхнуцца. Потым зрэнкі расшырыліся, назаўсёды выгнаўшы сінь гэтых вачэй. Двое англічан выбраліся ўрэшце на бераг, паклалі на пясок жанчын, якія плакалі, і стаялі, шукаючы вачамі Дэна. Але спакойная густая сінь бяскрайніх водаў была пустынная; гулліва набягала на бераг невялічкая хваля і зноў адступала. Дэн знік.

Нехта ўспомніў, што недалёка ёсць амерыканскі ваенны аэрадром, і пабег прасіць дапамогі. Меней як за паўгадзіны пасля знікнення Дэна адтуль падняўся верталёт і, шалёна круцячы прапелерам, пачаў калясіць усё большымі кругамі далей і далей ад берага, шукаў. Ніхто не думаў што-небудзь убачыць. Тапельцы звычайна патанаюць на дно і не ўсплываюць па некалькі дзён. Мінула гадзіна; а потым за пятнаццаць міляў ад берага з паветра заўважылі Дэна, ён спакойна пагойдваўся на грудзях у марской бездані, рукі раскінутыя, твар павернуты да неба. У першую хвіліну падумалі, што ён жывы, весела закрычалі, але калі машына спусцілася так нізка, што вада пад ёй закіпела з шыпеннем пенаю, стала зразумела — ён нежывы. З верталёта па радыё перадалі каардынаты, туды памчаўся катэр і праз тры гадзіны вярнуўся.

Вестка разнеслася па наваколлі. Крыцяне любілі глядзець на яго, калі ён праходзіў паблізу, любілі сарамліва перакінуцца з ім некалькімі словамі. Любілі яго, хоць і не ведалі. I вось яны сходзяцца на бераг, жанчыны ўсе ў чорным, нібы птушкі з натапыраным пер’ем, мужчыны па-даўнейшаму ў мехаватых штанах, каўнер белай сарочкі расхрыстаны, рукавы падкасаныя. Стаяць кучкамі, маўчаць, чакаюць.

Прычаліў катэр, мажны сяржант саскочыў на пясок, павярнуўся і прыняў на рукі загорнутае ў коўдру нерухомае цела. Адышоў на некалькі крокаў ад вады і ўдвух з памочнікам паклаў сваю ношу на пясок. Краі ў коўдры адхінуліся; моцны шэпт пракаціўся па натоўпе крыцян. Яны цясніліся бліжэй, прыціскалі да абветраных вуснаў нацельныя крыжыкі, кабеты ціха, без слоў, галасілі, гэта быў працяжны ўздых, стогн, амаль напеў — тужлівая зямная песня цярплівага жаночага смутку.

Каля пяці; сонца перад захадам, напалову схавалася за пахмурнай скалою, але ў святле яго яшчэ відаць цёмная кучка людзей на беразе і нерухомае цела, што выцягнулася на пяску — залацістая скура, самкнутыя павекі, доўгія вейкі зліпліся стрэламі ад засохлай солі, на пасінелых вуснах слабая ўсмешка. З’явіліся насілкі, і ўсе разам крыцкія сяляне і амерыканскія салдаты панеслі Дэна адсюль.

Афіны бурлілі, натоўп, які бунтаваў, парушыў усякі парадак, але палкоўнік амерыканскай авіяцыі, трымаючы ў руках Дэнаў аўстралійскі пашпарт у сіняй вокладцы, па радыё ўсё ж звязаўся са сваім начальствам. Як усе падобныя дакументы, пашпарт нічога не гаварыў пра Дэна. У графе «прафесія» значылася проста «студэнт», а ў канцы сярод найбліжэйшых сваякоў запісаная была Джасціна і яе лонданскі адрас. Палкоўніка мала турбавала ступень сваяцтва з пункту погляду закона, але Лондан куды бліжэй да Рыма, чым Драгеда. Ніхто не адчыніў пакінутага ў маленькім нумары ў гасцініцы квадратнага чорнага чамаданчыка, дзе ляжалі сутана і ўсё астатняе, што сведчыла пра Дэнава духоўнае званне; разам з другім чамаданам і гэты чакаў распараджэння — куды трэба накіраваць нябожчыкавы рэчы.

Калі ў дзевяць раніцы зазваніў тэлефон, Джасціна заварочалася ў пасцелі, з цяжкасцю праплюшчыла адно вока і ляжала, лаючы пракляты апарат — далібог, яна яго адключыць! Хай усе думаюць, што гэта так і трэба — брацца за справы з самага ранку, але чаму яны думаюць, што і яна ўстае чуць свет?

Але тэлефон усё званіў і званіў. Можа, звоніць Лівень? Гэта думка абудзіла яе, і Джасціна ўстала, няцвёрда трымаючыся на нагах, паплялася ў гасцёўню. Германскі парламент сабраўся на нечарговую сесію, яны з Ліанам не бачыліся ўжо цэлы тыдзень, і мала надзеі ўбачыць яго раней, чым яшчэ праз тыдзень. Але, можа, крызіс там мінуў, і ён звоніць, каб сказаць ёй, што прыязджае.

— Алё?

— Міс Джасціна О’Ніл?

— Ага, я слухаю.

— Вас непакояць з аўстралійскага консульства ў Алдуічэ.

Гаварыў відавочна англічанін, ён назваўся, але спрасонку яна не разабрала імя, трэба было яшчэ прывыкнуць да таго, што звоніць не Ліан.

— Слухаю вас. — Яна пазяхнула, стоячы на адной назе, пачухала яе падэшваю другой.

— Ёсць у вас брат, нейкі містэр Дэн О’Ніл?

Вочы ў Джасціны шырока раскрыліся.

— Ага, ёсць.

— Ён цяпер у Грэцыі, міс О’Ніл?

Джасціна выпрасталася, цяпер яна стаяла абедзвюма нагамі на дыване.

— Ага, праўда. — Ёй не прыйшло ў галаву папраўляць таго, хто гаварыў, тлумачыць, што Дэн не містэр, а яго прападобнасць.

— Міс О’Ніл, я вельмі шкадую, што мне выпаў цяжкі абавязак паведаміць вам благую вестку.

— Благую вестку? Благую вестку? Што такое? Што здарылася?

— З глыбокім жалем вымушаны паведаміць вам, што ваш брат, містэр Дэн О’Ніл, утапіўся ўчора на Крыце, як я зразумеў, загінуў як герой, ратуючы жанчын, якія танулі. Аднак, самі разумееце, у Грэцыі цяпер дзяржаўны пераварот і нашы весткі няпоўныя і, можа, не вельмі дакладныя.